news
Разбор
Новае прышэсце біткойна: ці здольная Беларусь стаць «крыптавалютным раем»
Большасць майнераў глядзяць на Беларусь прыкладна як на Афрыку.
29.03.202414:00

Беларусь разам з усім светам накрывае другая хваля цікаўнасці да крыптавалюты і майнінгу. Калі шэсць гадоў таму майнінг быў цікавы ў разрэзе жадання зрабіць з нашай краіны сваю Крамянёвую даліну, то цяпер у прыярытэце пытанне – куды падзець лішкі электраэнергіі з БелАЭС. Што такое біткойн і як яго здабываюць? Што адбываецца на рынку крыптавалютаў і чаму інвестары не спяшаюцца ствараць майнінгавых фермаў у Беларусі?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

Упершыню масавая крыптахваля пракацілася па свеце і закранула Беларусь у 2017 годзе. Тады біткойн, які яшчэ год таму каштаваў некалькі сотняў долараў, па восені прабіў адзнаку $ 10 тысяч і не думаў спыняцца. Увесь свет захліснула хваля цікаўнасці да блокчэйну, гэтай тэхналогіі прадракалі змяніць свет. Прагназавалі ледзь не тое, што біткойн зробіцца сусветнаю валютай і заменіць долар.

Даведка

Агулам у Беларусі валодаюць крыптавалютамі больш за 270 тысяч чалавек. Гэта 2,9 % усяго насельніцтва. Два гады таму гэтая лічба была большая – 3,7 % (каля 350 тысяч беларусаў).

Усяго ў свеце крыптаю валодаюць 425 млн асобаў. Агульны рынкавы кошт крыптаактываў перавысіў $ 1,18 трлн.

Згодна з справаздачай аналітычнай кампаніі «New World Wealth», у верасні 2023 года Беларусь заняла 65-ае месца ў рэйтынгу краінаў паводле колькасці карыстальнікаў крыптавалютай. Усяго ў спісе – 204 дзяржавы. Найлепшымі краінамі для развіцця блокчэйну названыя Сінгапур, ААЭ, Вялікая Брытанія, Швейцарыя і ЗША.

Цяпер жа, праз 6 гадоў, хоць у свеце назіраецца новая хваля цікаўнасці да крыптавалюты, яе перспектывы выглядаюць не такімі вясёлкавымі. Апалагеты біткойна моцна недаацанілі супрацьдзеянні цэнтрабанкаў розных краінаў свету. У адказ рынку крыптавалютаў з’яўляецца CBDC (Central Bank Digital Currency – лічбавая валюта цэнтральнага банку), то бок «лічбавае еўра», «лічбавы рубель» і гэтак далей. Таму біткойн на сёння застаецца абмежаваным паводле функцыйнасці і, хутчэй, ёсць адным з інвестыцыйных ды інфраструктурных, а не плацежных інструментаў.

Разам з тым у Беларусі склаліся дастаткова выгадныя ўмовы для крыптабізнесу. Аперацыі з токенаў не абкладаюцца падаткам на дададзеную вартасць, фізічныя асобы ў нашай краіне могуць валодаць лічбавымі знакамі і токенамі, майніць іх, набываць і адчужаць за грошы, а таксама дарыць і перадаваць у спадчыну. Але ў топ найлепшых краінаў паводле ўмоваў для крыптабізнесу нашая дзяржава ўсё ж не трапіла. Найперш гэта звязана з забаронаю на аплату тавараў або любых паслуг крыптавалютаю, калі кампанія не ёсць рэзідэнтам ПВТ.

Як Лукашэнка пастанавіў біткойн вырабляць

У канцы 2017 года Аляксандр Лукашэнка з мараю стварыць беларускую Крамянёвую даліну падпісаў дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі» з мэтаю прыцягнуць у Беларусь сусветныя IT-кампаніі. Паводле дакументу, у краіне былі легалізаваныя крыптавалюты, а будучыя рэзідэнты вызваленыя ад падатку на дададзеную вартасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

Біткойн стаўся лічбавым золатам, але здабываць яго няпроста. Сёння майнінгам у свеце заняліся буйныя прадпрыемствы: у іх сотні машынаў і мегаваты спажыванай электраэнергіі. Пры такіх аб’ёмах яны атрымліваюць зніжку паводле тарыфу. Індустрыя прыйшла да таго, што майнінгавыя цэнтры ўзбуйняюцца: іх спажыванне ўжо не 5–10 МВт, а 100–200 МВт. Самастойна майніць стала вельмі складана і не выгадна, людзі сталі абʼядноўвацца і ствараць сеткі.

Адзначым, што ўзрослыя магутнасці майнераў і, адпаведна, спажыванне электраэнергіі прывялі да таго, што ў 2021 годзе ў Кітаі (які доўгі час займаў першае месца ў свеце паводле аб’ёмаў майнінгу біткойна) забаранілі майнінг, бо гэта стварае праблемы як для электраэнергетычнай галіны, гэтак і для ўсёй эканомікі. Пасля гэтага майнеры з Паднябеснай вынеслі свае магутнасці ў суседнюю Расею.

У Беларусі ж усё наадварот: беларуская эканоміка не спажывае тых гіганцкіх абʼёмаў электраэнергіі, якія выпрацоўваюцца на БелАЭС. Балтыйскія краіны адмовіліся яе купляць, але падзець яе некуды трэба. Таму ўлады Беларусі разглядаюць варыянты выкарыстоўваць гэтую электраэнергію для майнінгу крыптавалюты. Шукаюцца інвестары для будаўніцтва майнінгавых фермаў недалёка ад БелАЭС.

Эканаміст, вядоўца крыптаімпрэзаў Яўген Раманенка ў каментары «Белсату» адзначыў, што хоць такая ідэя цалкам лагічная, перашкодзіць задумам могуць краінавыя рызыкі Беларусі для інвеставання мільёнаў долараў у абсталяванне і будаўніцтва майнінгавых фермаў. Як падкрэсліў эксперт, Беларусь застаецца «спецыфічнаю тэрыторыяй для інвестыцыяў».

Раманенка дадаў, што майнеры з’яўляюцца паўсюль у свеце, дзе ёсць танная электраэнергія. Спрыяе гэтаму і высокая цана біткойна. Таму, заявіў эканаміст, «майнеры, якія гэтыя рызыкі разумеюць і гатовыя іх прымаць, вядома, майніць будуць».

«Калі вы з уладаю сябруеце і маеце гарантаванае страхаванне, што ўлада на вас не наедзе і рэйдарскім чынам не адцісне вашага бізнесу, то вы будзеце гэта рабіць», – мяркуе эксперт.

Іншыя майнеры, на думку Раманенкі, будуць глядзець на Беларусь прыкладна як на Афрыку, куды інвеставаць даволі рызыкоўна.

Hавiны
Майніць будуць сябры Лукашэнкі: эканамісты каментуюць ідэю здабываць біткойны з БелАЭС
2021.01.13 11:07

Самае папулярнае пытанне, якое задаюць майнеры пры зваротах у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі, – кошт электраэнергіі. Міністэрства энергетыкі, «Белэнерга» і МАРГ зацікаўленыя ў прыцягненні буйных майнераў у Беларусь, якія маглі б хаця б часткова развязаць праблему начнога правалу (АЭС нельга выключыць на ноч, як любую іншую электрастанцыю). Таму МАРГ устанавіў вельмі нізкі тарыф для тых, хто хоча размясціць у Беларусі майнінгавыя фермы. 

Згодна з звесткамі МАРГ, звычайны беларус за 100 кВт плаціць Br 20,9 (калі ёсць электрапліта) або Br 24,59 (калі пліта газавая). Ёсць яшчэ тарыф, названы «поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затратаў», паводле яго за 100 кВт давядзецца аддаць Br 27,05. Юрыдычныя асобы і ІП плацяць куды больш: непрамысловыя спажыўцы – Br 36,24, калі яны адносяцца да бюджэтных арганізацыяў, і Br 43,91 паводле аднастаўкавага тарыфу, калі не. Майнеры (якія спажываюць электраэнергію як заводы) плацяць у найгоршым выпадку Br 16,48. Але для гэтага ім трэба заключыць дамову з «Белэнерга», якая абавязвае іх спажываць не менш за 15 млн кВт⋅г за год.

На сёння ў Беларусі функцыянуюць дзве буйныя майнінгавыя фермы: на пляцоўцы Бярозаўскай ДРЭС і на Менскім заводзе шасцерняў. Чыноўнікі ад энергетыкі перыядычна заяўляюць, што дзяржава зацікаўленая ў прыцягненні інвестараў, найперш з Кітаю і Расеі, якія займаюцца майнінгам. Гэтак, у канцы снежня 2023 года ў Свіслач прыязджалі кітайскія інвестары, якія шукалі пляцоўку для майнінгу крыптавалютаў. Яны агледзелі пляцоўкі, дзе можна пабудаваць майнінг-ферму, але большых дэталяў сустрэчы не раскрываецца.

Hавiны
Улады Беларусі прысабечылі прыватную электрападстанцыю, што належала брытанцам
2024.01.16 16:34

Крыптавалюта як спосаб абыходу санкцыяў

Пасля адключэння шэрагу беларускіх і расейскіх банкаў ад SWIFT і ўвядзення іншых абмежаванняў некаторым беларускім кампаніям, якія жадаюць гандляваць з вонкавым светам, даводзіцца прымаць на сябе дадатковыя рызыкі, звязаныя з плацяжамі ў крыптавалюце. Нядаўна на форуме «Ліга экспарту» ў Менску камерцыйны дырэктар фірмы «ProEagle Limited» Андрэй Саніковіч прэзентаваў новую практыку трансгранічных плацяжоў з выкарыстаннем крыптавалюты USDT, прывязанай да кошту долара, для вяртання экспартнай выручкі. Саніковіч сцвярджае, што кожная ўгода паводле гэтай схемы праводзіцца ў межах Дэкрэту № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі», а валютная дамова закрываецца ў Нацыянальным банку, забяспечваючы беларускім кампаніям стоадсоткавы зварот валютнай выручкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

Тым не менш крыптавалютныя біржы ў розных краінах уводзяць абмежаванні для санкцыйных суб’ектаў. У дакладзе міжнароднага рэйтынгавага агенцтва «Moodyʼs» адзначаецца празрыстасць крыптавалютных гандлёвых пляцовак. Рэгулёўныя крыптабіржы мусяць адпавядаць патрабаванням заканадаўства, што ўскладняе выкарыстанне крыптавалюты для абыходу санкцыяў. Аднак існуе мноства дэцэнтралізаваных крыптабіржаў, якія не верыфікуюць кліента і не кантралююць ягоных угодаў, што павялічвае рызыку махлярства.

У Беларусі і Расеі ўсё больш актыўна выкарыстоўваюць разлікі ў USDT з Еўропай і ЗША. Часта прасцей страціць некалькі адсоткаў на абмене фіятных грошай на токены і назад, чымся рызыкаваць вывазам валюты за мяжу для правядзення разлікаў. Малы бізнес таксама звяртае ўвагу на гэты спосаб разлікаў, асабліва ў святле таго, што некаторыя краіны, у тым ліку Літва, цалкам спынілі прыём плацяжоў з Беларусі і Расеі. Крыптавалюта дапамагае кампаніям і прыватным асобам захоўваць высокі ўзровень ананімнасці ў фінансавых аперацыях, а таксама хутка і з мінімальнымі стратамі выводзіць сродкі з Беларусі і Расеі за мяжу ды свабодна распараджацца імі там.

Разбор
Як бяспечней вывезці вялікія сумы грошай з Беларусі? Законны шлях для шмат каго рызыкоўны
2023.12.08 07:31

Што такое крыптавалюта

Крыптавалюта ўяўляе сабою лічбавыя грошы, якія не падтрымліваюцца фізічнымі актывамі і выкарыстоўваюцца выключна онлайн. Крыптавалюта не падкантрольная дзяржаве і не патрабуе пасярэдніка для пераводу грошай (звычайна такімі пасярэднікамі выступаюць банкі). Асноваю для яе функцыянавання служыць тэхналогія блокчэйн (гэта спосаб захоўваць інфармацыю па ланцугу з лічбавых блокаў), якая дазваляе праводзіць транзакцыі беспасярэдне паміж карыстальнікамі. У 2009 годзе з’явілася першая лічбавая манета – біткойн, з таго часу колькасць крыптавалютаў расце. Але біткойн дасюль займае першае месца паводле рынкавай капіталізацыі ў індустрыі.

Каб удалося правесці транзакцыі, трэба падтрымліваць сетку ў працоўным стане – гэта робяць майнеры. Яны аддаюць сістэме свае вылічальныя магутнасці, каб вырабляць новыя блокі і манеты, і атрымліваюць адсотак ад аперацыяў.

Лічбавую валюту дзеляць на койны і токены. Койны працуюць на ўласным блокчэйне і могуць быць атрыманы праз майнінг або абмененыя на звычайную валюту. Некаторыя кампаніі прымаюць іх у якасці аплаты тавараў і паслуг.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

Токены ствараюцца на базе існага блокчэйну. Іх нельга здабыць, але можна купіць або атрымаць за актыўнасць. Токенамі нельга расплачвацца, іх выкарыстоўваюць, каб даць карыстальніку доступ да функцыяў платформы або ў якасці інвестыцыйнага інструмента. Калі вывесці токен на біржу, яго можна абмяняць на звычайныя грошы паводле актуальнага курсу. Курс токенаў прывязаны да якой-небудзь нацыянальнай валюты, каштоўнага металу, каштоўных папераў і гэтак далей.

Як атрымаць крыптавалюту

Ёсць некалькі спосабаў атрымаць крыптавалюту: майнінг, стэйкінг, купля на біржы або гандаль на гандлёвых пляцоўках.

Майнінг – гэта стварэнне новага блоку сеткі, за які налічваецца ўзнагароджанне. Для гэтага трэба даць сістэме свае вылічальныя магутнасці. Калі ў пачатку зʼяўлення крыптавалютаў майніць можна было са звычайнага ПК, то цяпер узровень сеткі ўскладніўся, зʼявіліся спецыяльныя прылады – майнінгавыя фермы.

Калі даход у майнінгу залежыць ад магутнасці тэхнікі, то ў стэйкінгу – ад колькасці ўжо наяўных манетаў крыптавалюты. Гэта своеасаблівая інвестыцыя: уладальнік адпраўляе койны на абслугоўванне блокчэйну і атрымлівае за гэта ўзнагароду.

Купляць крыпту можна рознымі спосабамі: праз біржы, тыпу «Binance», спецыяльныя сэрвісы тыпу «Whitebird», таксама ў шэрагу краінаў ёсць крыптаматы. За абмен трэба заплаціць камісію. Альтэрнатыва без камісіі – p2p-абменнікі, якія дазваляюць перадаць грошы ад чалавека чалавеку без пасярэднікаў.

Крыптатрэйдынг на біржах падобны да звычайнага трэйдынгу на гандлёвых пляцоўках. Ён заснаваны на прынцыпе «купіць танней і прадаць даражэй».

Кошт крыптавалюты

Кошт крыптавалюты залежыць ад попыту і прапановы на рынку. Цана не залежыць ад дзяржавы і нацыянальнай валюты. Чым папулярнейшая крыптавалюта, тым больш карыстальнікаў яна прыцягвае. А значыць, павялічваецца колькасць аперацыяў і расце яе каштоўнасць. Калі карыстальнікаў становіцца менш, кошт крыптавалюты падае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

Для майнераў цана крыптавалюты залежыць ад кошту абсталявання і затратаў на электраэнергію.

Як выкарыстоўваюць крыптавалюту

Ёсць некалькі спосабаў ужыць крыптавалюту. Найперш гэта інвестыцыі. Крыптавалюта прыцягвае інвестараў высокаю даходнасцю ўкладаў. Паводле вынікаў 2023 года біткойн лідаруе сярод іншых інвестыцыйных інструментаў: з 1 студзеня 2023 года яго кошт вырас на 70 %.

Інвеставанне ў крыптавалюту лічыцца высокарызыкоўным спосабам павялічыць капітал, не толькі праз маніпуляцыі «кітоў» (буйных гульцоў), але і праз магчымае банкруцтва біржаў ды дзейнасць кібермахляроў. Аднак у 2024 годзе адбылася значная падзея – зацвярджэнне ETF-фондаў на біткойн, што сведчыць пра яго прызнанне як фінансавага актыву.

Разам з тым сёння няма іншага інструмента, які дазволіў бы гэтак хутка атрымаць высокі прыбытак, але і гэтак жа хутка ўсё страціць.

Цэны на крыптавалютным рынку – лёгкі прадмет спекуляцыі. Зменлівасць кошту электронных грошай стварае розніцу ў курсах валютаў. Гэтую розніцу выкарыстоўваюць трэйдары і крыптаброкеры. Спекуляцыі моцна ўплываюць на цану крыптавалютаў. Гэтак, заява Ілана Маска аб продажы крыптаактываў у 2021 годзе за адну ноч знізіла кошт біткойна амаль на 10 000 $.

Крыптавалюту таксама можна абменьваць на тавары і паслугі, праўда, не ўсюды. Плацяжы крыптавалютаю прымаюць кампаніі «Amazon», «EBay», электронная сістэма «PayPal». Зʼяўляюцца банкаматы для атрымання наяўных сродкаў, распрацоўваецца адзіная форма аплаты крыптавалютнымі картамі – «BitPay».

Hавiны
У Беларусі ўпершыню спагналі даўгі крыптавалютай
2022.11.01 16:28

Ася Саковіч belsat.eu