Эксперт: Кватэры на другасным рынку патаннеюць на 30 %


Аперацыі куплі-продажу нерухомасці на другасным рынку замарудзіліся.

Людзі чакаюць, пакуль сітуацыя з валютаю зробіцца больш зразумелай і стабільнай. Пакуль кватэры збольшага набываюць толькі тыя, хто адначасова прадае жытло. Па сутнасці адбываецца абмен з невялікімі даплатамі. «Перад дэвальвацыяй людзі пачалі масава ўкладаць беларускія грошы ў будаўніцтва ў дамах, дзе дамова долевага будаўніцтва прадугледжвала фіксаваны кошт квадратнага метра менавіта ў рублях. І прапаноўвалася пагашэнне выплатаў коштам ільготных крэдытаў. Гэта таксама паўплывала на змяншэнне ўгодаў куплі-продажу жытла», – адзначае камерцыйны дырэктар агенцтва нерухомасці ЗАТ «Універсальныя юрыдычныя паслугі» Арцём Вайніловіч.

Сярэдні кошт квадратнага метра ў сталіцы складае 1 400 долараў. На гэтым узроўні ён трымаўся з 2009 г., калі цэны ўпалі пасля сусветнага крызісу. Але найбольш ахвотна кватэры купляюць па цане 1200–1250 долараў за метр. Гэтак, самыя танныя аднапакаёўкі ў Менску каштуюць цяпер 38–42 тыс. долараў.

Эксперты тлумачаць, што існуе алгарытм выстаўлення коштаў на кватэры. «Звычайна квадратны метр утрая даражэйшы за сярэдні заробак у краіне, – кажа агент нерухомасці агенцтва «Центростиль» Сяргей Логінаў. – Калі заробкі ў нас былі 500 долараў, тады і кошт квадратнага метра жытла ў Менску, напрыклад, па лініі долевага будаўніцтва дасягаў 1500, а часам 1700 і 1800 долараў. Значыць, у хуткім часе квадратны метр жытла па ўсіх аб’ектах камерцыйнага будаўніцтва будзе каштаваць не больш як 1000 долараў. То бок патаннее на 30 %». Нагадаем, што пасля пераацэнкі долара сярэдні заробак у Беларусі складае 385 долараў паводле афіцыйнага курсу Нацбанку.

Сяргей Логінаў прагназуе, што тэндэнцыя зніжэння кошту будаўніцтва жытла ў валюце пачне працаваць ужо гэтым летам. Варта зазначыць, што цяпер кліенты пры будоўлі або звычайнай куплі нерухомасці мусяць разлічваць або на свае ўласныя сродкі, або на крэдыты пад высокі адсотак – да 22 % гадавых.

Што да льготных крэдытаў, то ў наступным годзе крэдытаваць на такіх умовах будуць толькі шматдзетныя сем’і ды тых жыхароў, хто адстаяў увесь тэрмін у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў. У Менску, напрыклад, такая чарга складае 23 гады.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары