Мінюст патрабуе ад адвакатаў паведамляць пра звароты замежных грамадзянаў


Праект «Права на абарону» паведамляе, што ад беларускіх адвакатаў цяпер патрабуюць перадаваць інфармацыю аб фактах звароту замежных грамадзянаў за прававой дапамогай. 

«Права на абарону» спасылаецца на ліст старшыні Менскай гарадской калегіі адвакатаў Веры Арэшкі, дзе яна патрабуе ад загадчыкаў юрыдычных кансультацыяў перадаваць інфармацыю аб фактах зваротаў замежных грамадзянаў (за выключэннем грамадзянаў РФ), што знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Неабходнасць перадачы інфармацыі тлумачыцца распараджэннем міністра юстыцыі Сяргея Хаменкі.

Скан ліста старшыні МГКА апублікаваў блогер Антон Матолька. З дакументу вынікае, што Міністэрства юстыцыі хоча атрымаць інфармацыю за перыяд з 1 студзеня па 20 сакавіка. А ў наступным адвакаты мусяць даваць справаздачы па зваротах замежнікаў кожны тыдзень.

Праект «Права на абарону» звяртае ўвагу на тое, што кліентаў-замежнікаў не папярэджваюць аб перадачы інфармацыі і не бяруць з іх пісьмовую згоду.

«У Міністэрства юстыцыі могуць перадавацца імя, прозвішча, месца рэгістрацыі, кантактны тэлефон замежнай асобы. Усё гэта складае звесткі аб прыватным жыцці кліента, адпаведна, распараджэннем міністра парушаецца не толькі міжнародна прыняты прынцып адвакацкай таямніцы, але яшчэ і права кліента на прыватнае жыццё», – дадае «Права на абарону».

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў