«Белорусская военная газета» крытыкуе фільм «Белсату» пра войска (абноўлена)


У апошнім нумары афіцыйнага друкаванага органу Міністэрства абароны “Белорусская военная газета “Во славу Родины” выйшаў матэрыял на паласу пра дакументальны фільм “Гульня ў вайнушку”, зняты Антонам Цялежнікавым для тэлеканалу “Белсат”.

Аўтара матэрыялу Уладзіміра Кажэўнікава моцна зачапілі выкладзеныя ў фільме крытычныя факты пра войска, а таксама абурылі асобы рэжысёра і галоўных герояў. Аўтар пярэчыць сам сабе: называе “ўхілістамі” моладзевых актывістаў, якія служылі ў войску, Цянюту і Шылу. У артыкуле падаюцца недакладныя факты адносна прызыву Франака Вячоркі. Бел-чырвона-белы сцяг журналіст называе “фашыстоўскім”, а “Малады фронт” параўноўвае з “Гітлер-Югендам”. Паводле Кажэўнікава, сцверджанне, што ў войску пануе дзедаўшчына, смеху вартае.

Рэзкая рэакцыя на фільм можа быць выкліканая тым, што пасля прэм’еры “Белсат” даслаў фільм на DVD у Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і ў ваенкаматы. Пазней фільм прэзентавалі ў некалькіх гарадах Беларусі. Праз колькі тыдняў пасля прэм’еры, публічных паказаў, дасылання дыскаў з фільмам у вайсковыя ўстановы “Белорусская военная газета” апублікавала артыкул.

Публікацыя змешчаная ў друкаваным выданні, а таксама на афіцыйным сайце газеты. Акрамя таго, артыкул выклікаў ажыўленую дыскусію на афіцыйным форуме Міністэрства абароны.

Пракаментаваць артыкул “Белсат” папрасіў Антона Цялежнікава, аўтара фільму.

“Белсат”: Антон, у артыкуле “БВГ” сцвярджаецца, што фільм “откровенно нацелен на то, чтобы опорочить, очернить Вооруженные силы Беларуси”. Ці праўда гэта? Якая мэта фільму?

А. Ц.: Мэтаю было распавесці пра сапраўдны стан сучаснага беларускага войска, а перадусім яго праблемы, якіх назбіралася вельмі шмат. Гэтыя праблемы старанна хаваюць за пампезнымі парадамі ды патэтычнымі рэпартажамі на беларускім тэлебачанні ў дзясятках вайсковых частак ва ўсёй краіне. Войска паводле закрытасці сапраўды блізкае да турмы, і я спрабаваў прыадчыніць для беларусаў гэтую тэму: урэшце, падаткаплатнікі маюць ведаць, на што ідуць іхныя грошы.

“Белсат”: У фільме паказаныя некаторыя праблемы, якія існуюць у беларускім войску. Жаўнеры займаюцца не баявою падрыхтоўкаю, а дзеяць як бясплатная працоўная сіла, войска выкарыстоўваецца дзяржаваю як рэпрэсіўны апарат – амаль як у царскі час. Чаму пасля дваццаці гадоў пасля распаду СССР такое адбываецца ў незалежнай дзяржаве?

А. Ц.: Адказ просты – сённяшняя палітычная сістэма ёсць спадкаеміцаю савецкай імперыі і яе найгоршых традыцыяў. Стыль гэтага так званага артыкулу вельмі нагадвае салдацкую насценгазету ў “ленінскім” пакоі часу халоднай вайны. Гэта сведчыць, што людзі гэтай сістэмы ментальна застаюцца ў СССР.

“Белсат”: Ці ты назіраеш нейкія пазітыўныя працэсы ў беларускім войску?

А. Ц.: Пазітыўным там можа быць толькі тое, што туды трапляюць маладыя актывісты дэмакратычнага руху, якія намагаюцца надаць нашаму войску хоць крыху беларускасці і мыслення.

Дакументальны фільм “Гульня ў вайнушку” можна паглядзець і спампаваць на сайце “Белсату” ў раздзеле “Фільмы, кліпы”.

Стужка навінаў