Новая паслуга - пастаяць у чарзе


У Менску з’явіліся першыя трамітадоры – людзі, якія за грошы гатовыя стаяць у чарзе за кліента.

Першую адмысловую агенцыю зарэгістравалі ў адміністрацыі Ленінскага раёну сталіцы.

Кампанія прапаноўвае за пэўную суму замовіць паслугі агента-трамітадора – ён будзе стаяць у чарзе, пакуль вы будзеце займацца сваімі справамі. Як прызнаюцца ў фірме, за некалькі дзён да іх ужо звярнуліся дзясяткі чалавек. “Самыя асноўныя замовы – гэта чэргі па валюту, побытавую тэхніку, на рэгістрацыю аўта ў ДАІ, у выканкамы”, – паведамілі ў кампаніі. Механізм працы просты: праз тэлефон або інтэрнэт афармляецца заяўка, дзе трэба пазначыць час і месца чаргі. Трамітадор, дарэчы, абавязаны дасылаць кліенту СМС, як рухаецца чарга.

Расцэнкі фіксаваныя, ад 10 да 17 тыс. руб. за гадзіну стаяння. Даражэй за ўсё каштуюць начныя чэргі. Праўда, у агенцыі дадаюць, што ў сувязі з ажыятажам на набыццё валюты, чэргі ў абменнікі, хутчэй за ўсё, будуць ацэньвацца больш.

HR-кансультант Таццяна Коласава кажа, што трамітадор – прафесія не новая. “Ідэя прыйшла да нас з ЗША. Там кліенты такім чынам вызваляюць сябе ад шматгадзіннага чакання ў міграцыйных службах, напрыклад. Але ў сувязі з апошнім ажыятажам на валюту і тавары ў краіне гэты від дзейнасці ў нас мае вялікія перспектывы”.

belsat.eu

Стужка навінаў