Дапамога па беспрацоўі ў Беларусі самая нізкая сярод суседніх краінаў


У Менску сярэдні памер грашовай дапамогі па беспрацоўі склаў 46,6 тыс. руб. або $ 15,5.

У службу занятасці насельніцтва звяртаюцца толькі 5–10 % тых, хто шукае працу. Як адзначае Святлана Лявончык, начальніца аддзелу рынку працы Менгарвыканкаму, замінае гэтаму нізкая сацыяльная абароненасць “афіцыйных” беспрацоўных. І хоць грашовая дапамога складае менш за 50 тыс. руб., яна накладае пэўныя абавязкі. Гэта і грамадскія працы, і абавязак рэгулярна сустракацца з працадаўцамі. Пры гэтым на з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што памеры грашовай дапамогі па беспрацоўі належыць зменшыць: “Мы падтрымаем грамадзянаў, якія часова засталіся без працы. Але гэтую кантору будзем “сціскаць”, так званую грашовую дапамогу па беспрацоўі”. Сваё патрабаванне прэзідэнт патлумачыў тым, што “ёсць пэўныя грамадзяне, якім выгодна “сядзець на дапамозе”.

На меркаванне эканаміста Даследчага цэнтру Інстытуту прадпрымальніцтва і менеджменту Аляксандра Чубрыка, павелічэнне грашовай дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню бюджэту пражытковага мінімуму дазволіла б адмовіцца ад падтрымання празмернай занятасці на прадпрыемствах і павысіць іх эфектыўнасць на знешніх рынках.

Тым часам ва Украіне грашовую дапамогу беспрацоўным узнялі да $ 85. У Расеі ў залежнасці ад рэгіёну мінімальная дапамога складае $ 28, максімальная – $ 163. Значна вышэйшыя паказнікі ў суседзяў, што ўваходзяць у Еўразвяз. У Польшчы сярэдні памер грашовай дапамогі складае $ 170, у Літве – $ 200, у Латвіі – $ 190.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары