Бюджэтная вечарынка ці свята на шырокую нагу: колькі каштуе школьны выпускны


31 траўня ў беларускіх школах празвінелі апошнія званкі, падлеткі атрымалі атэстаты, а 10 чэрвеня адзінаццацікласнікаў чакае важная падзея: выпускны баль. Абмеркаванне фармату і кошту выпускнога пачынаецца ў бацькоўскіх чатах нашмат раней, яшчэ восенню. Разбіраемся, які кошт пытання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Пункт першы. Арганізацыя: банкетная зала, ежа, шоу-праграма, шары, стужкі і г.д.

У большасці выпадкаў выпускныя праходзяць у сценах школы, ліцэю ці гімназіі. Гэта больш бюджэтна: часта выпускнікам хапае фуршэту з дыскатэкай. Больш дарагі варыянт – арандаваць для выпускнікоў кафэ, рэстаран ці клуб. Звычайна да гэтага прыкладаецца шоу-праграма, салют, вядоўца, дыджэй і г.д Сума за такое задавальненне на аднаго чалавека вагаецца ў залежнасці ад таго, колькі выпускнікоў пойдзе на імпрэзу, наколькі вядомы вядоўца, ці будуць уключаны дадатковыя элементы шоу. Так, напрыклад, паслугі менскага вядоўцы каштуюць 500 долараў за 6 гадзін працы.

З шоу-праграмай, дыджэем, святламузыкай, фатографам і мінімальным упрыгожваннем залі выпускны абыдзецца ў 1000 долараў на клас. Сума раскідваецца адпаведна на колькасць бацькоў, чые дзеці ідуць на выпускны.

Пункт другі. Вобраз выпускніка: сукенка/касцюм, прычоска, макіяж, манікюр…

У дзень выпускнога прыгожымі і стылёвымі хочуць быць усе, таму пытанне, што апрануць і як навесці марафет выходзіць для выпускнікоў на першы план. І становіцца вялікай графой выдаткаў для бацькоў. Так, сукенка на выпускны каштуе ад 95 рублёў, касцюм – 200-500 руб., туфлі – ад 100 руб., прычоска ад 50 руб., манікюр – ад 35 руб., макіяж – ад 50 руб.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Зараз выпускніцы і выпускнікі выбіраюць такія строі, каб іх можна было апрануць не толькі на адно свята, а насіць і далей. Стылісты кажуць, што ў гэтым годзе модныя сукенкі ў падлогу, а таксама oversize. Колеры выбіраюць наступныя: пыльная ружа, далікатна-блакітны, цытрынавы. Калі некалькі гадоў таму аддавалі перавагу насычаным адценням, зараз жа ўсё больш купляюць сукенкі далікатных пастэльных колераў. Што тычыцца хлопцаў, для іх купляюць як класічныя прыталеныя касцюмы, так і няпарныя зборкі, напрыклад, пінжак аднаго колеру, а штаны іншага. Часта выбіраюць лёгкія варыянты: напрыклад, штаны з шлейкамі і матыльком.

Увесь вобраз выпускніка будзе каштаваць ад 300 рублёў.

Пункт трэці. Кветкі настаўнікам, падарунак школе

Гэтымі момантамі звычайна займаецца бацькоўскі камітэт: збірае грошы на кветкі настаўнікам, падарунак школе і г.д. Кошт пытання залежыць ад канкрэтнага класа, але ў сярэднім з чалавека ў межах 50 долараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Такім чынам: падбіваем кошт

Па нашых падліках, школьны выпускны будзе каштаваць ад 150 да 500 долараў. Зразумела, на некаторых пунктах бацькі спрабуюць зэканоміць: напрыклад, не карыстацца паслугамі прафесійнага фатографа. Ці можна зэканоміць на макіяжы, прычосцы ці манікюры, калі ёсць свой майстар на ўсе рукі – сяброўка ці сястра.

Тым не менш, большасць бацькоў хочуць зрабіць для сваіх дзяцей сапраўднае свята, бо школьны выпускны бывае толькі раз у жыцці.

СП belsat.eu

Стужка навінаў