Распачаліся праблемы з палівам


На бензастанцыях не хапае дызельнага паліва і бензіну А-92.

“У Менску сітуацыя пакуль стабільная, а з рэгіёнаў нам шмат хто паведамляе, што на бензастанцыях немагчыма набыць паліва”, – распавёў “Белсату” намеснік дырэктара кампаніі “За аўта” Фёдар Сухаў. Ён адзначыў, што дэфіцыт назіраецца пакуль толькі на прыватных АЗС.

Фёдар Сухаў гаворыць, што недахоп паліва ў рэгіёнах паўплываў і на сталічных аўтааматараў. На дзяржаўных АЗС “Беларуснафта” 3 чэрвеня сабраліся чэргі на 30–40 аўтамабіляў.

На мінулым тыдні на некалькі дзён прыпыняла продаж 92-га бензіну сетка прыватных бензастанцыяў “А-100”. Сёння кампанія “Газпрамнафта-Белнафтапрадукт” заявіла, што рэалізоўваць паліва за гатоўку пакуль не будзе: “Дзеля безумоўнага выканання дамоўных абавязкаў з суб’ектамі гаспадарання Беларусі ды з увагі на часовы недахоп нафтапрадуктаў, да асобнага распараджэння, з 2 чэрвеня продаж бензіну А-92 і дызельнага паліва ажыццяўляць толькі за безнаяўны разлік”.

Эканамічная аглядальніца газеты “Белорусы и рынок” Таццяна Манёнак мяркуе, што дэфіцыт паліва звязаны з ажыятажным попытам на яго ўнутры краіны і павелічэннем аб’ёму продажу на памежных тэрыторыях. “Нават пасля падвышэння коштаў аб’ём продажу на бензастанцыях, што месцяцца на памежных тэрыторыях з Расеяй, Польшчаю, Літвою і Украінаю, павялічыўся ў паўтара-два разы”, – гаворыць эксперт.

Тое, што замежнікі цяпер могуць набываць беларускае паліва толькі за валюту, крыху прыпыніла памежны бізнес, мяркуе эксперт. Аднак спадарыня Манёнак не выключае, што дзеля наступнага рэгулявання рынку паліва кошты на яго неўзабаве зноў павысяць.

belsat.eu

Стужка навінаў