Для грэка-каталікоў Беларусі стварылі апостальскую адміністратуру. Што гэта і чаму важна?


Ватыкан стварае для грэка-каталікоў Беларусі новую адмысловую структуру. Пра гэта паведамляе Telegram-канал Беларускай грэка-каталіцкай царквы. «Белсат» тлумачыць, што гэта такое і чаму гэта важна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Як піша Telegram-канал «Грэка-каталікі Беларусі», апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзыч паведаміў, што Папа Рымскі Францішак заснаваў Апостальскую адміністратуру для каталікоў візантыйскага абраду ў Беларусі і адначасова прызначыў архімандрыта Сяргея Гаека яе ардынарыем. Пастанова была абвешчаная ў Рыме 30 сакавіка.

Беларуская грэка-каталіцкая царква (БГКЦ) – адна з 23 усходніх каталіцкіх цэркваў, што ўзыходзіць сваімі каранямі да Уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай, якая паўстала ў 1596 годзе ў выніку уніі праваслаўных епархіяў з Рымам. У 1839 годзе расейскія ўлады скасавалі Уніяцкую царкву. З ХХ стагоддзя неаднойчы рабіліся спробы яе аднаўлення, але савецкія ўлады ім усяляк перашкаджалі.

Тым не менш, у беларускай дыяспары Беларуская грэка-каталіцкая царква адрадзілася і нават мела сваіх біскупаў. Праўда, апошні з іх, Уладзімір Тарасевіч, памёр у 1986 годзе і з таго часу беларускія грэка-каталікі ані ў Беларусі, ані за мяжой свайго біскупа не мелі.

У Беларусі ж грэка-каталіцкія набажэнствы аднавіліся толькі ў 1989 годзе. А з 1993 годзе ўзначальвае беларускіх грэка-каталікоў архімандрыт Сяргей Гаек, якому ў 1994 годзе надалі для гэтага адмысловую пасаду апостальскага візітатара. Аднак пры гэтым БГКЦ, якая, паводле розных ацэнак, мае ад трох да дзесяці тысяч вернікаў, застаецца адной з нямногіх усходніх каталіцкіх цэркваў, што не мае свайго біскупа.

Тым не менш, наданне Беларускай грэка-каталіцкай царкве апостальскай адміністратуры можа змяніць гэтую сітуацыю.

«Гэта азначае павышэнне статусу Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая ўжо некалькі дзесяцігоддзяў чакае прызначэння біскупа для свайго кіравання. Пастанова Папы Францішка – гэта крок на шляху да набыцця статусу дыяцэзіі [епархіі. – Рэд. Belsat.eu]», – адзначае «Хрысціянская візія».

Што такое апостальская адміністратура?

Паводле Кодэксу Кананічнага права Каталіцкага касцёлу, апостальская адміністратура – гэта тэрытарыяльная адзінка, блізкая да епархіі. Як адзначаецца, яе засноўваюць там, дзе немагчыма «з асаблівых і вельмі важкіх прычынаў» заснаваць епархію. Пастырская апека над вернікамі ў такім разе даручаецца апостальскаму адміністратару, які кіруе ёю ад імя пантыфіка.

На сёння ў Касцёле існуюць восем апостальскіх адміністратураў, з іх шэсць – лацінскага абраду і дзве – візантыйскага (у Албаніі і ў Казахстане ды Цэнтральнай Азіі). І калі ў Казахстане пасаду апостальскага адміністратара для грэка-каталікоў займае святар, то Албанскую грэка-каталіцкую царкву ўзначальвае біскуп – Джаванні Пэраджынэ. Таксама сваіх біскупаў маюць рыма-каталіцкія апостальскія адміністратуры ў Кітаі, Эстоніі, Узбекістане і на Каўказе, хоць і не маюць у Кыргызстане і казахскім Атыраў.

Ці атрымае біскупскі сан архімандрыт Сяргей Гаек – або будзе прызначаны іншы біскуп, пакуль не паведамляецца. Але ў любым разе адназначна можна сцвярджаць, што статут БГКЦ, а з ёй і Беларусі, павышаецца – з апостальскай візітатуры да апостальскай адміністратуры.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў