Сябра Менскай гарадской камісіі: ініцыятыўнай групе Лукашэнкі трэба вынесці папярэджанне


На гэтым настойвае юрыстка Галіна Сямдзянава.

Сябра Менскай гарадской выбарчай камісіі юрыстка Галіна Сямдзянава ўдзельнічала ў разглядзе скаргі на парушэнні, якія чальцы ініцыятыўнай групы дзейнага прэзідэнта Г. Атаманаў і А. Хмыль дапусцілі падчас збору подпісаў. Скаргу падалі Мікіта Красноў і Вячаслаў Дзіянаў. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле Мікіты Краснова, яны зафіксавалі 6 парушэнняў цягам 2 гадзінаў. “На падставе гэтых фактаў мы знялі відэа, на якім бачна, што подпісы збіраюцца не сябрамі ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, і даслалі гэтыя звесткі ў Цэнтральную выбарчую камісію”.

Менская гарадская выбарчая камісія правярала гэтыя факты і парушэнняў нібыта не знайшла. Галіна Сямдзянава далучыла да рашэння камісіі сваё асабістае меркаванне.

У прыватнасці, у ім гаворыцца: “Паважаючы заслугі дэпутата – старшыні камісіі Менгарсавету, – чальца прэзідыуму гр. Атаманава Г. П. і ганаровага “мянчаніна года”, лаўрэата дзяржаўнай прэміі за падручнікі гр. Хмыля А. А., я, тым не менш, канстатую, што яны перабольшылі свае паўнамоцтвы і парушылі ч. 8 і 10 артыкулу 61 Выбарчага кодэксу. І лічу, што ініцыятыўнай групе А. Лукашэнкі, асобы, якая мае намер вылучыцца кандыдатам на прэзідэнта, неабходна вынесці папярэджанне, дзеля чаго перадаць усе матэрыялы па скарзе ў ЦВК для прыняцця захадаў”.

Дарэчы, Мікіта Красноў гэтаю вясною меў намер балатавацца на мясцовых выбарах у Менскі гарсавет. Аднак кандыдатам у дэпутаты яго не зарэгістравалі, абвінаваціўшы ў тым, што падпісныя лісты запаўняліся не сябрамі ініцыятыўнай групы.

“Мы вырашылі праверыць, ці маюць падобныя парушэнні на гэтых выбарах ініцыятыўныя групы кандыдатаў на прэзідэнта”, – патлумачыў ён. – Мяне найбольш уразіла, што сябры ініцыятыўнай групы Лукашэнкі не разумеюць увогуле, чаму яны не могуць прыцягваць сваіх студэнтаў, падначаленых для збору подпісаў, чаму яны мусяць самі запісваць пашпартныя звесткі. Складаецца ўражанне, што сябры ініцыятыўнай групы ўвогуле не разумеюць, навошта ім выдаюць пасведчанне і што яго трэба выкарыстоўваць падчас збору подпісаў”.

Галіна Сямдзянава збіраецца асабіста звярнуцца ў ЦВК. “Вывучыўшы тыя метадычныя рэкамендацыі, якія дала Цэнтральная выбарчая камісія, лічу, што Цэнтральная выбарчая камісія перабольшыла свае правы і дазволіла сабе трактаваць закон і даваць большыя магчымасці сябрам ініцыятыўных групаў, чым гэта прадугледжваецца законам. Трактуючы так адну частку артыкулу 61, выбарчая камісія тым самым зводзіць на нуль іншую частку гэтага ж 61-га артыкулу. Бо калі дазваляецца падпісныя лісты запаўняць усім, хто хоча, гэта не дае магчымасці праверыць, ці збіраў падпісныя лісты менавіта сябра ініцыятыўнай групы, які там занатаваны ды паставіў свой подпіс. Гэта гаворыць пра тое, што гэта выгадна ў нас толькі адной асобе”, – сказала яна.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары