news
Агляд
Бяляцкі, Бахарэвіч, Някляеў, Янкута... Выбралі дзесяць беларускіх кніжак 2023 года
Найвышэйшай прэміі за ўнёсак у беларускую кніжную справу заслугоўвае Крысціна Дробыш.
28.12.202307:13

«Гэта быў не такі цёмны год, як папярэдні». – «Я б сказаў, яшчэ чарнейшы». Гэты абмен рэплікамі прагучаў на адной беларускай імпрэзе напрыканцы 2023 года. Беларуская шкала часу, пачынаючы з 2020 года, вымяраецца рознымі адценнямі чорнага. Але пакуль пішуцца і выдаюцца кнігі – няма чаго згушчаць фарбы. Зрабілі падборку самых важных, на наш погляд, беларускіх кніжак, якія ў 2023 годзе давалі нам святло і надзею.

«Алесь Бяляцкі»

Вокладка кнігі, што давала пачуццё моцы шмат якім беларусам у 2023 годзе, светлая. І чырвоным на ёй – імя аўтара: Алесь Бяляцкі. Яно паслужыла і назвай. Сімвалам і нашым святлом. Пад вокладкай – успаміны нобэлеўскага лаўрэата, узятыя з розных ягоных кнігаў, тэксты прамоваў на канферэнцыях і судах, інтэрв’ю. А таксама выказванні паплечнікаў і сяброў праваабаронцы і палітвязня (Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Павел Сапелка, Стэфан Эрыксан ды іншыя).

Вокладка кнігі «Алесь Бяляцкі».
Фота: Беларускі ПЭН / Facebook

«Гэта дыялог з ім, даніна павагі нашаму сябру і калегу, магчымасць сказаць яму «дзякуй». Гэта нашае яму «Жыве Беларусь!», пракрычанае з-за сценаў турмы, на якое мы пачуем нязменны адказ «Жыве!» – цвёрды, са спакойнай і ўпэўненай усмешкай», – піша ў прадмове да кнігі старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

Кніга «Алесь Бяляцкі» была апублікаваная напрыканцы 2022 года Беларускім ПЭНам і выдавецтвам «Полацкія лабірынты». Пабывала яна і ў Осла на цырымоніі ўручэння Нобэля. Праваабаронца, пісьменнік і паэт Алесь Бяляцкі застаецца за кратамі ўжо амаль 900 дзён.

Гісторыі
Былы палітвязень – пра размовы на Валадарцы з нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім
2023.10.20 08:00

Паводле Беларускага ПЭНу, у няволі ў Беларусі трымаюць больш за 30 людзей слова – пісьменнікаў і журналістаў (на канец снежня 2023 года – 32 асобы). Палічка з турэмнай літаратурай не змяшчае ўсіх кніжак. Ужо – бібліятэка. У 2023 годзе былі выдадзеныя «Мае турэмныя муры» былога палітвязня і журналіста радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча і «Турэмныя дзённікі» журналісткі Вольгі Класкоўскай. Абедзве кнігі зрабіліся лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча.

Згадаем і кніжкі для дзяцей, якія пісаў за кратамі былы палітзняволены Андрэй Скурко. Нядаўна ў выдавецтве «Gutenberg» выйшла ягоная кніжка «Хто жыве ў гаражы», а кнігу «Пра сланоў і барсучкоў» можна знайсці і паслухаць на «Кніжным возе».

«Ператрус у музеі»

Некалькі дзясяткаў літаратурных твораў улады прызналі ў 2023 годзе «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Сярод аўтараў – класікі беларускай літаратуры: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Ларыса Геніюш, Наталля Арсеннева, Уладзімір Някляеў ды іншыя. «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча прыбралі са школьнай праграмы. Прызналі небяспечным нават «Мойдодыра».

Ніхто не здзівіцца, калі заўтра кнігі ў Беларусі пачнуць кідаць у турмы і ШІЗА, а па начох будуць праводзіць ператрусы ў музеях, каб арыштоўваць карціны.

Пра гэта зборнік апавяданняў Альгерда Бахарэвіча «Ператрус у музеі», выдадзены на пачатку 2023 года.

Альгерд Бахарэвіч на Першым Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Я не ведаў, дзе дакладна яна вісела, – але ногі самі павялі мяне ў глыбіню музею, туды, дзе было толькі цьмянае святло й цяжкія прычыненыя дзверы, якія з абураным рыпам скардзіліся на нас, няпрошаных, бязлітасных, напружаных і насатых, як звяры, не бачаных раней у гэтых сценах гасцей…» – гэта ўнутраны маналог амапаўца з аднайменнага апавядання, які ў Мастацкім музеі шукае ўначы карціну Савіцкага «Вызваленне Менску» і перажывае ў выніку дзіўныя метамарфозы, трапляючы ў прастору «паміж вечнай вясной і вечнай безданню».

«Праўда нічога не ратуе і нічога не тлумачыць. Ніколі не кажыце праўду тым, хто слабы. Кажыце яе моцным, кажыце яе ім у твар», – словы наратара напрыканцы апошняга апавядання «Тыраналогія пры святле восені».

Праўда ў зборніку мяшаецца са снамі. Але ўсё адно: трэба быць моцным, каб чытаць гэтую кнігу. 15 апавяданняў, «завостраныя, як нажы… злыя, як нашыя праклёны ў ранішнім змроку чужых гарадоў». Але гэта Бахарэвіч. За што яго і любім. Апрача «Ператрусу ў музеі» ў 2023 годзе зʼявіліся – нарэшце! – на паперы ягоная «Плошча Перамогі» і «падарожжа ў 1980-я ў жанры аўтафікшн» «Хлопчык і снег».

Парады самога Альгерда Бахарэвіча: чытаць «Менскі дзённік» Юліі Цімафеевай (гэтую кнігу пісьменніца прэзентавала ў Варшаве на Першым Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі), «Рэспубліку глухіх» Іллі Камінскага і «Белы саван» Антанаса Шкемы ў беларускіх перакладах, «Час пустазелля» Ганны Янкуты.

«Час пустазелля»

Гераіня гэтай кнігі жыве ў старым доме насупраць… следчага ізалятару. Не пужайцеся – не ў Менску. У Варшаве. І ізалятар – нядзейны. Хоць над ім часам узлятаюць дроны, якія заглядаюць у акно апавядальніцы… А побач – геалагічны музей.

«Я б хацела, каб гэтая кніга нагадвала геалагічны зрэз з рознакаляровымі пластамі і ўкрапінамі», – піша аўтарка ў прадмове. У Ганны Янкуты атрымалася. Паміж «пластамі і ўкрапінамі» дастаткова паветра, каб чытач дыхаў больш-менш роўна. Хоць калі яна піша пра сваю паездку з Варшавы ў Менск, дыханне, прызнаемся, збівалася.

Кніга Ганны Янкуты «Час пустазелля».
Фота: Выдавецтва «Янушкевіч» / Facebook

«Мы з І. едзем у Менск. Нешта здаецца мне дзіўным і неўзабаве я разумею, што: на дарозе амаль няма фураў. І яшчэ краявід – аднастайныя палі, прамыя рэкі. Выпрамленыя, як пад лінейку…» – піша Ганна Янкута ў «Часе пустазелля».

Якою мы пабачым Беларусь, калі вернемся? Перакладчыца і аўтарка гісторыяў пра ката Шпрота спрабуе «асэнсаваць бясчассе, у якім апынуліся беларусы пасля 2020 года».

«Свінні»

Пра аднастайнасць і выпрамленасць прачыталі ў Янкуты. Аляксандр Чарнуха, чые «Свінні» зʼявіліся ў 2023 годзе па-беларуску (пераклад Алеся Плоткі), ужо на 9-й старонцы вяртае нас да чысціні:

«На пустых вуліцах гарадка панавала амаль стэрыльная чысціня: тут ужо прайшоўся атрад ліквідатараў паследстваў жыццядзейнасці чалавека, а потым – атрад кантралёраў якасці ліквідацыі наступстваў жыццядзейнасці чалавека…»

Беларускамоўныя «Свінні» Чарнухі чытаюцца калі не на адным, дык на другім дыханні. Але другое дыханне павінна адкрыцца абавязкова, бо часам можна задыхнуцца ад смеху ці – роспачы (прыкладам, у фінале). Гарадок называецца Груздзева, і ў ім пачынаюць падыхаць свінні і пачынае пахнуць рэвалюцыяй…

Аляксандр Чарнуха (злева) і выдавец Андрэй Янушкевіч на кніжным кірмашы ў Палацы культуры і навукі. Варшава, Польшча. 25 траўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«У рамане «Свінні» фікшн і нон-фікшн цесна пераплеценыя ў адну стужку, і часам заўважыць, дзе скончыліся мае фантазіі і пачалася суворая праўда жыцця, немагчыма», – прызнаваўся аўтар.

Сатыра Чарнухі такая густая, аж пачынаеш злавацца на аўтара падчас чытання (гэта зноў пра дыханне). Аж страшна становіцца.

«У часы чалавечых трагедый слёзы не ратуюць. Таму Аляксандр Чарнуха паспрабаваў засмяяцца. З’едлівай, саркастычнай усмешкай, але ўсміхнуўся. І аказалася, што на час, у якім выпала нам шчасце жыць, скрозь смех глядзець страшней, чым скрозь слёзы», – заўважыў беларускі паэт і пісьменнік Уладзімір Някляеў.

Агляд
Кнігі па-беларуску за мяжою. Расказваем, дзе іх шукаць
2023.04.01 08:50

Парады самога Чарнухі такія: чытаць таго ж Бахарэвіча («Ператрус у музеі»), Макса Шчура («Там, дзе нас няма»), Валера Гапеева («Вольнеры») і анталогію беларускага гей-пісьменства «Мальцы выходзяць з-пад кантролю». Яшчэ – «Bloodlands 20/22» Алеся Плоткі.

«Сам»

Уладзімір Някляеў прэзентаваў увосень сваю новую кнігу выбранай паэзіі «Сам». У 350-старонкавым томе – новыя і ўжо знаёмыя вершы і паэмы па-беларуску і ў польскім перакладзе (выдавецтва «Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego»). Кнігу адкрывае верш «Сам», з якім мы сустрэліся яшчэ на старонках раману «Гэй Бэн Гіном» (нідзе ўжо, дарэчы, не купіць).

«Чужы чужым – яны знайшлі свайго,

Не свой сваім – яны пайшлі з чужымі,

Не тузайся ні з тымі, ні з другімі.

Як ты адзін – ты больш за аднаго…»

«Чаму кніга называецца «Сам»? Калі мяне пытаюцца, дык кажу: ну, сам напісаў, сам назваў – чаго вы пытаецеся? Але не толькі ў гэтым сэнс. Па маім адчуванні, мы ніколі не былі такія самі па сабе, як сёння», – казаў Някляеў на варшаўскай прэзентацыі зборніку.

Уладзімір Някляеў на прэзентацыі кнігі «Сам» у Варшаве. 30 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

Кніга грунтоўная, важкая, пахучая і густоўна аформленая. Някляеў не ратуе ад самоты і адчування пакінутасці. Мэтр беларускай літаратуры – так называе Уладзіміра Някляева на сваім канале паэт Андрэй Хадановіч – спрабуе ператвараць гэтую самотнасць у музыку. Гэта дапамагае. Да таго ж, як заўважыў сам Някляеў, цяпер паводле ягонай кнігі можна вывучаць польскую мову (пераклады вершаў і паэмаў – выдатныя).

Апошні тэкст кнігі «Сам» – гэта апошняе слова Някляева (былога палітвязня) на судзе 18 траўня 2011 года. Паводле гэтай кнігі можна вывучаць не толькі польскую мову – беларускую гісторыю…

Сам Уладзімір Някляеў прызнаўся нам, што напрыканцы года чытае раман Віктара Сазонава «Надзея».

«На беразе Волі»

Андрэй Хадановіч выдаў восенню 2023 года новую кнігу сваіх вершаў «На беразе Волі» (выдавецтва «hochroth Minsk»). Чаканую. І, нам падаецца, вельмі светлую.

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч у ЕГУ. 20 кастрычніка 2022 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

«Памяць герояў святлом ахінаюць нябёсы –

сонечнай стужкай, гарачаю сцежкай крыві.

Скрадзены голас вяртаецца ў хор шматгалосы.

Лета на беразе Волі. Бяры і плыві».

Гэтак гучыць апошняе чатырохрадкоўе вершу «На беразе Волі», якім пачынаецца кніга. Гэты верш ужо паклала на музыку Вольга Падгайская. А Ганна Хітрык зрабіла песняй яшчэ адзін верш, «Навагодняя паштоўка», якім паэтычная кніга Хадановіча заканчваецца:

«Лёс, як навагодняя паштоўка,

што сястры на волю піша брат:

краты – гэта толькі падрыхтоўка

да жыцця, дзе не існуе крат».

Моцна, праўда. У гэтым годзе выйшлі таксама двухмоўныя (беларуска-літоўскія) «Фантомныя радасці» Хадановіча – выбраныя вершы, перакладзеныя на літоўскую мову (кніга трапіла ў шорт-ліст літоўскага конкурсу).

Сам Андрэй Хадановіч з кніг, выдадзеных у 2023 годзе, адзначае апавяданні Бахарэвіча «Ператрус у музеі» і мемуары Валянціна Акудовіча «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым». З перакладаў – «Месапатамію» Сяргія Жадана. З эсэістыкі – «Беларускі брыкалаж» Генрыха Кіршбаўма. Што да паэзіі, то раіць чытаць усё, што выходзіць у берлінскім выдавецтве Дзмітрыя Строцава «hochroth Minsk»: Ганна Севярынец, Наста Кудасава, Крысціна Бандурына, Ганна Комар ды іншыя.

«У прысценку старога лесу»

Ганна Кандрацюк атрымала сёлета прэмію Гедройця за кнігу рэпартажаў «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы». За «цуд шматгалосся людзей з беларускага памежжа».

Вельмі важная кніга для ўсіх беларусаў.

«У прысценку старога лесу» Ганны Кандрацюк.
Фота: radiounet.fm

«Новая кніга Ганны Кандрацюк зачароўвае. Яе таленавітыя старонкі падаруюць чытачу яскравы суплёт непаўторных гісторый і сустрэч з цэлай галерэяй герояў… Дзве часткі нашай адвечнае пушчы перагукваюцца тут ранішнім рэхам і спавіваюцца вечаровым туманам, робячыся метафізічнымі суаўтаркамі Ганны ў яе аповедзе пра неспасцігальную таямніцу жыцця», – кажа пра кнігу пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Агляд
«Іду следам пушчанскіх прабабак». Хто такая Ганна Кандрацюк, пераможца прэміі Гедройця
2023.11.26 11:31

Адзначым тут і «Пасажыраў карабля Тэсея» Сцяпана Стурэйкі ды «Шэпт» Сяргея Лескеця, якія таксама атрымалі прызы літаратурнай прэміі Гедройця.

«Слюнькоў. Палітычная біяграфія»

Прызнаемся: прачытаць не паспелі. Бо кніга журналіста і літаратурнага крытыка Дзяніса Марціновіча толькі-толькі з друкарскага варштату (выдавецтва «Янушкевіч»). Аўтар «Донжуанскага спісу» Караткевіча замахнуўся на першага сакратара ЦК КПБ Мікалая Слюнькова (1929–2022).

Кніга Дзяніса Марціновіча.
Фота: Выдавецтва «Янушкевіч» / Facebook

У 2016-м Марціновіч паказаў гатовы, як ён лічыў, рукапіс Аляксандру Фядуту. Той пахваліў за добрую фактуру і раскрытыкаваў «занудны і занадта правільны» стыль рукапісу. Давялося перапісваць. У 2021-м новы варыянт чыталі былы сакратар Віцебскага абкаму КПБ Іосіф Навумчык і ягоны сын, журналіст Сяргей Навумчык. Асобныя фрагменты вычытвала Марына Золатава. Канчатковы варыянт – рэдактар кнігі Сяргей Шупа. Пра гэта аўтар распавёў у «Facebook».

Кніга пра аднаго з прадстаўнікоў беларускай партыйнай эліты. Нам усім трэба ведаць, адкуль растуць ногі і чаму мы апынуліся там, дзе апынуліся.

«Партрэт з памяці»

Беларускае выдавецтва «Gutenberg Publisher», якое базуецца ў Кракаве, выдала 700-старонкавы двухмоўны том вершаў польскай нобэлеўскай лаўрэаткі Віславы Шымборскай.

Двухмоўная кніга Віславы Шымборскай.
Фота: Gutenberg Publisher / Facebook

Як мы даведаліся, выданне кнігі было магчымым дзякуючы праекту «Класіка польскай літаратуры для беларускіх чытачоў», які фінансуецца МЗС Польшчы ў межах конкурсу «Публічная дыпламатыя – 2023». Партнёр – Цэнтр беларускай салідарнасці. Вершы Шымборскай выйшлі ў перакладзе Марыны Казлоўскай, Алега Лойкі, Кацярыны Маціеўскай, Ніны Мацяш, Сяргея Прылуцкага, Наталлі Русецкай, Максіма Танка, Андрэя Хадановіча (ён жа – укладальнік) і Ганны Янкуты.

І важна: купіць гэтую кнігу нельга. Яна распаўсюджваецца сярод беларусаў бясплатна. 17 снежня выданне прэзентавалі ў Кракаве.

«Валадар пярсцёнкаў»

Выдавецтва «Янушкевіч» зрабіла перад Калядамі чарговы падарунак – выдала па-беларуску «Валадара пярсцёнкаў». Гэта першае ліцэнзаванае беларускае выданне самага знакамітага твору Джона Толкіна, адзначаюць у выдавецтве. Пераклад зрабіў Ігар Кулікоў. Ліцэнзія каштавала вялікіх грошай. Ранейшы пераклад «Валадара пярсцёнкаў», зроблены ў 2008 годзе, быў пірацкім.

Вокладку аздобіла мастачка Настасся Пазняк – дадала матыў беларускай выцінанкі. Мы ўжо пісалі, што на ўзгадненне аздаблення сышло асабліва шмат часу, але праваўладальнікам і нашчадкам Толкіна ў выніку спадабалася.

«Валадар пярсцёнкаў. Брацтва пярсцёнка».
Фота: Выдавецтва «Янушкевіч» / Facebook

Клаіў Стэйплз Льюіс параўнаў гэтую кнігу Толкіна з маланкай з чыстага неба. Хай так і будзе. Мы ўсе чакаем неспадзяванак. І нечаканых падарункаў на Новы год.

Паклон Крысціне Дробыш і камандзе

Замаўляем, купляем, дорым беларускія кніжкі. Шукаем іх назвы ў пашукавіках па-беларуску. І атрымліваем асалоду ад чытання…

А наконт асалоды. Аўтар гэтых радкоў найвышэйшую прэмію за ўнёсак у беларускую кніжную справу ў 2023 годзе прысудзіў бы Крысціне Дробыш. Менавіта дзякуючы ейнаму голасу беларускія дзеткі знаёмяцца з Віня-Пыхам і Пітэрам Пэнам на «Кніжным возе», а тысячы дарослых – з творамі Святланы Алексіевіч на «Камунікаце».

Крысціна Дробыш
Акторка Крысціна Дробыш. Варшава, Польшча. 28 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Фантастычная праца!

Зміцер Міраш belsat.eu