Станіслаў Багданкевіч: Дэвальвацыя – вымушаны крок у слушным кірунку


“Мінус у тым, што гэта зроблена як адміністратыўнае рашэнне – не праз рынак, не праз біржу. А галоўнае – не патлумачылі бізнесу і грамадзянам, якім чынам будзе гарантавацца надалей стабільнасць нацыянальнай валюты”, – гаворыць Станіслаў Багданкевіч.

Былы кіраўнік Нацыянальнага банку пры гэтым адзначае, што дэвальвацыя – крок у правільным кірунку, хоць і балючы. Шэраг незалежных эканамістаў пра неабходнасць дэвальвацыі казалі даўно, аднак Нацбанк гэтую непапулярную захаду імкнуўся адкласці. Станіслаў Багданкевіч у інтэрв’ю “Белсату” звяртае ўвагу на непразрыстасць дзеянняў Нацыянальнага банку. Дагэтуль невядома, які будзе наступны крок Нацбанку. “Як будзе забяспечвацца валютаю рынак? Адкуль з’явяцца грошы? Крэдыты ад Расеі яшчэ не атрыманыя. А калі будуць атрыманыя, то, паводле Мясніковіча, пакуль толькі 800 млн долараў. А іншых крыніцаў дагэтуль не відаць”, – дадаў Станіслаў Багданкевіч.

На думку эксперта, цяпер пажадана ўстрымацца ад наступнай дэвальвацыі беларускага рубля. “Гэта пацягне абясцэньванне ўкладаў насельніцтва, рост коштаў на імпартныя тавары, рост коштаў на любыя тавары ўнутры краіны, – гаворыць Станіслаў Багданкевіч. – Трэба дамагчыся стабілізацыі, але ўрад і Нацбанк не абвесцілі, якую яны маюць праграму”.

belsat.eu

Стужка навінаў