На Віцебшчыне рамонту патрабуе палова рэспубліканскіх дарог. Але грошай на гэта не дадуць


Больш як 50% рэспубліканскіх аўтамабільных дарог Віцебскай вобласці маюць патрэбу ў рамонце. Пра гэта БелТА паведамілі ў РУП «Віцебскаўтадар».

Знак о ремонтных работах на дорогах
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У арганізацыі адзначылі, што «ў апошнія гады ў сувязі з недафінансаваннем дарожнай галіны пакрыццё дарог разбураецца паскоранымі тэмпамі». З прычыны паскоранага разбурэння больш як 1,1 тыс. км дарог (а гэта 38%) маюць абмежаванні нагрузкі на вось транспартнага сродку да 6 т.

Агулам рамонту бракуе больш як 1,5 тыс. км рэспубліканскіх дарог у вобласці, або 51,5% ад агульнай працягласці. Пры гэтым толькі капітальнага рамонту на Віцебшчыне патрабуюць 16,2% дарог ад агульнай працягласці, або больш як 480 км.

Каб адрамантаваць рэспубліканскія аўтадарогі ў вобласці да нарматыўнага стану толькі ў 2023 годзе неабходна больш як Br474,5 млн. Але на ўтрыманне, бягучы і капітальны рамонты, рэканструкцыю і будаўніцтва дарог Віцебшчыне сёлета вылучылі толькі Br116,7 млн, або ў чатыры разы менш за неабходнае.

Агулам, паводле дзяржпраграмы, у 2023 годзе плануецца выканаць рамонт і рэканструкцыю каля 1 тыс. км рэспубліканскіх дарог. То бок, гэта нават менш, чым трэба адрамантаваць у адной толькі Віцебскай вобласці.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў