Мэр Парыжу заявіла, што спартоўцам з Беларусі і РФ на Алімпіядзе не будуць радыя


Мэр Парыжу Ан Ідальго выступіла супраць удзелу спартоўцаў з Расеі і Беларусі ў Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у сталіцы Францыі ўлетку 2024 года. Пра гэта піша газета «Le Monde».

Мэр Парыжу Ан Ідальго падчас візіту ва Украіну.
Фота: vitaliy_klitschko / Telegram

«Хачу сказаць расейскім і беларускім спартоўцам, што ім не будуць радыя ў Парыжы», – заявіла Ан Ідальго падчас візіту ў Кіеў на гэтым тыдні.

Разам з тым яна падкрэсліла, што ўкраінскіх спартоўцаў сустрэнуць у Парыжы як герояў, яны будуць адчуваць сябе як удома.

«Le Monde» зазначае, што заява мэра Парыжу дысануе з пазіцыяй Міжнароднага алімпійскага камітэту. МАК дазволіў беларускім і расейскім спартоўцам браць удзел у Алімпіядзе пад нейтральным сцягам у індывідуальным парадку. Заваяваныя імі медалі не будуць адлюстроўвацца ў табліцы нацыянальных камандаў, а ў выпадку заваявання золата іх узнагародзяць пад музыку без словаў.

Раней Ідальго была не супраць удзелу беларускіх і расейскіх спартоўцаў на такіх умовах. Аднак потым змяніла пазіцыю і заявіла, што «нейтральнага сцяга насамрэч не існуе». Паводле яе, не варта «выстаўляць напаказ краіну ў працэсе яе нападу на іншую».

Французская газета падкрэслівае, што Ідальго не можа прымаць рашэнняў наконт удзелу або няўдзелу спартоўцаў з Беларусі і РФ у Алімпіядзе, аднак ейныя словы могуць абурыць Маскву.

Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава, каментуючы словы мэра Парыжу, прапанавала «падабраць якую-небудзь французскую прадукцыю, шырока прэзентаваную цяпер у Расеі, і заявіць, што ёй «не будуць радыя».

Hавiны
Без сцягу, гімну і параду. У МАК распавялі, як Беларусь і РФ выступяць на Алімпіядзе
2024.03.19 20:25

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў