Вярхоўны Суд пакінуў без зменаў прысуд Эдуарду Бабарыку, паведамляецца ў Telegram-канале інстанцыі. Апеляцыйную скаргу разглядала калегія на чале з суддзём Ігарам Букатам. Вырак палітвязню – 8 гадоў калоніі – набыў моц.
«Прысуд у частцы прызначэння пакарання пакінуты без змены, а апеляцыйная скарга – без задавальнення. Прысуд уступіў у законную сілу», – гаворыцца ў паведамленні Вярхоўнага Суда.
Апеляцыйную скаргу палітвязня Эдуарда Бабарыкі разглядала калегія на чале з суддзём Ігарам Букатам.
5 ліпеня сёлета суддзя Менскага абласнога суда Уладзімір Арэшка прызначыў Бабарыку-малодшаму 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Эдуарда абвінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ухіленні ад выплаты падаткаў і распальванні варожасці.
Эдуарда Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам Віктарам, калі яны ішлі ў Цэнтрвыбаркам здаваць сабраныя подпісы. Больш за тры гады Бабарыка-малодшы чакаў у СІЗА пачатку суда.
Віны ён не прызнаў.
Сцяпан Кубік belsat.eu