Леанід Заіка: Сацыяльна значныя тавары могуць знікнуць з крамаў


З крамаў пачалі знікаць кефір і ёгурты айчынай вытворчасці.

Малаказаводы вымушаныя скарачаць вытворчасць, каб не працаваць сабе на страту. Напрыклад, як папярэдзіла прадпрыемства гандлю кампанія “Савушкін прадукт”, часова прыпыняецца выраб асобных марак кефіру, пастэрызаванага і ультрапастэрызаванага малака, ражанкі, смятаны, ёгурту пітнога і тварагу “ў сувязі з нерэнтабельнасцю іх вытворчасці”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” эканаміст Леанід Заіка прычыну бачыць у памылках ураду ў валютнай палітыцы: “Праз тое, што ўсталявалі няслушны курс беларускага рубля, на мяжы банкруцтва можа апынуцца ад 15 да 20 % беларускіх прадпрыемстваў”.

Эканаміст гаворыць, што бліжэйшым часам таксама спыніцца вытворчасць асобных групаў тавараў. Сацыяльна ж значныя, кошт на якія рэгулюе дзяржава, і ўвогуле могуць знікнуць з паліцаў крамаў. “Калі ж пачнуць індэксаваць заробкі ды пенсіі, становішча і ўвогуле можа стаць катастрафічным, бо на руках апынецца вялікая колькасць ні чым не падмацаванай грашовай масы”, – зазначае Леанід Заіка.

belsat.eu

Стужка навінаў