Падаткі на прыбытак застануцца ў мясцовых бюджэтах


З наступнага года прынцыпова змяняецца схема размеркавання падаткаў на прыбытак паміж узроўнямі бюджэту. Цяпер уся сума падатку на прыбытак, атрыманая ад недзяржаўных прадпрыемстваў, застанецца на тэрыторыі адпаведнага адміністрацыйнага цэнтру.

У 2010 годзе падатак на прыбытак ішоў у мясцовы і рэспубліканскі бюджэты ў прапорцыі 50 на 50. Гэткая ж прапорцыя застанецца для падатку на прыбытак ад дзяржаўных прадпрыемстваў.

Паводле начальніка галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў Максіма Ермаловіча, “у выніку чакаецца, што доля мясцовых бюджэтаў павялічыцца з 50 % да 70 % пры размеркаванні падатку на прыбытак, рэспубліканскі бюджэт пры гэтым будзе атрымліваць адпаведна 30 %”.

Эканаміст і трэнер школы бізнесу Інстытута прыватызацыі і менеджменту Зміцер Бянько адзначае прагрэсіўнасць у такой змене падатковага заканадаўства: “Мяркую, што ў мясцовай ўлады мусіць узнікнуць большая зацікаўленасць у стварэнні новых вытворчасцяў на тэрыторыі рэгіёнаў. Гэта дазволіць павялічыць прыбытак і рэсурсную базу”.

Нагадаем, што летась падаткі на прыбытак склалі 14,1 % усіх падатковых паступленняў. Гэта 4,6 трлн руб.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары