У скрыні пад помнікам Касцюшку ў Амерыцы выявілі каштоўныя знаходкі


Капсула часу, закладзеная пад помнікам Касцюшку ў Вайсковай акадэміі ЗША (Ўэст-Пойнт), усё ж утрымлівала ў сабе цікавыя знаходкі. Хоць першапачатковы агляд быў менш паспяховы.

У траўні 2023 года падчас рамонту пастаменту пад помнікам Тадэвушу Касцюшку на тэрыторыі амерыканскай акадэміі Ўэст-Пойнт знайшлі загадкавую свінцовую скрынку, датаваную прыблізна 1820-і гадамі.

Знаходку доўгі час вывучалі археолагі, выкарыстоўваўся нават спецыяльны рэнтгенаскапічны апарат, але ўсе намаганні высветліць, што ў сярэдзіне, былі марныя.

28 жніўня капсулу пастанавілі адкрыць падчас урачыстай цырымоніі, для гэтага ў зале сабраліся курсанты акадэміі, а трансляцыя вялася ў наўпрост на YouTube. Але, на здзіўленне прысутных, у капсуле нічога не знайшлі.

Аднак далейшае вывучэнне паказала, што ўнутры яе ўсё ж былі артэфакты, як паведамлялася, убудаваныя ў «матрыцу скрынкі».

Сярод знаходак былі медаль і пяць манетаў наміналам ад аднаго цэнта да аднаго долара перыяду з 1795 да 1828 года.

Манета, знойдзеная ў скрынцы пад помнікам Тадэвушу Касцюшку ў акадэміі Ўэст-Пойнт.
Фота: ВВС

Знойдзены медаль – узнагарода ў гонар завяршэння будаўніцтва каналу Іры (Erie) ў 1825 годзе, што злучаў раку Гудзон у штаце Нью-Ёрк з Вялікімі азёрамі.

Вывучэнне знаходкі працягнецца.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў