Лукашэнка з Пуціным ірвануць у Антарктыку?

Вятры вялікай дзяржаўнай палітыкі выхапілі Лукашэнку з месца і панеслі ў Піцер, да Пуціна. І там, як звычайна, былі прынятыя «лёсавызначальныя» для ўсяго свету рашэнні, якія павінныя былі ашаламіць як шматлікіх ворагаў, так і рэдкіх сёння сяброў. Чым жа бакі ашаламлялі гэтым разам? Навошта і каму патрэбны гэты візіт? Зірнем на інфармацыйную карцінку, намаляваную «правільнымі» медыямі.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прыбылі на цырымонію адкрыцця мемарыялу ахвярам Вялікай Айчыннай вайны. Санкт-Пецярбург, Расея. 27 студзеня 2024 года.
Фота: Olga Maltseva / POOL / AFP / East News

Спачатку Пуцін і Лукашэнка адкрылі мемарыял памяці савецкіх грамадзянаў, якія сталі ахвярамі нацысцкага генацыду падчас Другой сусветнай вайны. Лукашэнка падзякаваў Пуціну ад імя беларускага народу за гэты комплекс і пагразіў ворагам.

Мітынг-рэквіем з усімі спадарожнымі рухамі і галашэннем. Гэта пра што? Пра тое, што Пуцін чалавек выключна савецкай ментальнасці, які мае комплекс «страчанай імперыі», у якой з дасягненняў былі перамога ў Другой сусветнай і Юрый Гагарын. Але з космасам сёння не вельмі, яго прайгралі Кітаю і Маску, таму засталася толькі перамога. І каб прадаваць расейцам ідэю аднаўлення імперыі, святую (без жартаў), якая далася дзясяткамі мільёнаў жыццяў, перамогу трэба расчэсваць з усіх сілаў, яе нельга пакінуць мінуламу. Трэба зрабіць з яе вялікае размаляванае пудзіла і рэгулярна паказваць на тэлеканалах. Тым больш, непасрэдныя ўдзельнікі тых падзеяў ужо сышлі, і спытаць «Навошта вы гэта робіце?» няма каму.

Далей, ад маніпуляцый перамогай (і пагрозаў ворагам) перайшлі да хакею. Пуцін і Лукашэнка адкрылі «найбуйнейшую ў свеце» хакейную «СКА-Арэну». І госць зноў вохкаў і прыцмокваў, хваліў гаспадара за такі гмах. Арэна ўражвае, яна вялікая і сапраўды на 350 месцаў (21 500) большая, чым папярэдні рэкардсмен – хатняя арэна «Манрэаль Канадыенз». Але вось якая з гэтага карысць, калі астатнія месцы ў топ-10 займаюць паўночнаамерыканскія арэны з умяшчальнасцю ад 19 000? Там гэта стандарт, тут – паказальнае дасягненне. Ды і наведвальнасць у NHL (Паўночная Амерыка) – 17 300, а ў КХЛ (Расея) – 6500, і гэта ж не таму, што арэны маленькія? Ёсць нейкія іншыя прычыны. І цяперашняя арэна СКА змяшчае 12 300 гледачоў, і зусім не заўсёды на ёй аншлагі. Таму ўвядзенне ў строй прыгажуні «СКА-Арэны» ў той самы момант, калі Расея, як краіна-агрэсар, не ўдзельнічае ў сусветным хакеі, гэта проста газпрамаўскія панты ў чыстым выглядзе, і нічога больш. Затое народу падабаецца, зноў ідзе зварот да савецкіх архетыпаў (хай і іншага парадку) – да таго часу, калі СССР на роўных канкураваў з Канадай.

Скончылі з хакеем, перайшлі да Антарктыкі. Ці трэба казаць, што ўсё было згодна з тым жа сцэнарам? Госць вохкаў і дзякаваў, Пуцін нешта там адкрываў. Народ павінен быў моўчкі радавацца і адчуваць моц Расеі. Хацелі таксама пагаварыць і з беларускай станцыяй, але не ўдалося – непагадзь перашкодзіла.

Інтрыга з’явілася, калі госць пачаў марыць пра тое, як ён з Пуціным ірване непасрэдна ў Антарктыку. І я ўпэўнены, што ідэю такога далёкага і небяспечнага падарожжа немаладога ўжо чалавека насельніцтва Беларусі шчыра падтрымала б. Але ідэя на гэты момант засталася толькі ідэяй.

Што мы пабачым, калі выбудуем гэтыя мерапрыемствы ў адзін шэраг? Нічога арыгінальнага. Гэта перадвыбарчая кампанія Пуціна, у якой ён выступае як аднаўляльнік савецкай імперыі, тых самых наратываў (перамога, хакей, палярнікі), якімі павінен быў ганарыцца шараговы грамадзянін СССР.

І зразумела, што калі трохі капнуць, то з’яўляюцца пытанні: а якая-небудзь яшчэ перамога пасля 1945 года ў вас была? А калі мы зноў будзем біць канадцаў у хакеі? А з космасам што здарылася? Але задаваць іх няма каму. Ды нельга ж сабе сур’ёзна ўявіць, што вусаты госць, які выконвае на гэтым свяце жыцця ролю запрошанага «генерала ў адстаўцы», будзе ставіць гаспадароў у няёмкае становішча.

Там яшчэ была і афіцыйная частка, пасяджэнне Найвышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы, на якім госці «пагрузіліся ў эканоміку» і нешта там паглыблялі і пашыралі. Але гэта сумна. Гэтым танцам з бубнамі ўжо дваццаць пяць гадоў, і тады, на старце, Лукашэнка марыў пра расейскія кошты вуглевадародаў, расейскаму ж боку ўяўлялася цікавай ідэя паглынання беларускай эканомікі, і яна праціскала ўкараненне адзінай валюты, пад якой меўся на ўвазе расейскі рубель.

Мінула чвэрць стагоддзя, але абодва пытанні на сваіх месцах, і бюджэт гэтага злаякаснага саюзнага ўтварэння мізэрны – $ 75 млн (параўнайце з бюджэтам Еўразвязу – $ 190 млрд). Ніхто і не збіраўся ставіцца да яго сур’ёзна, нягледзячы на ўвесь пафас.

Магло быць горш. Ва ўмовах правалу ва Украіне ў крамлёўскіх кабінетах цалкам маглі вырашыць, што паглынанне Беларусі – годная замена, і менавіта цяпер Лукашэнка падпісваў бы не бессэнсоўныя паперкі, а паўнавартасную дамову пра ўваходжанне ў склад Расейскай Федэрацыі. Але, мабыць, пралічыўшы ўсе рызыкі і прыбыткі, паліттэхнолагі прызналі гэтую ідэю нясвоечасовай, вырашыўшы, што ў ролі вясельнага генерала гэты грамадзянін больш карысны для перадвыбарчага іміджу Пуціна. Тым больш, што і сам грамадзянін Лукашэнка зусім не супраць ролі лялькі. Яна не энергазатратная: прыляцеў, павохкаў-паахаў, пазахапляўся чым скажуць, перакусіў – ды можна спакойна жыць яшчэ шэсць гадоў.

Авер / belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў