Гучалі вершы ахвяраў сталінскіх і сучасных рэпрэсіяў. Ноч паэтаў адбылася ў 21 краіне свету


Акцыя памяці беларускіх інтэлектуалаў, забітых у ноч на 30 кастрычніка 1937 года, сёлета праходзіла ў 21 краіне свету на розных кантынентах. Менавіта столькі пунктаў адзначана на сайце nochpaetau.com. Большасць імпрэзаў правялі офлайн, у некаторых краінах (напрыклад, у Эстоніі, Канадзе) ладзіліся онлайн-лекцыі, чытанні вершаў. Паглядзелі, дзе і як беларусы ўшаноўвалі памяць ахвяраў рэпрэсіяў.

Грузія

У Батумі ўдзельнікі памятнай акцыі сабраліся ўвечары 29 кастрычніка каля Дому пісьменніка. Там у скверы расклалі партрэты беларускіх літаратараў, забітых у 1937 годзе, паставілі перад імі знічы.

«Ноч расстраляных паэтаў» у Батумі, Грузія. 29 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Разам з беларусамі ў імпрэзе бралі ўдзел грузінскія паэты, якія чыталі вершы лідараў грузінскага адраджэння. Адзін з мясцовых творцаў у пачатку свайго выступу адзначыў, што не ведаў пра трагедыю ў Беларусі, а калі даведаўся пра Чорную ноч, не мог не адгукнуцца на запрашэнне ўзяць удзел у акцыі памяці.

Пасля выступаў грузінаў гучалі вершы расстраляных паэтаў – Міхася Чарота, Майсея Кульбака, Уладзіміра Дубоўкі. Пра Дубоўку вядоўца імпрэзы распавяла, што ён некалі жыў у Грузіі. У 1947 годзе пасля сканчэння свайго другога турэмнага тэрміну апынуўся ў горадзе Зугдыды. У 1949-м паэта арыштавалі трэці раз і засудзілі на 25 гадоў турмы. Першыя гады пакарання Дубоўка адбываў у Тбілісі.

Удзельнікі акцыі чыталі вершы сучасных беларускіх паэтаў, якія цяпер за кратамі за свае погляды: Максіма Знака, Андрэя Аляксандрава, Максіма Вінярскага, Дзяніса Івашына ды іншых.

Завяршылася імпрэза выкананнем украінскага гімну і «Пагоні».

«Ноч расстраляных паэтаў» у Тбілісі, Грузія. 29 кастрычніка 2022 года.
Фота: Анастасія Заўялава / budzma.org

У Тбілісі акцыя памяці прайшла 29 кастрычніка ў Доме пісьменнікаў Грузіі. Вечар вяла рэжысёрка Наталля Бібікава. Вершы расстраляных паэтаў чыталі актор Аляксандр Ждановіч (Маляваныч), рэжысёры Андрэй Бібікаў, музыкі Андрусь Такінданг, Рыгор Лайкаў ды іншыя. Удзельнікі праслухалі онлайн-лекцыю Ганны Севярынец «Непаслухмяныя дзеці Кастрычніка».

Літва

У Вільні ў імпрэзе памяці пра ахвяраў сталінскага рэжыму ўзялі ўдзел вядомыя беларускія дзеячы: музыкі Аляксандр Памідораў і Юрый Несцярэнка, паэтка Сабіна Брыло, журналіст Алег Груздзіловіч, які надоечы выйшаў на волю і з’ехаў у Літву, таксама чыталі вершы Андрэй Бастунец, Франак Вячорка. Ад літоўскага боку выступіла кіраўніца Звязу літоўскіх пісьменнікаў Біруце Ёнушкайце, кіраўнік «Freedom House» у Літве Віціс Юрконіс. Праходзіла акцыя каля Музею акупацыі і барацьбы за свабоду.

Імпрэза памяці «Ноч (не) расстраляных паэтаў» адбылася ў цэнтры Вільні ля Музею акупацыі і барацьбы за свабоду. Вільня, Літва. 29 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Польшча

Беларусы Варшавы сабраліся каля помніку Загінулым і забітым у Сібіры: запалілі знічы, чыталі вершы творцаў, замардаваных сталінскім рэжымам.

Насычаная праграма з нагоды Ночы расстраляных паэтаў была ў Кракаве. 29 кастрычніка адбылася сустрэча, прысвечаная памяці забітых сталінскім рэжымам беларускіх інтэлектуалаў. Госцем вечара стаў заснавальнік і рэдактар часопісу «Таўбін», паэт Артур Камароўскі.

«Ноч расстраляных паэтаў» у Кракаве, Польшча. 29 кастрычніка 2022 года.
Фота: Кракаў для жыцця! Чат акцый! / Telegram

А 20:00 29 кастрычніка ў цэнтры гораду адбылося Шэсце памяці расстраляных паэтаў. Удзельнікі прайшлі ад помніку Адаму Міцкевічу да парку Плянты. Пасля ў клубе «Chicago Live Music» быў адкрыты мікрафон для чытання вершаў расстраляных паэтаў. Выступілі гурт «Znak Stop» і Жэня Вялько.

Беларусы Куяўска-Паморскага ваяводства зладзілі акцыю памяці 29 кастрычніка ў Быдгашчы на пляцоўцы Музею Быдгашчскага каналу. Удзельнікі чыталі вершы расстраляных паэтаў, зладзілі перформанс.

«Ноч расстраляных паэтаў» у Быдгашчы, Польшча. 29 кастрычніка 2022 года.
Фота: Беларусы Быдгашчы і Торуня / Telegram

Латвія

У Рызе акцыя прайшла каля Мемарыялу ахвярам рэпрэсіяў. На імпрэзе гучалі вершы забітых у Чорную ноч паэтаў на беларускай, расейскай, украінскай, латышскай мовах. Акрамя мясцовай беларускай дыяспары, узялі ўдзел дырэктар Музею акупацыі Латвіі, святар УГКЦ, латышскія паэты, прадстаўнікі Латвійскага таварыства беларускай культуры «Світанак». На падтрыманне беларусаў і на знак ушанавання загінулых гучаў прэм’ерны трэк ад латышскага хору «Frachori» – «Saule, Pērkons, Daugava» – у перакладзе на беларускую мову.

Эстонія

На памятную акцыю 29 кастрычніка сабраліся беларусы Талліну. Падчас імпрэзы вершы беларускіх пісьменнікаў чыталі мясцовыя беларусы, а таксама акторы эстонскага тэатру.

«Ноч расстраляных паэтаў» у Талліне, Эстонія. 29 кастрычніка 2022 года.
Фота: Diana Olesyuk / rus.delfi.ee

ЗША

У Мінэсоце 30 кастрычніка мясцовая беларуская дыяспара сумясціла дзве падзеі – Ноч расстраляных паэтаў і Дзяды. Зарганізаваў імпрэзу музыка Сяржук Доўгушаў, ён жа і выступаў. Таксама гучалі вершы расстраляных паэтаў. Была прыгатаваная адмысловая абрадавая вячэра на Дзяды з 12 страваў.

Беларусы Каліфорніі ў горадзе Маўнтын-Вію ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 28 кастрычніка. Імпрэза складалася з дзвюх частак. Падчас першай каля інсталяцыі «Курапацкі крыж» зачытвалі імёны і вершы закатаваных паэтаў, біў звон. У другой частцы ўдзельнікі глядзелі відэаспектакль «Дзяды» незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы».

Выступ Сержука Доўгушава на «Ночы расстраляных паэтаў» у Мінесоце, ЗША. 30 кастрычніка 2022 года.
Фота: Siarhei Douhusha / Facebook

Штогод у апошнія дні кастрычніка беларусы згадваюць падзеі 1937 года, якія ўвайшлі ў гісторыю як Чорная ноч, ці Ноч расстраляных паэтаў. Тады, у ноч на 30 кастрычніка, у сутарэннях турмы НКВД у Менску былі забітыя больш за 100 беларускіх культурніцкіх дзеячаў, з іх больш за 20 літаратараў. У Беларусі акцыю памяці традыцыйна ладзілі ў Курапатах – месцы масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. З 2020 года, калі акцыі ў Беларусі сталі рызыкоўнымі, Ноч паэтаў праходзіць па ўсім свеце, дзе ёсць беларусы. Быў створаны сайт, на якім можна пачытаць пра рэпрэсаваных літаратараў, а таксама паглядзець на мапе, якія памятныя захады праходзяць у свеце.

Рэпартаж
«Ноч, Менск, гукі стрэлаў…» У Варшаве прэзентавалі другое выданне кнігі «(Не)расстраляныя»
2022.10.31 11:16

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў