Аксана Пачобут – судовай выканаўцы: Вы спазніліся, тут быў КДБ


Cудовая выканаўца хацела трапіць у кватэру, каб, «паглядзець, што там у вас можна апісаць з маёмасці ў лік пагашэння фінансавых прэтэнзіяў». Аксана Пачобут паведаміла той, што яны спазніліся – усё апісала КДБ на карысць галоўнага пацярпелага па крымінальнай справе.

У Андрэя Пачобута зноўку хацелі апісаць маёмасць. Як распавяла «Белсату» жонка журналіста Аксана Пачобут, Андрэя вінавацяць у тым, што ён не заплаціў падаткаў за мінулы год, а таксама не аплаціў 15 дзён утрымання ў СІЗА на вул. Акрэсціна ў Менску за ўдзел у акцыі 19 снежня. Усяго журналіст вінны дзяржаве 6 млн руб.

«Падаткі Андрэй плаціць у Польшчы, гэтым разам ён не паспеў прывезці адпаведную даведку, бо яго пасадзілі», – тлумачыць Аксана Пачобут. Жанчына гаворыць, што параіла судовай выканаўцы не турбаваць яе больш пытаннем, калі ўсё будзе аплачана, а пра ўсе прэтэнзіі пісаць непасрэдна Андрэю Пачобуту па адрасе г. Горадня, вул. Кірава, 1, Турма-1, СІЗА.

«Яны цудоўна ведаюць, дзе знаходзіцца Андрэй, і калі ім тэрмінова трэба вырашыць пытанне з аплатаю штрафаў, няхай дзейнічаюць праз адваката мужа», – зазначае Аксана Пачобут. Жанчына мяркуе, што на сям’ю ціснуць мэтанакіравана, каб прымусіць Андрэя лішні раз нервавацца.

Судовая выканаўца імкнулася трапіць у кватэру, каб, паводле яе, «паглядзець, што там у вас можна апісаць з маёмасці ў лік пагашэння фінансавых прэтэнзіяў». Аднак Аксана Пачобут паведаміла той, што яны спазніліся – усё ўжо апісала КДБ на карысць галоўнага пацярпелага па крымінальнай справе.

Журналіста польскага выдання «Gazetа Wyborczа» Андрэя Пачобута абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 367 («Паклёп у дачыненні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») і арт. 368 («Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»). Максімальнае пакаранне паводле першага артыкулу – чатыры гады пазбаўлення волі, паводле другога – два гады. Суд над журналістам пачаўся 14 чэрвеня. Працяг судовага паседжання – 23 чэрвеня а 10:00.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары