Ноўтбук ад дзяржавы на 1 верасня або крэдыт на алоўкі ды сшыткі? Дапамога школьнікам у розных краінах


У Польшчы кожнае дзіця на пачатку новага навучальнага года можа атрымаць грошы на набыццё патрэбных у школу рэчаў. У Грузіі дзяржава дорыць першакласнікам ноўтбук. У Беларусі банкі прапануюць узяць на падрыхтоўку да школы спажывецкія крэдыты. Паглядзелі, якую дапамогу на школьнікаў выплачваюць у краінах, куды з’язджалі беларусы пасля 2020 года, і ці могуць гэтыя выплаты атрымаць замежнікі. Параўналі з тым, як падтрымка вучняў выглядае ў Беларусі.

Польшча

Дзяржаўная праграма «Добры старт» – гэта 300 злотых ($73) адзінаразовай дапамогі для ўсіх вучняў напярэдадні школьнага году. Сем’і атрымліваюць гэтую дапамогу незалежна ад сваіх даходаў. Грошы выплочваюцца раз на год кожнаму дзіцяці да сканчэння ім 20 года жыцця. На дзіця з інваліднасцю дапамога выплочваецца да сканчэння 24 года жыцця.

Здымак мае ілюстрацыйны харктар. Вучні збіраюцца падчас школьнага сходу ў школе № 58 імя Тадэвуша Гайцы ў Варшаве, Польшча. 1 верасня 2022 года.
Фота: Kacper Pempe / Reuters / Forum

Каб атрымаць выплату, трэба скласці заяўку. Гэта могуць зрабіць маці, бацька ці апякун дзіцяці. Заяўкі прымае і разглядае ZUS – аддзел сацыяльнага забеспячэння, падаць яе можна толькі электронным шляхам. Выплаты робяцца выключна на банкаўскі рахунак. Сёлета прыём заявак на 2023/24 школьны год распачаўся 1 ліпеня і будзе працягвацца да 30 лістапада на гэтай старонцы, праз інтэрнэт-банк альбо праз партал PUE ZUS.

Калі заяўка была пададзеная ў ліпені ці жніўні, дапамога прыйдзе да 30 верасня. Калі пазней – у верасні, кастрычніку ці лістападзе, атрымаць грошы можна будзе праз 2 месяцы ад падачы заяўкі.

Дапамога «Добры старт» не выплочваецца на дзяцей, якія ходзяць у дзіцячы садок, а таксама ў так званую «зэруўку» – падрыхтоўчы клас, а таксама на студэнтаў. З 2019 года на выплату могуць разлічваць навучэнцы паліцыяльных школ і так званых школ для дарослых.

Тут падрабязна распісана, як падаць заяўку.

Атрымаць дапамогу «Добры старт» могуць таксама дзеці замежнікаў, калі маюць ВНЖ.

Літва

У Літве на аднаго вучня выдзяляецца дапамога ў памеры 98 еўра. Таксама можна атрымліваць бясплатнае харчаванне ў школах. Дашкольнікам, вучням 1 і 2 класаў бясплатнае харчаванне прадстаўляецца незалежна ад узроўню даходаў сям’і.

Права на атрыманне бясплатнага харчавання і дапамогі ў набыцці школьных прыладаў, прадстаўляецца навучэнцам ва ўзросце да 21 года.

Здымак мае ілюстрацыйны харктар. Дзеці ідуць з букетамі кветак у першы навучальны дзень у Віленскай гімназіі Фабіёнішкес. Вільня, Літва. 1 верасня 2020 года.
Фота: Alfredas Pliadis / Xinhua News Agency / Forum

У далейшым сем’і, чые даходы не перавышаюць 235,50 еўра на чалавека, маюць права на бясплатнае харчаванне для дзяцей у школах і дапамогу на набыццё школьных прыладаў. У парадку выключэння дапамога можа быць і для сем’яў з больш высокім узроўнем даходаў, калі ў сямі’ быў няшчасны выпадак, дзіця атрымлівае дапамогу па страце кармільца, бацькі-адзіночкі, сем’і, у якіх ёсць інвалід.

Заяўку на дапамогу можна падаваць у мясцовых органах самакіравання, па месцы пражывання сям’і, а таксама на сайце spis.lt – інфармацыйнай сістэме сацыяльнай дапамогі сем’ям. Падаваць заяўку можна з 1 ліпеня.

Такая ж сацыяльная дапамога, як і літоўскім сем’ям, прадстаўляецца ўкраінскім уцекачам.

Каб падаць заяўку, трэба быць зарэгістраваным у Вільні ці ўключаным у рэестр асобаў, якія не задэкларавалі сваё месца жыхарства. Таксама дапамогу могуць атрымаць асобы, якія не задэкларавалі месца жыхарства і не ўключаныя ў спіс, але фактычна пражываюць у Вільні.

Падаць заяўку можна таксама ў Цэнтры абслугоўвання кліентаў па адрасе пр.Канстытуцыі, 3 (1 паверх), па электроннай пошце sis@vilnius.lt, на якую трэба адправіць запоўненую анкету і падпісаць электронным подпісам, ці па пошце ў Аддзел сацыяльнай дапамогі па адрасе: вул.Коўна, 3, LT-01314, Вільня. Заяўку на бясплатнае харчаванне можна падаваць з 1 ліпеня па канец навучальнага года, на падтрымку для атрымання школьных прыладаў – з 1 ліпеня па 5 кастрычніка.

Нямеччына

У Нямеччыне на ўсіх дзяцей ад нараджэння выплочваецца дапамога Kindergeld у памеры 250 еўра на дзіця. Падтрымка выплочваецца да 18 гадоў. Калі поўнагадовае дзіця стаіць на ўліку як беспрацоўнае, то да 21 года, калі ж атрымлівае адукацыю ці валанцёрыць у прызнанай валанцёрскай службе (freiwilligenarbeit)– да 25 гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны харктар.
Фота: freepik.com

Дадаткова ў Нямеччыне існуе адукацыйны пакет «Bildungs- und Teilhabepaket (BuT)» – спецыяльная фінансавая падтрымка ад Федэральнага міністэрства працы і сацыяльных пытанняў Нямеччыны (Bundesministeriums für Arbeit und Soziales) для сем’яў з невялікім даходам. Падтрымку можна патраціць на заняткі з рэпетытарамі, у спартыўных і адукацыйных гуртках ці на набыццё школьных прыладаў.

Падтрымку могуць атрымаць дзеці не толькі школьнага, але і дашкольнага ўзросту. Такая дапамога будзе ўключаць у сябе:

  • 156 еўра на школьныя прылады. Частка сумы выплочваецца раз на паўгода. Агульная сума можа быць скарэктаваная ў залежнасці ад штогадовай праверкі.
  • Калі дзіця дабіраецца да школы на грамадскім транспарце, гэтыя выдаткі будуць пакрытыя. Калі дзіцяці патрэбныя дадатковыя заняткі і рэпетытары, то гэта таксама будзе аплачана. Дзеля гэтага патрэбнае пацверджанне ад школы, што дзіцяці патрэбная падтрымка з навучаннем.
  • Таксама можна прэтэндаваць на кампенсацыю абедаў у садку ці школе.
  • Будуць аплочаныя ў тым ліку аднадзённыя ці штодзённыя экскурсіі ад школы ці садка. У кошт кампенсацыі ўвойдуць начлег і дарога туды і назад.
  • Яшчэ адзін від дапамогі – 15 еўра на месяц на заняткі ў гуртках, наведванне музеяў, экскурсіі. Гэтыя грошы таксама можна збіраць і набыць на іх спартовую форму ці музычны інструмент.

Каб атрымаць пакет BuT, дзіцяці павінна быць менш за 18 гадоў і яно мусіць  наведваць школу ці садок. Атрымліваць дапамогу можа і поўнагадовае дзіця, але калі будуць споўненыя дадатковыя ўмовы.

Таксама вы павінны адносіцца да малазабяспечаных сем’яў і атрымліваць адзін з відаў сацыяльнай дапамогі ад дзяржавы. Да такой дапамогі адносіцца ў тым ліку дапамога для прэтэндэнтаў на атрыманне прытулку.

Падаць заяўку на дапамогу можна на сайце Міністэрства працы і сацыяльных пытанняў, выбраўшы федэральную зямлю. Тыя, хто атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі, могуць звярнуцца ў службу занятасці.

Грузія

У Грузіі з ліпеня 2023 года дапамога на дзяцей для сем’яў са статусам сацыяльна неабароненых складае 200 лары (76$).

Дадатковай дапамогі для падрыхтоўкі дзіцяці да школы ў Грузіі няма, аднак у дзяржаўных школах кожнаму першакласніку на пачатку навучальнага году цалкам бясплатна даюцца ноўтбукі з усталяванымі на іх навучальнымі праграмамі.

Беларусь

У Беларусі дапамога на дзіця выплочваецца толькі да 3 гадоў. Далей на выплаты на дзіця можна разлічваць шматдзетным сем’ям і бацькам дзяцей з інваліднасцю.

Здымак мае ілюстрацыйны харктар. Cвяточная лінейка ў школе № 180 у Менску, Беларусь. 1 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Шматдзетныя бацькі таксама могуць атрымаць грашовую дапамогу перад пачаткам навучальнага года. Гэта адзінаразовая выплата і яна складае 30% ад бюджэту пражытковага мінімуму на кожнага школьніка. З 1 жніўня па 31 кастрычніка 2023 года БПМ раўняецца 364,40 рублям ($113$). Такім чынам, 30% ад БПМ – гэта 109,32 рублі (34$).

Адначасова беларускія банкі прапануюць узяць крэдыт на падрыхтоўку дзіцяці да школы. У папярэднія гады гэтыя крэдыты і карты растэрміноўкі так і гучалі – «Хутка ў школу» і т.п. Цяпер падрыхтоўка да школы прапісваецца ў варыянты, куды можна патраціць сродкі, у лінейках спажывецкіх крэдытаў.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў