Беларускія міліцыянты затрымалі ўкраінскіх для “абмену досведам”


У Менску не далі правесці круглы стол “Пытанні рэформы сістэмы МУС: досвед суседзяў і выклікі для Беларусі”.

Сустрэча мела адбыцца ў менскім офісе Партыі БНФ на праспекце Машэрава, 8. Туды ўварваліся міліцыянты. Затрымалі сямёх чалавек: прадстаўніцу Польскага Хельсінкскага фонду Вольгу Саламатаву (грамадзянку Расеі), траіх грамадзянаў Украіны (палкоўнікаў міліцыі Алега Мартыненку, Алу Благую, былога памочніка прэзідэнта Украіны ў пытаннях правоў чалавека Вадзіма Піваварава) і траіх грамадзянаў Беларусі (старшыню Беларускага Хельсінкскага камітэту Алега Гулака, прадстаўніцу камітэту дапамогі рэпрэсаваным “Салідарнасць” Людмілу Ісакаву, а таксама былога міністра працы Беларусі, незалежнага сацыёлага Аляксандра Саснова.

Грамадзянаў Беларусі неўзабаве адпусцілі.

Як паведаміў Алег Гулак, пры затрыманні міліцыянты заявілі, што, нібыта, было тэлефанаванне пра тое, што на праспекце Машэрава, 8 адбываецца бойка. Праваабаронцу затрымалі для высвятлення асобы, хоць ягоны пашпарт знаходзіўся ў аўтамабілі побач, яму не дазволілі прынесці дакумент.

Паводле старшыні БХК, міліцыянты “не назвалі сябе, не дазвалялі тэлефанаваць, не тлумачылі, чым матываванае затрыманне”. “Мне сказалі, што я затрыманы, бо “падобны да правапарушальніка”, – распавёў Гулак. Нягледзячы на шматлікія просьбы, пратаколу міліцыянты не склалі.

У праваабаронцы склалася ўражанне, што праваахоўнікі выдатна ведалі пра планаваную сустрэчу. “У нашых украінскіх калегаў некаторыя міліцыянты ў Савецкім РУУС нават цікавіліся, якая ў іх практыка ў падобных выпадках, і што яны маглі б парэкамендаваць у рэформе МУС, – заўважыў Алег Гулак. – Хоць лепей бы яны прыйшлі на круглы стол самі”, – дадаў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў