Акцыя “Стоп бензін” паралізавала праспект Незалежнасці


Абураныя аўтамабілісты, байкеры і раварысты накіраваліся ў бок плошчы Незалежнасці. У Менску 7 чэрвеня прайшла акцыя пратэсту супраць падвышэння коштаў на паліва.

“Увесь праспект ад плошчы Перамогі да плошчы Незалежнасці стаіць. Колькі аўтааматараў далучылася да акцыі, я нават і сказаць не магу – вельмі, вельмі шмат”, – распавёў “Белсату” намеснік дырэктара кампаніі “За аўта” Фёдар Сухаў.

Паводле Сухава, народ настолькі абураны падвышэннем коштаў, што запланаваная акцыя пераўтварылася ў стыхійны пратэст: “Першапачаткова планавалі, што зробім невялікі затор на ўчастку ад плошчы Перамогі да цырку, а пасля раз’едземся. Але народ настроены рашуча і рухаецца да плошчы Незалежнасці”.

Фёдар Сухаў гаворыць, што менчукі рэагуюць на акцыю вельмі пазітыўна – шмат “гледачоў” на ходніках вітаюць кіроўцаў і скандуюць “Стоп бензін!”. Да аўтакіроўцаў далучыліся байкеры і некалькі дзясяткаў раварыстаў. “Для людзей нашая акцыя – як глыток свежага паветру: хоць такім чынам прадэманстраваць сваё стаўленне да эканамічнага бязладдзя ў краіне”.

Інфармацыі аб тым, ці затрымалі міліцыянты кагосьці з кіроўцаў, у Сухава пакуль няма: “Але і затрымліваць, па вялікім рахунку, нас няма за што. Правілаў мы не парушаем, хіба што сігналім, але можа, хоць такім чынам улада пачуе нас і спыніць сваю дзікунскую палітыку збяднення народу”.

Глядзі таксама
Каментары