Астаповіч: Рэканструкцыя Каложы навукова не абгрунтаваная


Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнуўся ў Гарадзенскі гарвыканкам з просьбаю правесці грамадскае абмеркаванне рэстаўрацыі царквы XII стагоддзя.

У лісце на імя старшыні гарвыканкаму гаворыцца, што прапанаваны праект рэстаўрацыі пад кіраўніцтвам Генадзя Лаўрэцкага, на меркаванне спецыялістаў, шмат у чым гіпатэтычны ды не мае навуковага абгрунтавання. Гэта пярэчыць прынцыпам Міжнароднай хартыі захавання і рэстаўрацыі помнікаў і гістарычных месцаў. Усё гэта можа негатыўна адлюстравацца на гістарычным будынку, выклікаць негатыўную рэакцыю UNESCO (Каложская царква ўваходзіць у Сусветны спіс культурнай і прыроднай спадчыны).

“Драўляныя канструкцыі, якія з’явіліся пры кансервацыі царквы, з’яўляюцца цудоўным творам рэстаўрацыйнай думкі пачатку ХХ стагоддзя. Іх трэба захаваць як дэкаратыўнае апрацоўванне царквы разам з каменным і маёлікавым дэкорам на фасадах, фрагментам арнаментальнага дэкору падлогі, фрагментамі жывапісу ў інтэр’еры. Прапанаваны ж праект разбурыць аўтэнтычнасць царквы”, – лічыць Антон Астаповіч.

Аднак гарадзенскія чыноўнікі катэгарычна заяўляюць: перагляду плану рэканструкцыі не будзе. “Архітэктурны праект шмат разоў разглядала навукова-метадычная рада – працавалі найбуйнейшыя спецыялісты ў нашай краіне. Адмысловыя нарады склікалі ў кожным спрэчным пытанні. У выніку архітэктурны праект зацверджаны канчаткова, яго добраславіў Уладыка Філарэт”, – адзначыў галоўны архітэктар інстытуту “Горадняграмадзянпраект” Аляксандр Тараненка.

belsat.eu

Стужка навінаў