Следчы камітэт дадаў Герасіменю і Апейкіна ў спіс тых, каго будуць судзіць завочна


Следчы камітэт Беларусі пачаў спецыяльнае вядзенне ў дачыненні Аляксандры Герасімені, Аляксандра Апейкіна і Дзмітрыя Салаўёва – іх будуць судзіць завочна. Імёны гэтых дзеячаў з’явіліся ў адпаведным спісе на сайце Следчага камітэту.

Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін у варшаўскай студыі «Белсату». 21 кастрычніка 2020 года.
Фота: Яна Пракопчык / Белсат

Алімпійскую прызёрку ў плаванні Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна абвінавачваюць у закліках да санкцыяў (ч. 3 арт. 361 КК), а Дзмітрыя Салаўёва – у перамяшчэнні праз мяжу буйной сумы грошай (ч. 4 арт. 282 КК) і ў рыхтаванні асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, фінансаванні і іншым матэрыяльным забеспячэнні такой дзейнасці (ч. 4 арт. 282 КК). Спецыяльнае вядзенне супраць іх распачало 29 верасня Галоўнае следчае упраўленне СК.

Герасіменя і Апейкін – заснавальнікі Беларускага фонду спартовай салідарнасці, які дапамагае рэпрэсаваным спартоўцаў. Аднак Аляксандра Герасіменя з нядаўняга часу больш не займаецца Фондам. Дзмітрый Салаўёў – праваабаронца, праходзіць падазраваным у справе праваабаронцаў ПЦ «Вясна», змог з’ехаць з краіны вясной 2021 года. Ён адзін з арганізатараў незалежнага назірання за выбарамі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Яшчэ ўчора, 28 верасня, прадстаўнікі Следчага камітэту заявілі, што збіраюцца судзіць удзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасці, праваабарончага цэнтру «Вясна», Каардынацыйнай рады, тэлеграм-каналу «Nexta» і Валерыя Цапкалу. Пакуль у спісе восем імёнаў, у тым ліку адміністратары «Чорнай кнігі Беларусі».

Артыкулы
«Мая краіна апускаецца на ўзровень тэрарыстаў». Юрыст НАУ пра завочныя суды над палітуцекачамі
2021.11.30 11:33

Спецыяльнае вядзенне дазваляе весці крымінальную справу ў дачыненні абвінавачанага, які перабывае за межамі Беларусі і які ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Згодна з арт. 468-27 КПК, даведацца пра распачатае спецыяльнае вядзенне можна праз сайт Следчага камітэту. Таксама «абвінавачаны лічыцца належным чынам апавешчаным аб правядзенні ў дачыненні яго спецыяльнага вядзення, выкліку ў орган, які вядзе крымінальны працэс, а таксама аб прынятых у справе рашэннях з дня, наступнага за днём размяшчэння інфармацыі».

Закон аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае з’яўленне ў Беларусі завочнага следства і суда над абвінавачанымі, калі тыя застаюцца па-за межамі Беларусі, 21 ліпеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў