Барак Оўбама дырэктарцы "Белсату": Мы ганарымся вашаю працаю


Прэзідэнт Злучаных Штатаў выказаў падтрыманне тэлеканалу “Белсат”. “Мы ганарымся вашаю працаю”, – сказаў Барак Оўбама, вітаючыся з дырэктаркаю тэлеканалу “Белсат” Агнешкаю Рамашэўскай-Гузы.

З кіраўніцаю “Белсату” прэзідэнта Злучаных Штатаў пазнаёміў прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі падчас спаткання ў прэзідэнцкім палацы з кіраўнікамі былой антыкамуністычнай апазіцыі ды польскімі палітыкамі.

“Я папрасіла прэзідэнта Оўбаму памятаць, што цяпер у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў рэжыму, – гаворыць Агнешка Рамашэўская-Гузы. Спадзяюся, што падтрыманне, выказанае Баракам Оўбамам, з часам станецца рэальнаю супрацаю”.

«Белсат» – першы незалежны тэлеканал Беларусі, пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 г., у Сусветны дзень правоў чалавека. Праект рыхтаваўся Польскім тэлебачаннем пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы з чэрвеня 2006 г. Канал быў створаны як структурная адзінка Польскага тэлебачання. Місія нашага тэлеканалу – даць доступ да незалежнай інфармацыі, дакладных звестак пра гісторыю Беларусі, а таксама поўнае інфармаванне пра міжнароднае атачэнне Беларусі.

Відэа са спаткання дырэктаркі “Белсату” можна паглядзець у сюжэце “Аб’ектыву”. Пачатак ад 1 хв. 47 сек.

Стужка навінаў