Алег Лукашэвіч: праблема «Лістападу» – ціск з боку чыноўнікаў


Цэнзура забівае кінафорум, лічыць сталы каментатар кінафестывалю ў Канах Алег Лукашэвіч.

«Размеркаванне грошай і цэнзура ідзе ад чыноўнікаў Міністэрства культуры. Але выкарыстоўваць такі адміністрацыйны рэсурс – проста забойства для кінафоруму: безліч ідэяў застаюцца па-за ўвагаю, мноства стужак нават не хочуць разглядаць на перадконкурсным адборы. Урэшце, сама арганізацыя фестывалю… Летась славуты польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі гадзіну праседзеў у аэрапорце, бо арганізатары забыліся яго сустрэць. Здаецца, такое магло адбыцца толькі ў Менску», – кажа Алег Лукашэвіч.

Тым часам сёлета гледачам упершыню не дазволілі вызначыць пераможцу кінафестывалю «Лістапад». Арганізатары лічаць, што гэта наблізіць яго да міжнароднага ўзроўню.

З гэтага года ацэньваць працы ўдзельнікаў будзе выключна прафесійнае журы. Хоць папярэдні ўдзел у гэтым працэсе менавіта гледачоў лічыўся «разынкаю» кінафоруму.

«Лічым, што глядацкая адзнака не можа быць аб’ектыўнаю, бо не ўсе гледачы прысутнічаюць на ўсіх паказах, дый густы ва ўсіх розныя. Мы пайшлі на такія змены, каб наблізіцца да міжнароднага ўзору правядзення такіх імпрэзаў. І калі мы хочам найбліжэйшым часам трапіць у прэстыжную Асацыяцыю еўрапейскага прадзюсарскага кіно, трэба змяняць фармат», – патлумачыў праграмны дырэктар «Лістапада» Ігар Сукманаў.

Айчынны кінематограф на «Лістападзе» традыцыйна рэпрэзентоўваюць выключна працы «Беларусьфільму». Сёлета гэта новая стужка Андрэя Кудзіненкі «Масакра». Арганізатары палічылі гэту карціну знакавай для айчыннага кінематографу.

belsat.eu

Стужка навінаў