Аб’яднаны пераходны кабінет абвясціў 2023-ці Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння


Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык падсумавала вынікі 2022-га года, павіншавала беларусаў з Новым годам і абвясціла яго Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння. 

Аліна Коўшык.
Фота: Аліна Коўшык / Facebook

«Гэта быў адзін з самых складаных гадоў. Год пачатку вайны. Год няспынных рэпрэсій. Год усеагульнай дэпрэсіі і, падаецца, безвыходнасці. Але, з іншага боку, год цвёрдай упэўненасці, што мы працягваем барацьбу», – заявіла Аліна Коўшык.

«Год партызанскага змагання і няскоранасці. Год яднання беларусаў і ўсеагульнай дапамогі. Год, які ясна паказаў, дзе чорнае, а дзе белае. Год, які пераканаў, што за нашу краіну мы будзем змагацца. Год каштоўнасці беларушчыны і год палітычнага разумення неабходнасці нацыянальнага адраджэння. Год, калі мы ясна ўсвядомілі, што культура – гэта нашая зброя ў барацьбе за будучыню», – дадала яна.

Таксама Аліна Коўшык пералічыла, што прадстаўнікі Аб’яднанага кабінету зрабілі ў 2022 годзе, каб беларуская культура стала такой зброяй:

  • абмеркавалі пытанне падтрымкі беларускай культуры і адукацыі ва ўсіх нашых міжнародных паездках і афіцыйных сустрэчах, дамагліся прызнання беларускіх дыпломаў у Польшчы, нягледзячы на тое, што беларускі рэжым у аднабаковым парадку разарваў пагадненне аб прызнанні дыпломаў;
  • сумесна з дарадцам па пытаннях адукацыі і навукі Офісу Святланы Ціханоўскай Таццянай Шчытцовай стварылі працоўныя групы па рэфармаванні адукацыйнай сістэмы і абмене вопытам са спецыялістамі розных еўрапейскіх краін;
  • падтрымалі беларускія кнігавыдавецкія ініцыятывы ў справе стварэння сеткі цэнтраў рэалізацыі беларускіх кніг за мяжой, паспрыялі агульнаму пашырэнню даступнасці беларускай кнігі ў электронным і папяровым выглядзе;
  • прынялі гістарычныя для беларусаў заявы па асуджэнні камунізму і прызнанні Галадамору генацыдам украінскага народу;
  • стварылі Камісію па ўзнагародах, разам з Геральдычнай камісіяй падрыхтавалі новую лінейку беларускіх узнагародаў для асобаў, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі;
  • наладзілі супрацоўніцтва са стваральнікамі мабільнай прылады «Новая Беларусь» і пачалі інтэграваць у яе свае напрацоўкі.

«Мы разам з вамі ствараем нашу гісторыю. Аб’яднаны пераходны кабінет абвяшчае 2023-ці год Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння. Будзем разам з вамі пашыраць беларускую прастору вакол нас. Кожнага з нас. З Новым 2023-м, сябры!», – напісала яна.

Нагадаем, што раней Аляксандр Лукашэнка дамовіўся з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным правесці наступны год у Беларусі як «год расейскай мовы».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў