“Народныя гулянні”: Тры акцыі замест адной


Арганізатары “народных гулянняў” залікаюць людзей тры разы выйсці на галоўныя пляцоўкі Менску.

3 ліпеня мусіць стаць асноўным днём “народных гулянняў”. Аднак арганізатары загадзя не паведамляюць дакладных месцаў сустрэчаў. Са словаў аднаго з ініцыятараў, Вячаслава Дзіянава, пляцоўкі абвесцяць за гадзіну да сустрэчы, каб улады не мела магчымасці падрыхтавацца загадзя. Пакуль вядома, што аб 11:30 ля стэлы “Менск – горад-герой” збіраюцца людзі, каб запляскаць выступленне прэзідэнта. “Усе, хто супраць таго, што адбываецца ў нашай краіне, падыходзяць максімальна блізка да трыбуны (да месца, дзе дазволена знаходзіцца гледачам. І ў той момант, калі Лукашэнка пачынае прамову, тыя, хто змог праціснуцца туды, пачынаюць актыўна пляскаць у ладкі. Менавіта ў той момант, калі ён пачне гаварыць. Працягваць апладысменты, пакуль ён не скончыць, – гэтак ён не зможа нармальна выступіць”, – лічыць спадар Дзіянаў.

Наступныя сустрэчы прыкладна а 19-й і а 23-й гадзіне. “Пра час і месца сустрэчы мы паведамім праз сацыяльныя сеткі ды СМІ”, – кажа каардынатар суполкі Даніла Барысевіч. Арганізатары заклікаюць прыходзіць на плошчу без сімволікі ды лозунгаў, выказваць свой пратэст толькі праз апладысменты. У суполцы “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” з’явіліся праціўнікі такой ідэі. “Ізноў маўчаць? Я быў настроены 3 ліпеня выходзіць ўжо са сцягамі!” – кажа Аляксандр Карсон. Але іншыя ўдзельнікі абмеркавання ўпэўненыя, што пратэставыя настроі ў Беларусі яшчэ не дайшлі да той ступені, каб большасць не баялася выйсці са сцягамі ды лозунгамі. “Калі выйдзе ўсяго некалькі чалавек, іх проста схопяць, а пасля ў судзе пакараюць за тое, што яны выкарыстоўвалі незарэгістраваную сімволіку”, – сцвярджае Вячаслаў Дзіянаў.

Пакуль невядомая далейшая стратэгія маўклівых рэвалюцыяў. На меркаванне моладзевага актывіста Франака Вячоркі, “народныя гулянні” – добры падмурак для таго, каб людзі перасталі баяцца выходзіць на вуліцы і выказваць свой пратэст. “Эканамічнай сітуацыя рэзка пагоршыцца ўвосень. Тады на плошчу выйдзе не толькі моладзь, але і працаўнікі заводаў. Таму падтрымка і салідарнасць будуць дарэчныя”, – лічыць ён.

Пакуль жа людзі па ўсёй краіне збіраюцца выйсці на пратэст заўтра. Міліцыя ўжо пачала працу ва ўзмоцненым рэжыме. У цэнтры сталіцы на кожным скрыжаванні дзяжурыць міліцыянт. Напярэдадні намеснік старшыні ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Яўсееў заявіў, што пляскаць у ладкі 3 ліпеня можна будзе толькі ветэранам. “Мы ўмеем адрозніць удзельнікаў несанкцыянаваных акцыяў ад звычайных мінакоў. Таму правапарушальнікаў будуць арыштоўваць адразу”, – папярэдзіў ён.

Арганізатары акцыі, у сваю чаргу, просяць грамадзянаў паводзіцца карэктна. І на выпадак, калі ўлады адключаць доступ да сацыяльных сетак ды інтэрнэту, прапаноўваюць сабрацца на гулянні на прывакзальнай плошчы ў Менску, а для людзей з рэгіёнаў – на галоўнай плошчы свайго гораду.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары