У ААН заявілі, што не прызнаюць вынікі «рэферэндумаў», якія прайшлі на акупаваных тэрыторыях Украіны


«Рэферэндумы» аб уваходжанні самаабвешчаных ДНР і ЛНР, а таксама падкантрольных расейскім войскам тэрыторый Херсонскай і Запарожскай абласцей у склад Расеі не будуць мець юрыдычнай сілы, заявіў генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш.

Антонью Гутэрыш.
Фота: Flickr

Антонью Гутэрыш заявіў, што Расея як адзін з пяці сталых чальцоў Рады Бяспекі ААН «нясе адмысловую адказнасць за выкананне статута» гэтай арганізацыі, а «рэферэндумы» на захопленых Расеяй тэрыторыях праведзены па-за рамкамі ўкраінскага прававога і канстытуцыйнага поля і іх нельга назваць сапраўдным выразам народнай волі. Яны не могуць быць узгоднены з міжнароднымі прававымі рамкамі.

«Любая анэксія тэрыторыі дзяржавы іншай дзяржавай у выніку пагрозы сілай або прымянення сілы з’яўляецца парушэннем прынцыпаў Статута ААН і міжнароднага права, – дадаў Гутэрыш. Мы цалкам адданыя суверэнітэту, адзінству, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў рамках яе міжнародна прызнаных межаў і ў адпаведнасці з рэзалюцыямі ААН».

Нагадаем, 23–27 верасня на акупаваных тэрыторыях Украіны ў «ЛНР», «ДНР», Запарожскай і Херсонскай вобласцях прайшлі «рэферэндумы» за ўваходжанне ў склад Расеі.

Украіна і міжнародная супольнасць загадзя заявілі, што не прызнаюць вынікаў гэтага галасавання і яны не будуць мець ніякай юрыдычнай сілы з пункту гледжання міжнароднага права. Вялікая Брытанія ўжо ўвяла санкцыі ў сувязі з «рэферэндумамі». Ужыць абмежаванні хочуць Канада і Еўразвяз. Грузія, Казахстан, Турцыя і Сербія таксама асудзілі правядзенне псеўдарэферэндумаў. У Беларусі пакуль з пазіцыяй не вызначыліся.

Hавiны
Еўразвяз асуджае незаконныя рэферэндумы, якія прайшлі на акупаваных тэрыторыях Украіны
2022.09.28 12:02

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў