Ва Умані завяршылі ратаўнічую аперацыю: 23 загінулыя


Пошукава-выратавальная аперацыя на месцы разбуранага расейскаю ракетаю шматпавярховіку ва Умані завершаная. У выніку ракетнага ўдару загінулі 23 чалавекі, з якіх 6 дзяцей, параненыя 9 чалавек, паведаміў кіраўнік МУС Украіны Ігар Клымэнка ў Facebook.

Расейская ракета трапіла ў шматпавярховік ва Умані, 28 красавіка 2023 года.
Фота: mvs_ukraine / Telegram

Ахвярамі расейскага ўдару сталі 23 чалавекі: 22 целы дасталі з-пад завалаў, яшчэ адзін чалавек памёр у шпіталі. Сярод загінулых – шасцёра дзяцей: трое хлопчыкаў (паўтара года, 16 і 17 гадоў) і тры дзяўчынкі (8, 11 і 14 гадоў).

Усе 23 целы загінулых ідэнтыфікаваныя. Быў арганізаваны адмысловы штаб, дзе сваякі загінулых маглі здаць біялагічныя ўзоры для ДНК-параўнання, каб дакладна ідэнтыфікаваць целы, вынятыя з-пад завалаў.

З-пад завалаў выратавалі 17 чалавек. Яшчэ дзве жанчыны лічацца зніклымі без вестак.

«Усе службы спрацавалі зладжана і эфектыўна. Дзякуй ратавальнікам, паліцыянтам, работнікам камунальных службаў, дзясяткам уманчанаў, якія далучыліся да разбору абрунутага дому. Работа ішла вельмі хутка, бо ўсе спяшаліся. Да апошняга спадзяваліся знайсці пад заваламі кагосьці жывога», – адзначыў міністр Клымэнка.

Нагадаем, зранку 28 красавіка расейскія войскі абстралялі некалькі ўкраінскіх гарадоў, у тым ліку Умань у Кіеўскай вобласці. Адна з ракетаў трапіла ў дзевяціпавярховы дом і практычна цалкам разбурыла адзін з пад’ездаў. Паводле папярэдніх звестак, у гэтым падʼездзе жылі 109 чалавек, было 46 кватэраў, 27  кватэраў цалкам знішчаныя.

Таксама ў выніку начнога абстрэлу 28 красавіка ў Дняпры загінулі двухгадовая дзяўчынка і ейная маці. Паведамлялася аб пацярпелым дзіцяці ў выніку ўдару па горадзе Украінка Кіеўскай вобласці.

Hавiны
Уначы Расея нанесла масаваны ракетны ўдар па шэрагу ўкраінскіх гарадоў
2023.04.28 10:10

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў