Індэкс аліўе – 2022. Знаёмыя харчы з продажу зніклі, але салат патаннеў. А што з якасцю?


Карэспандэнты «Белсату» напярэдадні калядных і навагодніх святаў склалі ўжо традыцыйны рэйтынг змянення цэнаў на салат аліўе – адну з галоўных зімовых страваў у Беларусі і рэгіёне. І гэтым разам у нас выявілася адразу некалькі цікавых фактаў – падрабязней у артыкуле.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ужо пяты год запар нашыя журналісты складаюць «Індэкс аліўе», які ацэньвае змены выдаткаў на прыгатаванне салату перад навагоднімі святамі. І гэты год не быў выключэннем.

Як і мінулыя разы (2018, 2019, 2020, 2021), для агляду мы ўзялі стандартны рэцэпт прыгатавання салату. Ён уключае: 4 бульбіны, 2 морквы, 500 грамаў каўбасы «Доктарская», 5 курыных яек, 4 марынаваныя гуркі, бляшанку кансерваванага гароху і 200 грамаў маянэзу.

Прадукты зніклі

Цэны на інгрэдыенты мы традыцыйна глядзелі на папулярным у беларусаў сайце дастаўкі прадуктаў. І вось тут нас чакала першае здзіўленне. Звычайна з года ў год мы знаходзілі практычна адзін і той самы набор прадуктаў з невялікімі змяненнямі адносна тых тавараў, якіх з нейкіх прычынаў не было на сайце. Але цяпер старой засталася толькі каўбаса, а ўсе іншыя найменні і маркі проста цалкам зніклі з пошуку. Напрыклад, пошук кансерваванага гароху «Globus» паказваў самыя сапраўдныя глобусы з марамі, акіянамі і кантынентамі.

У выніку нам давялося замест амаль ідэнтычнага да мінулых гадоў набору інгрэдыентаў складаць цалкам новы, вядома, падбіраючы яго паводле найбліжэйшых паказнікаў аб’ёму і, як здаецца, якасці.

У выніку сабраць «стары новы» салат аліўе нам, вядома ж, удалося, але гарантаваць, што паводле смаку ён застаўся ідэнтычным леташняму, мы не можам.

А вось цэны знізіліся

Разам з тым новы салат выявіўся ўсё ж таннейшым у параўнанні з 2021 годам. Калі летась індэкс аліўе ў нас склаў +9,94 %, то сёлета, станам на раніцу 15 снежня, -4,45 %. Агулам гэта першы раз за ўвесь час складання рэйтынгу, калі цана салату ў Беларусі знізілася. Нават нягледзячы на тое, што інфляцыя ў Беларусі з пачатку года склала 12,4 %, у тым ліку на харчовыя тавары – 13 %.

Вядома, таннелі не ўсе інгрэдыенты. Гэтак, морква падаражэла на 30,4 %, яйкі – на 9,1 %, а каўбаса – на 7,2 %. Але разам з тым бульба патаннела на 45,5 %, гарошак – на 21,2 %, маянэз – на 5,2 %, а кансерваваныя гуркі – на 1,6 %. У выніку ў параўнанні з 2021 годам агульны кошт салату знізіўся на 71 капейку.

Сабралі мы і самы танны варыянт салату. Ён таксама патаннеў адносна мінулага года – на 4,3 %, або на 56 капеек. Розніца паміж звычайным і самым танным салатам склала Br 2,75.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Дэфіцыт і пагаршэнне якасці?

У каментары «Белсату» акадэмічная дырэктарка даследчага цэнтру BEROC Кацярына Барнукова выказала меркаванне, што знікненне з крамы ранейшых найменняў інгрэдыентаў можа быць выкліканае дэфіцытам.

«Памяншэнне асартыменту – гэта адна з формаў дэфіцыту», – падкрэсліла эканамістка.

Таксама, на ейную думку, гэта можа быць адлюстраваннем таго, што крама «вырашыла проста зменшыць свой асартымент, бо ўведзеныя абмежаванні на нацэнкі вельмі моцна абмяжоўваюць тыя выдаткі, якія могуць несці рэтэйлеры».

«Калі раней маглі сабе дазволіць захоўваць, напрыклад, пяць сартоў бульбы і дзесяць відаў марынаваных агуркоў, то цяпер вымушаныя вельмі моцна ўціскацца і прапаноўваць набор тавараў паводле асартыментнага мінімуму», – падкрэсліла Кацярына Барнукова.

Пры гэтым яна не выключае, што пры звужэнні асартыменту змяншэнне цаны тавараў магло адбыцца коштам якасці прадаваных прадуктаў, а не коштам зніжэння нейкіх нацэнак.

«Можна чакаць і таго, што якасць была закранутая. І гэта таксама немалаважны аспект», – дадала суразмоўца.

У любым выпадку дэфіцыт і звужэнне асартыменту, нават пры ўмове зніжэння цаны, пагаршаюць сітуацыю для пакупніка. І станоўчым чынам гэта ахарактарызаваць нельга, заключыла эканамістка. Паводле Кацярыны Барнуковай, ёсць пытанні таксама адносна таго, як доўга пратрымаюцца цяперашнія цэны.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў