Чаму шэршні нападаюць на чалавека і ці трэба іх баяцца? Распавядае навуковец


У жніўні ў навінах некалькіх разоў з’яўляліся паведамленні пра напад шэршняў і восаў на людзей, а таксама пра смяротныя выпадкі пасля іх укусаў. Чаму гэтыя казуркі могуць атакаваць? Як абараняцца, калі вы бачыце, што на вас нясецца рой восаў ці шэршняў? Ці праўда, што шэршні насамрэч вельмі міралюбівыя? Што можа выклікаць цяжкія наступствы пасля ўкусаў? Дзе пабачыць п’яных шэршняў? Самыя карысныя і цікавыя факты пра гэтых незвычайных інсектаў – у аповедзе хіміка-фармацэўта, эксперта ў грамадзянскай бяспецы Сяргея Бесараба.

Графіка «Белсату»

Як шэршні нападаюць і ў якіх сітуацыях

Шэршань – гэта буйная аса і пры гэтым самая міралюбівая з усіх відаў, кажа Сяргей Бесараб. Часам шэршні могуць пасяліцца ў непажаданых для чалавека месцах – напрыклад, у паштовай скрыні, пад дахам. Гэта нязручна для людзей, і тады іх гнёзды даводзіцца знішчаць, але мэтанакіраванай шкоды шэршні ніколі не прыносяць. Больш за тое, ніколі не нападаюць першымі, хоць і выглядаюць пагрозліва.

«Яны вялікія і крыху лянівыя і нападаюць толькі ў двух выпадках – калі ёсць пагроза гнязду ці жыццю канкрэтнай асобіны. Тады ў іх уключаецца механізм абароны, – распавядае навуковец. – Шэршань, як і іншыя пчолы і восы, у сітуацыі пагрозы выкідвае так званы ферамон атакі – гэта даволі простыя хімічныя рэчывы: аліфатычныя спірты з ланцугом даўжынёй ад пяці да дзесяці атамаў вугляроду. Выкідваецца ён таксама, калі шэршня забіваюць. Гэты ферамон імгненна мабілізуе ўсё гняздо – яно ўстае на абарону асобіны, якой пагражае небяспека».

Сутыкненне шэршня і чалавека можа адбыцца і за ежу – калі харчовы прадукт, які шэршань палічыў сваім, служыць таксама ежаю чалавека, кажа навуковец:

«Калі чалавек будзе спрабаваць прагнаць шэршня з ежы, ён, хутчэй за ўсё, атакуе. Ці дапамогуць суродзічы, залежыць ад таго, як далёка гняздо і наколькі шмат асобінаў ёсць побач. Калі гняздо недалёка, яны ўсе прыляцяць яму дапамагаць, пры тым імгненна кінуцца».

Калі на шэршня ніхто не нападае, не спрабуе яго забіць, ён паводзіцца цалкам міралюбіва, кажа Сяргей Бесараб:

«Я памятаю, клаў кавалачак курынага мяса на руку, і шэршань спакойна залазіў на руку і гэтае мяса еў і мяне не кусаў. То бок, калі шэршань заляцеў у хату, не трэба спрабаваць яго забіць, махаць рукамі, выганяць яго. Трэба спакойна сесці, напрыклад, чытаць кнігу – шэршань сам будзе шукаць адтуліну, каб выйсці з памяшкання, і выйдзе. У яго няма мэты нашкодзіць чалавеку».

Навошта шэршні патрэбныя ў прыродзе?

Шэршні – вельмі карысныя, у свеце казурак яны, як ваўкі сярод жывёлы, выконваюць ролю санітараў, кажа спадар Бесараб:

«Апошні трэнд у інсектыцыдалогіі ў свеце – пераход ад хімічных рэчываў да біялагічных ворагаў шкоднікаў, то бок да казурак-энтамафагаў. Дык вось восы знішчаюць вельмі шмат шкоднікаў – нават іксодавых кляшчоў, якія пераносяць энцэфаліт і лайм-барэліёз. У ЗША ў 50–60-х гадах мінулага стагоддзя праводзілі даследаванні, дзе спрабавалі знішчаць гэтых кляшчоў з дапамогай восаў, і вельмі паспяхова. Амерыканцы тады сказалі, што гэта, магчыма, найлепшы спосаб барацьбы з кляшчом».

Шэршня, паводле спадара Бесараба, наўрад ці зацікавіць клешч, бо ён надта малы. Але шэршань есць большых казурак, напрыклад, вусеняў, у прыватнасці, амерыканскага белага матыля – гэта каранцінны шкоднік, які ўжо «аб’еў Лунінец, Мазыр». Акрамя таго, шэршні ядуць васковую агнёўку, якая псуе соты і вельмі шкодзіць пчолам, што можа прывесці да знішчэння цэлых пасек. Некаторыя еўрапейскія пчаляры ў спецыяльнай драўлянай скрыначцы робяць гняздо, каб там жылі шэршні і ахоўвалі пасеку, кажа Сяргей Бесараб:

«Часам можна пачуць скаргі, што шэршні ядуць пчолаў, але калі шэршні з’ядуць некалькі працоўных пчолаў, гэта мізэрная шкода ў параўнанні з тым, што можа нарабіць васковая агнёўка. Таксама шэршань жукоў шкодных знішчае, даўганосікаў, матылёў яблыневай соўкі. Шэршань – універсальны абаронца сядзібнага ўчастку».

Ці пабольшала ў Беларусі шэршняў?

Апошнім часам іх становіцца менш ува ўсім свеце, кажа спадар Бесараб. Як наступства безразважнага страху чалавека перад гэтымі інсектамі цягам дзесяцігоддзяў іх бескантрольна знішчалі, і папуляцыя няўхільна змяншалася. Цяпер у еўрапейскіх краінах шэршань нават занесены ў спісы карысных казурак, якія стаяць на мяжы знішчэння. У Нямеччыне ўведзены вялізны штраф за знішчэнне шэршняў. У Беларусі шэршняў таксама становіцца менш, у тым ліку праз актыўнае выкарыстанне пестыцыдаў у сельскай гаспадарцы.

«Мы бачым шэршня, калі ён на кагосьці напаў і пра гэта напісалі медыі. Насамрэч ніякага дачынення гэта не мае да памераў папуляцыі і колькасці гнёздаў, – кажа навуковец. – Калі медыі напішуць, што шэршні напалі 10 разоў на тыдзень, гэта можа падавацца неверагоднай навалай, але насамрэч гэта будзе толькі адно гняздо і шэршні з аднаго гнязда. Хутчэй за ўсё агульнаеўрапейская тэндэнцыя мае месца і ў Беларусі – шэршняў становіцца менш».

Што рабіць, калі на цябе нясецца рой шэршняў?

Калі бачыш шэршня, не трэба рабіць рэзкіх рухаў, лепш зрабіць выгляд, што яго няма, таму што ў яго няма мэты напасці на чалавека і нашкодзіць, кажа эксперт:

«У шэршня даволі вялікі памер мозгу (цэрэбральнага ганглія), таму шэршань не дурны, ён проста хоча жыць, яму не патрэбны канфлікт».

Важна памятаць, што некаторыя араматызатары сінтэтычнай ежы (напрыклад, бананавыя, яблычныя) могуць працаваць як ферамон атакі, бо ўтрымліваюць у сваім складзе ўсё тыя ж вытворныя простых аліфатычных спіртоў. Спадар Бесараб не раіць браць такіх напояў на пікнік, а таксама не карыстацца парфумай і нават рэчы не мыць з пральным парашком з араматызатарамі. Лепш выкарыстоўваць гіпаалергенныя дзіцячыя парашкі і адмаўляцца ад складаных араматызатараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Tom Sid / Unsplash

Адначасова з рэчывамі, якія прыцягваюць шэршняў, ёсць і такія, якія адпужваюць, – гэта, напрыклад, адмысловыя тэрпены, якія ўтрымліваюцца ў такіх раслінах, як гваздзікі, герань, лімонная трава, размарын.

Звычайныя рэпеленты супраць казурак у выпадку з шэршнямі маюць меншую эфектыўнасць.

«Нават інсектыцыды далёка не ўсе працуюць супраць шэршняў, бо ўся індустрыя інсектыцыдаў накіраваная на тое, каб знішчаць шкодных казурак, але не чапаць пчолаў. А тое, што не чапае пчолаў, не чапае і шэршняў», – зазначае навуковец.

Калі на цябе нясецца рой шэршняў, трэба ўцякаць, раіць спадар Бесараб. Калі чалавек адбяжыць на дастаткова вялікую адлегласць ад гнязда, яны адвяжуцца.

«Лепш за ўсё яшчэ накінуць на галаву пластыкавы пакет, кавалак цыраты, у любым выпадку нешта светлае, бо для шэршняў чорны колер валасоў на галавае – як мішэнь, яны будуць кідацца менавіта ў галаву, – кажа наш суразмоўца. – Яны рэагуюць на цёмныя, чорныя колеры, таму, калі хтосьці збіраецца ў такія месцы, дзе ёсць рызыка сустрэць шэршняў, лепш апранацца ў светлыя рэчы. А пакет ці цырату яны проста наўрад ці пракусяць. Ну і ўцякаць, не махаць рукамі, а ўцякаць».

Ні ў якім разе не трэба спрабаваць уратавацца ў рацэ ці возеры.

«Зразумела, што шэршань у ваду не палезе. Але яны будуць лётаць побач, пакуль у паветры будуць заставацца хоць некалькі дзясяткаў малекулаў ферамону атакі – гэта хвілінаў 10–15. Ці зможа столькі чалавек прабыць без паветра ў вадзе?» – кажа навуковец.

Што рабіць, калі шэршань усё ж укусіў?

Таксама лепш пазбягаць вады, кажа Сяргей Бесараб. Бо яд шэршня, як і агулам восаў і пчолаў, утрымлівае так званыя рэчывы-нейратрансмітары, якія ўздзейнічаюць на сэрцава-судзінную сістэму.

«Таму калі пасля ўкусу яшчэ і ў ваду кінуцца – гэта фактычна падпісаць сабе вырак. У некаторых адчувальных людзей з захворваннямі сэрца ўкусы шэршня выклікалі прыступы тахікардыі, і патрабавалася неадкладная медыцынская дапамога, выкарыстанне адмысловых лекаў накшталт прапафенону», – зазначае навуковец.

У адказ на ўкус шэршня ў кроў можа выкідвацца вялізная колькасць гістаміну, што прывядзе да алергічнай рэакцыі. Яна можа быць даволі моцнай, аж да ацёку Квінке і анафілактычнага шоку. Таму Сяргей Бесараб падчас паходаў на прыроду раіць заўсёды мець з сабой антыгістамінны сродак, а яшчэ лепш «EpiPen» – аўтаматычны шпрыц з адрэналінам.

«Антыгістамінны сродак я б раіў мець з сабою нават тым, у каго раней не назіралася алергіі, бо ніколі не ведаеш, якая будзе рэакцыя на яд шэршня, бо ён шматкампанентавы – у ім 41 складнік, і на кожны можа ўзнікнуць алергічная рэакцыя», – зазначае эксперт.

Яд шэршня ўтрымлівае больш ацэтылхаліну, чым пчаліны, таму ён вельмі балючы. Каб зменшыць боль, можна набыць у аптэцы адмысловыя сурвэткі з прэпаратамі, якія ахалоджваюць і абязбольваюць. У сваёй назве яны часцей за ўсё маюць пазнаку «sting & bite relief pad», то бок аблягчэнне болю пасля ўкусаў казурак. Каб зняць ацёк, можна скарыстацца мазямі з кортыкастэроідамі, але лепш пасля кансультацыі з лекарам, каб не было непажаданых наступстваў. Каб падабраць антыгістамінны сродак, Сяргей Бесараб таксама раіць пракансультавацца з лекарам.

«Калі вы бачыце, што моцна і хутка пачалі апухаць рукі, шыя, калі шэршань укусіў у галаву, вобласць шыі, цяжка дыхаць, сэрца пачало здаваць, то трэба выклікаць хуткую і не спрабаваць нешта рабіць самому, бо з сэрцам жартаў няма, можна згубіць час. Калі ўкусіў і проста балюча, і нічога не апухае, можна прыкласці холад, каб зняць прыпухласць, выпіць антыгістамін – і ўсё павінна прайсці, – кажа навуковец. – Дарэчы, шмат якія кампаненты пчалінага яду карысныя, з іх робяць кампаненты лекаў, яны ёсць патэнцыйнымі прыроднымі антыбіётыкамі, а значыць, гэта датычыць і яду шэршня, бо яны вельмі падобныя складам. Калі няма непераноснасці і імавернасці анафілактычнага шоку, лепш ставіцца да ўкусаў такіх роевых інсектаў прасцей».

Дзе шэршняў найбольш і калі яны самыя небяспечныя?

Шыротны ці кліматычны фактар на распаўсюд шэршняў не ўплывае, кажа эксперт:

«Колькасць і месцы пражывання шэршняў сёння прывязаныя да гаспадарчай дзейнасці чалавека. Яны традыцыйна жылі ў старых дрэвах, у трэшчынах і дуплах. Асноўны будаўнічы матэрыял для гнязда – гэта кара дрэваў, якую шэршні абгрызаюць. Калі лясы высякаюць, шэршні перамяшчаюцца бліжэй да гарадоў, да жытла чалавека, дзе прасцей знайсці і цёмныя месцы для гнязда, і будаўнічы матэрыял».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Jean-Yves Matroule / Unsplash

Шэршні – сезонныя казуркі. Актыўнае развіццё ў іх пачынаецца ў красавіку-траўні, калі тэмпература паветра перавышае 10 градусаў цяпла – у гэты час яны пачынаюць будаваць гнёзды, адкладваць яйкі.

«Тады яны палююць на жамяру, каб карміць лічынкі, якім трэба бялковы корм. Бліжэй да канца лета, калі лічынкі падраслі, шэршні пачынаюць есці розную садавіну салодкую, гародніну пераспелую, таму іх можна сустрэць у садах, агародах, дзе шмат агародніны, садавіны. З першымі халадамі шэршні становяцца вялымі і знікаюць», – зазначае эксперт.

Напрыканцы жніўня – у верасні можна сустрэць такую з’яву, як п’яныя шэршні.

«Калі на зямлі шмат апалых пераспелых забрадзілых грушаў, яблыкаў, шэршні іх ядуць, п’янеюць і ляжаць на іх, ледзь поўзаюць. Гэта такі знак канца лета, надыходу восені, калі поўзаюць п’яныя шэршні», – распавядае спадар Бесараб.

Максімальная колькасць шэршняў назіраецца ў жніўні – пачатку верасня.

«Пасля сярэдзіны верасня маладыя самкі спарваюцца з трутнямі і сыходзяць у спячку, хаваючыся ў невялікіх адтулінах драўніны. Самцы ж, працоўныя шэршні і старая матка – усё гняздо гіне ад холаду. Дарэчы, кусаюць людзей самкі, у шэршняў-самцоў няма джала, – тлумачыць навуковец. – Вясной аплодненыя з восені маткі выходзяць і пачынаюць будаваць гняздо, адкладаць у ім яйкі, з якіх выходзяць рабочыя асобіны. У сваю чаргу рабочыя шэршні адкладаюць так званыя гаплоідныя яйкі, з якіх потым утвараюцца самцы-трутні».

Сяргей Бесараб перакананы, што шэршняў не трэба баяцца, іх небяспека перабольшаная, гэта насамрэч міралюбівыя і вельмі карысныя казуркі. З імі можна цалкам бесканфліктна жыць, калі не спрабаваць нанесці ім шкоды.

«Калі ёсць агародніна, садавіна, розныя паразіты, тады ёсць і шэршні. Шэршні – рыцары лета, яны ахоўваюць яго і знікаюць пры першых прыкметах сапраўднай восені», – рэзюмуе эксперт.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў