Рэстаўратары Косаўскага палацу спазняюцца


Сканчаецца першая чарга рэстаўрацыйных працаў у Косаўскім палацы. Рэстаўратары спазняюцца на некалькі месяцаў.

Паводле кіраўніка праекта Уладзіміра Казакова, за тры гады быў адноўлены дах. “Зараз сканчвюцца працы па аднаўленні фасаду. Пасля адмыслоўцы пачнуць археалагічнае даследванне заходняй брамы, усходнюю мы ўжо даследвалі. З цягам часу яны былі практычна разбураныя, таму важна дакладна вызначыць, якімі былі габарыты і выявіць характэрныя архітэктурныя рысы”, -адзначыў спадар Казакоў.

Аднак эксперты лічаць, што рэстаўратары працуюць марудна. “За два гады зробленыя збольшага аздабленчыя працы. Звонку палац выглядае прыстойна, але варта да яго наблізіцца, як бачныя недапрацоўкі, – кажа старшыня МГА “Гісторыка” Зміцер Рагачоў. – Па плане рэстаўраты павінны былі пачаць пракладку ўнутраных інжынерных канструкцыяў, цяпер унутры палац нагадвае сметнік. Летам у ім жывуць валацугі. З-за таго, што тэрыторыя ахоўваецца дрэнна, сцены замаляваныя графіці і нецэнзурнымі словамі. Гэта пры тым, што Косаўскі палац з’яўляецца першачарговым помнікам архітэктуры ў Беларусі”.

Эксперт дадае, што праца ідзе марудна з-за непрафесійнасці працаўнікоў. Сапраўды грошы з мясцовага і дзяржаўнага бюджэтаў на рэстаўрацыю ішлі паступова. Канчаткова палац павінен быць адрэстаўраваны да 2016 г., але пры такім тэмпе працы наўрад ці атрымаецца паспець у час. Наперадзе самае складанае – пракладка ўнутраных і знешніх інжынерных канструкцыяў, камунікацыяў і ўнутраны рамонт.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары