Пра гісторыю Беларусі зрабілі мультфільм


Кампанія «Будзьма беларусамі!» падрыхтавала мультыплікацыйны фільм пра гісторыю нашай краіны да 1991 г.

Праца над стужкаю працягвалася амаль год. Аўтарка ідэі – Юлія Ляшкевіч – ставіла перад сабою задачу проста і даступна распавесці пра найважнейшыя падзеі гісторыі Беларусі ад Полацкага княства да 1991 г.

Рэжысёр і мастак фільму – Юлія Рудніцкая. Музычным аздабленнем займаліся Аляксандр Памідораў і Лявон Вольскі, якія імкнуліся не толькі перадаць настрой стужкі, але і зрабіць яе прывабнаю.

Паводле прэсавага сакратара кампаніі «Будзьма беларусамі!» Алеся Плоткі, гэты ролік будзе выкарыстоўвацца ў якасці прэзентацыі нашай краіны. «У фільм увайшлі самыя яскравыя факты мінуўшчыны: гісторыя Полацкага княства і ВКЛ, абвяшчэнне БНР і стварэнне БССР, успаміны пра Усяслава Чарадзея ды Міндоўга, першадрукара Францыска Скарыну, канцлера Льва Сапегу, першага народнага паэта Янку Купалу і сусветна вядомага навукоўца Барыса Кіта… Уявіць Беларусь без гэтых падзеяў і гэтых людзей немагчыма», – кажа ён.

Храналагічна стужка заканчваецца 1991 годам, бо, паводле стваральнікаў, «сучасную гісторыю кожны бачыць па-свойму, яшчэ не мінула дастаткова часу для грунтоўнага аналізу і высноваў».

Прэзентацыя мультфільму пра Беларусь адбудзецца 28 траўня на фестывалі «Канцэрт на траве» пад Валожынам. Пасля афіцыйнай прэзентацыі анімацыйную стужку выкладуць у інтэрнэт для вольнага прагляду.

Стужка навінаў