Расея хоча спаганяць ПДВ з беларускіх прадаўцоў, якія гандлююць онлайн


Урад Расеі ўнёс у Дзярждуму законапраект, згодна з якім з 1 ліпеня 2024 года прадаўцы з ЕАЭС, якія прадаюць свае тавары расейцам праз электронныя гандлёвыя пляцоўкі, павінны будуць выплачваць ПДВ у расейскі бюджэт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія рублі.
Фота: Фотобанк Moscow-Live / Flickr

Пакуль прадаўцы, якія плацяць падаткі ў ЕАЭС і рэалізоўваюць тавар расейскім фізічным асобам праз электронныя гандлёвыя пляцоўкі, не павінны выплачваць ПДВ у Расеі. Удакладняецца, што электронная гандлёвая пляцоўка – гэта сайт, дзе можна замовіць тавар, даведацца ўмовы аплаты і дастаўкі.

Памер асноўнай стаўкі ПДВ у Расеі складае 20 % ад кошту тавару, а льготнай – 10 %.

Такім чынам Расея хоча стварыць больш выгадныя ўмовы для свайго гандлю.

«Прыняцце праекту федэральнага закону дазволіць удасканаліць сістэму адміністравання ПДВ, ліквідаваць няроўнасць у падаткаабкладанні ПДВ расейскіх і замежных падаткаплатнікаў і, адпаведна, створыць больш спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі расейскімі падаткаплатнікамі тавараў фізічным асобам на тэрыторыі дзяржаваў – чальцоў ЕАЭС», – адзначаецца ў тлумачальным паданні.

Калі закон прымуць, ён набудзе моц праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання. Мяркуецца, што на індывідуальных прадпрымальнікаў з ЕАЭС ён будзе распаўсюджвацца з 1 студзеня 2025 года. Выключэнне – ІП, якія працуюць праз пасярэднікаў на падставе дамоваў камісіі. У такім выпадку падатак павінен будзе заплаціць пасярэднік.

Hавiны
«Дзве краіны – адна эканоміка». Новыя планы па інтэграцыі Беларусі і Расеі
2024.01.27 21:19

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў