“Кудрына – у адстаўку, Беларусі – братэрскую дапамогу!”


Расейкі Рух развіцця і праўладныя беларускія арганізацыі выступілі з рэзкімі заявамі на адрас ураду РФ.

У заяве, распрацаванай Рухам развіцця і падтрыманай арганізацыямі БРСМ і “Белая Русь”, рэзка асуджаюцца паводзіны міністра фінансаў Аляксея Кудрына і замаруджванне выдачы крэдыту Беларусі.

“Для выпраўлення эканамічнай сітуацыі Беларусі патрэбна ўсяго толькі 8 млрд долараў. Гэта прыкладна паўтарамесячны аб’ём нафтадолараў, якія запампоўваюцца ў нашыя золатавалютныя рэзервы. І шкадаваць для братэрскай саюзнай дзяржавы гэтыя грошы – недальнабачна з геапалітычнага гледзішча і нізка з чалавечага”, – гаворыцца ў заяве.

Паводле старшыні Руху Юрыя Крупнова, міністр фінансаў Расеі, а таксама чыноўнікі ды медыі, якія падтрымліваюць ягоныя рашэнні, “імкнуцца разбурыць агульную беларуска-расейскую гісторыю”. “Учора зрабілі далёкай Лівію, сёння братэрскую Беларусь – заўтра здамо саміх сябе”, – заяўляе актывіст.

Яго падтрымлівае кіраўнік беларускай групы развіцця ГА “Белая Русь” Юрый Царык. Ён лічыць, што насельніцтва Беларусі ды Расеі мусіць аб’яднацца ў гэты няпросты час. “Трэба накіроўваць лісты ва ўрад Расеі – прэзідэнту, прэм’ер-міністру, іншым чыноўнікам – з абавязковымі патрабаваннямі адправіць Кудрына ў адстаўку і аказаць тэрміновую дапамогу Беларусі. Гэтую інфармацыю мы будзем распаўсюджваць усімі магчымымі спосабамі. Рассылка па блогах і сацыяльных сетках пачалася”, – адзначыў ён.

Патрабаваць адстаўкі беларускіх чыноўнікаў праўладныя актывісты не збіраюцца. У прыватнасці, спадар Царык адзначыў, што “ён не бачыць аніякага сэнсу ў тым, каб прасіць адстаўкі Мясніковіча”.

На меркаванне эканамісткі Ірыны Урбан, заявы актывістаў могуць адно нарабіць шуму ў грамадстве, аднак эканамічная сітуацыя ад гэтага не выправіцца. “У Кудрына вельмі цвярозыя і прадуманыя патрабаванні да Беларусі. Расея стамілася выдаваць грошы “пад абяцанні Лукашэнкі”, яны хочуць рэальны эфект ад сваіх укладанняў. Беларускія чыноўнікі ж цяпер паводзяць сябе незразумела: з аднаго боку, крэдыт ім патрэбны, з іншага – умовы не падабаюцца. Тут варта вызначыць стратэгію, да чаго трэба імкнуцца. І абапіраючыся на яе, выбудоўваць стасункі. Цяпер атрымліваецца, што грошы нашыя чыноўнікі чакаюць, але паралельна працягваюць паліваць брудам Расею, пагражаць расейскім бізнесоўцам, чыноўнікам і СМІ. Супраца на такіх умовах не будуецца”, – лічыць экспертка.

belsat.eu

Стужка навінаў