У Бабруйску «Гульня ў вайнушку» выклікала рэзананс


14 траўня ў Бабруйску адбылася прэзентацыя дакументальнага фільму “Гульня ў вайнушку”, знятага Антосем Цялежнікавым для тэлеканалу “Белсат”. Паўнюткая зала. Бальшыня гледачоў – сталыя людзі, прафсаюзныя актывісты, апазіцыянеры і былыя вайскоўцы. Моладзь жа стаяла ў калідоры і гаварыла пра палітыку: “Гульню ў вайнушку” мы ўжо глядзелі. У інтэрнэце”.

Сярод галоўных герояў фільму – бабруйчанін Міхась Ларчанка, журналіст “Бабруйскага кур’еру”. Прызваны ў 2010 г., ён працягвае служыць у войсках спецыяльных аперацыяў у Віцебску. “У мяне аўтамат старэйшы за мяне на год. Страляць з яго не даюць. Што рабіць? Чысцім…” – апавядае Ларчанка ў фільме.

Гледачы з усмешкаю сустракалі кадры, на якіх салдатаў прымушаюць складаць снег кубікамі ды збіраць “подснежники” – недапалкі, смецце, якое вясною паказваецца з-пад снегу. Многія згадвалі сваю службу. Падчас дыскусіі было адзначана, што сучаснае беларускае войска амаль нічым не адрозніваецца ад войска 1980-х гг. На пытанне, чым запомнілася войска, прадстаўнік “Белсату” і адзін з герояў фільму Франак Вячорка адказаў: “Першае, што прыходзіць у галаву, гэта словы старшыны: “Салдат без працы – патэнцыйны злачынца, днявальны без швабры – рэцыдывіст”. Нас прымушалі працаваць дваццаць гадзінаў на суткі, нават калі гэтая праца была не патрэбная. Адчувалі сябе рабамі”.

У абмеркаванні фільму паўдзельнічалі лідар бабруйскіх сацыял-дэмакратаў Юрый Грынявіцкі, старшыня мясцовай філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Бузінаеў, кіраўнік Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіл Кавалькоў, журналіст “Еўрарадыё” Алесь Сушчэўскі. Прысутныя прыйшлі да высновы, што сучаснае беларускае войска патрабуе неадкладнага рэфармавання – найперш скасавання прымусовага прызыву.

Раней прэзентацыі фільму “Гульня ў вайнушку” адбыліся ў Менску, Баранавічах і Гомлі. Стужку пакажуць і ў іншых беларускіх гарадах.

Стужка навінаў