МВФ прапаноўвае поўную лібералізацыю рубля


Міжнародны Валютны Фонд прапанаваў уладам Беларусі лібералізаваць валютны рынак краіны і адпусціць курс беларускага рубля.

Сёння ні ўрад, ні Нацбанк не маюць уяўлення, што можна назваць рынкавых абменным курсам беларускага рубля, адзначыў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс: «Валютны рынак не працуе. Мала хто гатовы прадаваць замежную валюту па афіцыйным курсе. Мы рэкамендуем перайсці на рэжым плаваючага абменнага курсу. Такім чынам, абменны курс будзе ўсталёўвацца пад уздзеяннем рынкавых сілаў».

Незалежны эканаміст Міхаіл Залескі адзначае, што прадстаўнік МВФ агучыў рэцэпт, прапісаны ува ўсіх падручніках эканомікі. І дадае, што для беларускага афіцыйнага боку ён абсалютна непрымальны. «У нас урад – гэта звычайныя функцыянеры: што Лукашэнка скажа, тое яны і робяць. А прэзідэнт прызвычаіўся даваць – і забіраць ён не будзе, бо гэта ж удар па ягоным іміджы. Дарэчы, акрамя іміджу ў нас нічога больш не засталося», – гаворыць Міхаіл Залескі.

На меркаванне эканаміста, рынкавыя рэформы ў краіне трэба пачынаць з адстаўкі ўраду. Можна задаваць шмат пытанняў наконт таго, чаму краіна 20 гадоў займалася рэстаўрацыяй СССР, а не канцэнтравала высілкі на развіцці сваіх эканамічных перавагаў, зазначае Міхаіл Залескі. «Але цяпер краіне патрэбныя людзі, якія ведаюць новыя адказы на ўсе гэтыя пытанні, ва ўрадзе такіх людзей не засталося», – упэўнены ён.

belsat.eu

Стужка навінаў