Бюджэт на 2011 год павялічылі ды прынялі раней


Налета ўрад збіраецца выдаткаваць амаль на 20% болей, чым сёлета.

Бюджэт гэтага года называлі крызісным і “асцярожным”. У наступным дзяржаўны каштарыс вырасце на 18%, або 6 трлн руб.

Сёлетні бюджэт прынялі як ніколі рана – 14 кастрычніка. Звычайна гэта адбывалася напярэдадні новага года. Эксперты адзначаюць, што такая аператыўнасць, гэтак жа, як і аптымістычны змест, тлумачыцца надыходам прэзідэнцкіх выбараў.

Куды ж пойдуць грошы ў сацыяльна арыентаванай дзяржаве? Налета плануецца рост прыбыткаў бюджэтнікаў: сярэдні заробак, стыпендыі павялічацца на 35%. Праца органаў кіравання будзе каштаваць 1 трлн руб. Выдаткі на ахову здароўя і сацыяльны блок – на 40%.

Між іншага, дзеля падтрымання прадпрыемстваў, якія займаюцца вытворчасцю і экспартам спіртовых напояў, выдаткуюць 3,5 млрд руб. На барацьбу з п’янствам таксама запланавалі грошы, але значна меншыя, – 86 млн.

Паводле міністра фінансаў Андрэя Харкаўца, “дэфіцыт бюджэту пакрыюць за кошт крыніцаў, што атрымліваюць ад банкаў, іншых юрыдычных асобаў, дзяржаўных каштоўных папераў, а таксама з рэшткаў сродкаў бюджэту, што назапасілі за мінулыя гады”.

Эканаміст Леанід Заіка адзначае, што “ўсё будзе залежаць ад паступленняў у бюджэт. Няма паступленняў – бюджэт будзе перапісвацца”. Так, напрыклад, адбылося сёлета, калі дзяржаўны каштарыс удакладняўся некалькі разоў: праз адмову расейскага боку ў крэдыце, падзенне экспарту, неспрыяльную сітуацыю на сусветных рынках.

belsat.eu

Стужка навінаў