Беларускім дактарам абмяжуюць кантакты з іншаземнымі фармацэўтычнымі кампаніямі


Беларускім медыкам абмяжуюць беспасярэднія кантакты з прадстаўнікамі замежных фармакалагічных кампаніяў, а адукацыйныя сустрэчы перавядуць у онлайн. Такім чынам міністр аховы здароўя адрэагаваў на карупцыйны скандал з подкупам лекараў замежнымі вытворцамі лекаў. 

Міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч.
Фота: «СБ. Беларусь Сегодня» / sb.by

Міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч заявіў, што ў краіне з гэтага часу замежныя фармакалагічныя кампаніі ды іх прадстаўніцтвы змогуць удзельнічаць толькі ў тых канферэнцыях, якія праходзяць пад эгідай Міністэрства аховы здароўя.

«Усе астатнія адукацыйныя мерапрыемствы – забаронены. Асабістыя кантакты павінны быць спыненыя, пакуль мы не выпрацуем новыя падыходы супольна з МУС і органамі Генпракуратуры», – заявіў Піневіч.

У якасці антыкарупцыйнай захады Міністэрства аховы здароўя таксама перавядзе ў онлайн удзел медыкаў у адукацыйных канферэнцыяў, дзе іх знаёмяць з новымі лекамі. Піневіч паведаміў, што раней быў распрацаваны «кодэкс этыкі паводзінаў замежных прадстаўнікоў на беларускім рынку лекаў», але відавочна, што ён не спрацаваў.

«На жаль, бізнес перайшоў чырвоную лінію. І апошнім часам іх праца мела мала агульнага з сумленнасцю – пад выглядам асветніцкай дзейнасці праводзілася незаконная аплата за прасоўванне медычных тавараў», – прызнаў міністр аховы здароўя.

Тым часам Генеральная пракуратура паведаміла, што раскрыла схему схаванага подкупу медыкаў замежнымі фармацэўтычнымі кампаніямі з мэтай прасоўвання сваіх тавараў на беларускім рынку.

Паведамляецца, што на працягу трох гадоў з лекарамі-практыкамі заключаліся дамовы падраду на чытанне лекцый, за якія яны нібыта і атрымлівалі грашовую ўзнагароду. Фактычна ж гаворка ідзе аб рэкамендацыях пацыентам выкарыстоўваць пэўныя прэпараты. Сума незаконнай узнагароды па выяўленых фактах ацэньваецца на Br 1,33 мільёны.

Паводле Ігара Грэйбы, начальніка ўпраўлення для барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры, у дачыненні работнікаў прадстаўніцтваў замежных кампаніяў з Румыніі і Швейцарыі распачалі дзевяць крымінальных справаў па фактах перадачы 62 медработнікам незаконных узнагародаў на агульную суму больш за Br 400 000.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў