news
Гісторыі
«За нашымі рукамі сачылі…» Былы палітвязень апавёў, як ажаніўся ў следчым ізалятары
Суджаны – асуджаны.
29.10.202308:15

35-гадовы пісьменнік і перакладнік з Бабруйску Аляксей Гайшун быў засуджаны ў красавіку 2022-га на паўтара года калоніі паводле народнага артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу. Адбываў тэрмін у Магілёўскай калоніі № 15. Праз некалькі месяцаў па вызваленні Аляксей эвакуяваўся з Беларусі, цяпер піша кнігу. Самым балючым месцам у ёй называе раздзел пра шлюб, які браў у Гомельскім СІЗА. Былы палітычны вязень апавядае «Белсату», як усё адбывалася.

Аляксей Гайшун пасля эвакуацыі з Беларусі. Фота з асабістага архіву героя публікацыі

«Так, я ажаніўся ў следчым ізалятары. Выдатна памятаю гэты момант, памятаю гэтыя нацягнутыя рожы дзвюх работніц ЗАГСу і мянтоў, якія былі беспасярэдне нашымі сведкамі. Гэта была настолькі клоўнская працэдура, што я быў проста ў шоку», – згадвае Аляксей Гайшун.

Пацалунак праз краты

Вяселле ў СІЗА адбылося 9 ліпеня 2022 года. Аляксей тлумачыць, што да ягонага затрымання яны з сяброўкай і не думалі пра афіцыйную рэгістрацыю («Жылі без шлюбу, нам і так было добра»). Калі ў турме даведаўся, што грамадзянская жонка не мае права ні на спатканні, ні на перадачы, пастанавілі пабрацца афіцыйна. Напісаў заяву на імя начальніка СІЗА, жонка са свайго боку таксама. Атрымалі дазвол.

Але тое, што адбылося, назваць вяселлем хіба цяжка.

«Гэта быў звычайны пакой для допытаў. Невялікі пакойчык, падобны да турэмнай камеры. Стол, крэсла, кнопкі трывожныя на сцяне. І краты, клетка такая, куды мяне змясцілі. Зайшлі работніцы ЗАГСу і два міліцыянты. Зайшла мая жонка. Некалькі хвілінаў фармальнасцяў.

Тра-та-та-та-та, абвяшчаю вас і гэтак далей. Не памятаю, не хачу помніць, што гэта была за цырымонія. Але далі хоць пацалавацца. Не ведаю, можа, на дзве сотыя секунды. І як бы ўсё. І вывелі. І да пабачэння», – апавядае былы палітычны вязень.

Аляксей удакладняе: не ўдалося нават абняць жонку, бо высоўваць рукі праз краты маладому было забаронена. Перадаць хоць які падарунак таксама было нельга («За нашымі рукамі сачылі»).

«Я планаваў потым зрабіць штосьці прыгожае, калі выйду ўжо. Але, на жаль, потым не зраслося. Вось. Можна сказаць, сям’і ў мяне ўжо амаль няма», – з сумам у голасе заўважае Аляксей Гайшун.

Магчыма, усё яшчэ наладзіцца, нефармальна. Бо што чакаць ад афіцыйнага шлюбу, сведкамі ў якім выступалі супрацоўнікі МУС? Аляксей не запомніў нават іхных прозвішчаў. Усе паперы падчас працэдуры трымалі ад яго далей. Потым выдалі толькі копію пасведчання аб заключэнні шлюбу, і нават не на рукі – падшылі ў асабістую справу.

Садызм і лукашызм: узяць і перамяшаць

«Але пра аднаго сведку скажу. Самы нахабны з усіх мянцёнак. Маленькі, шчуплы такі, але вельмі разявісты. Любіў памахаць электрашокерам, пакрычыць: эй ты, расказвай мне распарадак! Адзінае, што ведаю, – пасля адзін палітычны даў яму ўсё ж добрага кухталя, збіў гэты ягоны берэцік. Пасля таго троху папусціўся. Але, на жаль, гэтага я ўжо не бачыў. Толькі чуў, што той палітычны, не буду называць ягонага прозвішча, трапіў у карцар», – апавядае Аляксей.

Цытата з трэцяй часткі кнігі, якую піша Аляксей Гайшун

Кажа, калі таго палітвязня кінулі ў карцар, да яго баяліся заходзіць сілавікі

«У нас быў варыянт пабрацца ўжо на зоне. Але мяне папярэдзілі, і правільна зрабілі, што ў калоніі пасля доўгатэрміновага спаткання па заключэнні шлюбу адразу ляціш у ШІЗА. Прычым не на 10 содняў – лупілі пасля іх «самападаўжэнне». І так магло працягвацца аж да 5 месяцаў, у залежнасці ад таго, наколькі ім хтосьці не падабаецца».

«Мядовы месяц у ШІЗА? Так кампенсавалі магчымасць сустрэцца з каханым чалавекам?» – пытаемся.

«Так-так. Штосьці з садызму і лукашызму разам узятых і перамяшаных», – адказвае Гайшун.

«Не вылучаю аднаго мудака з кучы мудакоў»

Усё гэта Аляксей Гайшун апісвае ў сваёй кнізе з працоўнаю назваю «Кветка кактуса». Піша яе па-расейску, паралельна перакладае на англійскую. Напісаныя ўжо дзве часткі, працуе над трэцяю.

Цікава, што аўтар, свядома і наўмысна, пазбягае прывязкі да Беларусі і канкрэтных прозвішчаў ды імёнаў – і турэмнікаў, і вязняў. Героям надае выдуманыя імёны, а вертухаям пакідае мянушкі (паганялы), якія насілі на зоне. Гэтак, прачытаем у тэксце пра оперупаўнаважанага Жабу ці, да прыкладу, вертухая Анжэлу. Чаму ён не назваў гэтых людзей сапраўднымі імёнамі?

«Па-першае, гэта вельмі і вельмі дробязна і нізенька, вельмі «кароткапісечна» – помсціць аднаму ідыёту. Бо яны там плюс-мінус усе аднолькавыя дэбілы. Далі загад – самы адмарожаны першы пабег выконваць, менш адмарожаныя пабеглі за ім, зусім не адмарожаны зрабіў выгляд, што ён адмарожаны, і таксама пабег, хоць і апошні. Так яно і атрымлівалася. Таму не вылучаю нейкага аднаго мудака з кучы мудакоў», – кажа былы палітычны вязень.

Аляксей упэўнены, што кожны «дзесяць разоў» сам сябе пазнае, бо «яны ўсё чытаюць».

«Жалезным люкам закрыць тое, што з цябе лезе»

Аляксей Гайшун прызнаецца, што ўвайшоў у творчы крызіс, але спрабуе яму супрацьстаяць. Апошнія напісаныя часткі прысвечаныя перабыванню ў каранціне магілёўскай калоніі: герой прачынаецца раней за ўсіх і глядзіць праз адчыненыя ўваходныя дзверы на халодны «замагільны» дождж, які залівае двор. З гэтага лютага дажджу, дарэчы, пачынаецца і ўся кніга:

«У трэцяй частцы ўжо храналагічна вяртаюся да гэтага моманту. Усе запалоханыя і супербледныя. Ніхто не разумее, што будзе далей. Усе гэтыя «казлы», то бок зэкі на пасадах, пачынаюць апытваць, якая мянуха, і гэтак далей. Маўляў, вы трапілі ў ПК-15, зараз спазнаеце жыццё і прасякнецеся. Я помню гэта вельмі выразна. Помню, якія ўва ўсіх былі твары. Усе былі розныя, але ў галовах было адное і тое ж: менш гаварыць і паболей слухаць».

Магілёўская папраўчая калонія № 15:  9 – дворык каранціну, 10 – пакой, дзе праводзілі «шмон» пры ўездзе, 11 – капліца на тэрыторыі калоніі, 12 – брама з КПП у жылую зону. Малюнак былога вязня

«І вось мы, значыцца, як прывіды, хадзілі па тым закрытым двары, агароджаным вялікім плотам, праз які нічога не было відаць. І спрабавалі нейкім чынам, не нарваўшыся на стукача, знайсці родную душу», – дадае Аляксей.

У сваім тэксце Гайшун не пазбягае турэмнага жаргону і кажа, што гэта не замінае перакладу на англійскую. У гэтай мове, як амаль у кожнай, «існуе амаль такая самая наменклатура словаў» і свае аналагі для абазначэння СІЗА, ШІЗА, зоны ці стукачоў.

Цытата пра каранцін у ПК № 15 з трэцяй часткі кнігі, якую піша Аляксей Гайшун

Дарэчы, адзіны раз, калі Аляксей трапіў у ШІЗА, на зоне быў якраз звязаны з ужываннем слова з турэмнай фені. Адбываецца так: калі трэба чалавека хуценька кінуць у штрафны ізалятар, яму задаюць пытанні, і калі ў адказе праскоквае жаргоннае слоўца – ШІЗА.

«Нейкага рэгламенту, датычнага жаргону, на зоне не было. І табе невядома, якое тваё наступнае слова можа трактавацца як жаргоннае. Калі мяне спыталі пра бандэроль, якую павінен быў атрымаць, я адказаў, што «бандэроль зайшла», а не «паступіла». І ўсё. Па сутнасці, павінны былі даць за гэта невялікае спагнанне, а атрымаў 10 содняў ШІЗА. Бо ў рапарце напісалі, што лаяўся і абзываў мянтоў. Такія вось справы», – тлумачыць Аляксей Гайшун.

Таму, паводле былога палітвязня, вельмі важна ўмець падбіраць словы. А лепей увогуле трымаць язык за зубамі. І быць спакойным – мець халодную кроў.

Гісторыі
Былы палітвязень – пра размовы на Валадарцы з нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім
2023.10.20 08:00

«Турма і зона – гэта якраз той выпадак, калі трэба жалезным люкам закрыць тое, што з цябе лезе. Пакінуць толькі тое, што неабходна. Мне гэта ўдавалася… Лепей узяць сябе ў рукі, лепей паказацца тормазам, але добра ўсё абдумаць, перад тым як нешта сказаць ці зрабіць, і выйсці з сітуацыі як мінімум не пераможаным», – раіць Аляксей.

«Непрадказальнасць чалавечай тупасці»

Былы палітычны вязень кажа, што кніга, якую піша, цалкам заснаваная на фактах і рэальных падзеях (выдуманыя толькі імёны). Штосьці бярэцца з памяці, штосьці – з лістоў да жонкі, якія цяпер аказаліся ў яго («Аказалася, што пісаў лісты самому сабе»). Але ў СІЗА № 3 і ПК № 15 ён таксама пісаў – фантастычныя творы. Дзве кнігі фантастыкі турэмнікі знішчылі на ягоных вачах, калі выходзіў ужо на свабоду:

«Там я максімальна спрабаваў адгарадзіцца ад рэальнасці. Пісаў фантастыку, каб зусім з катушак не зляцець. Нейкая сумесь стартрэку і зорных войнаў. Прыгоды ў космасе, скачкі ў часе, дзівосныя іншапланетнікі. Шкада, вядома. Сюжэт я выбудаваў добры. І людзям падабалася, калі чытаў ім услых», – прызнаецца пісьменнік.

Цытата з трэцяй часткі кнігі, якую піша Аляксей Гайшун

Пасля напісання цяжкай і рэалістычнай «Кветкі кактуса» (назва можа змяніцца) Аляксей мяркуе вярнуцца да фантастыкі:

«Я заўжды казаў, яшчэ да ходкі, што рэалізму мне стае і ў рэальнасці. А фантастыку люблю і спажываць, і генераваць».

Просіць не згадваць у нашым тэксце гораду і краіны, у якой цяпер застаецца. Аляксея эвакуявалі з Беларусі ў жніўні 2023 года, цяпер ён у бяспецы. З месцаў пазбаўлення волі прывёз з сабою не толькі жаргонныя словы, але і звычку прачынацца а 5:00. «А лепей сказаць – бяссонне», – удакладняе наш суразмоўца. Яшчэ схуднеў: мінус 40 кг. А самая дарагая каштоўнасць, якую вярнуў сабе на свабодзе (па-за тэрыторыяй Беларусі), – голас. Бо стаміўся ўжо трымаць язык за зубамі…

«Аляксей, як гісторык з адукацыі, пісьменнік і былы палітвязень, скажыце: ці можна правесці паралель паміж тымі рэпрэсіямі, якія адбываюцца цяпер, і сталінскімі рэпрэсіямі 1930-х гадоў?» – пытаемся пра гэта, бо размаўляем напярэдадні Ночы расстраляных паэтаў.

«Не, нельга такую паралель правесці. Бо гэта не паралель. Гэта адна простая лінія. Усё робіцца паводле аднаго лякала, з улікам, зразумела тэхнічнага прагрэсу: раней вышуквалі нататнікі, а цяпер – «Тэлеграм» глядзяць», – мяркуе былы палітычны вязень.

Аляксей Гайшун пасля эвакуацыі з Беларусі. Фота з асабістага архіву героя публікацыі

«Ці далёка да таго, каб пачалі расстрэльваць?» – пытаем.

«Вельмі-вельмі мала засталося да гэтага. Бо нельга недаацэньваць непрадказальнасць чалавечай тупасці. А адмарожаных ідыётаў сярод лукашыстаў вельмі шмат», – падсумоўвае Аляксей Гайшун.

На 27 кастрычніка ў Беларусі былі афіцыйна прызнаныя палітычнымі вязнямі 1483 чалавекі. Згодна з падлікамі «Dissidentby», іх 1699. Насамрэч палітзняволеных у Беларусі можа быць удвая ці ўтрая больш. Паводле «Вясны», у папраўчай калоніі № 15 адбываюць тэрмін 119 палітвязняў. Сярод іх – журналісты Алесь Любянчук і Сяргей Сацук, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, прафсаюзны лідар Васіль Бераснеў, актывіст Андрэй Войніч, анархіст Аляксей Галаўко, юрысконсульт Аляксандр Капшуль, святар Сяргей Разановіч, былы вайсковец Аляксей Іванісаў ды іншыя.

Hавiны
З Беларусі эвакуявалі сям’ю папулярызатараў беларускай мовы, Ігара Случака і Аліну Нагорную
2023.10.25 16:42

Зміцер Міраш belsat.eu