Фінляндыя закрые мяжу з Расеяй на два тыдні


Фінляндыя закрые ўсю мяжу з Расеяй з 30 лістапада да 13 снежня, каб спыніць плынь просьбітаў прытулку. На думку ўрада Фінляндыі, іх наплыў арганізаваны Крамлём, піша Reuters.

Мяжа Фінляндыі з Расеяй.
Фота: памежная служба Фінляндыі / raja.fi

Фінляндыя ўжо закрыла сем памежных пунктаў на мяжы з Расеяй, пакінуўшы толькі адзін. Цяпер і ён будзе зачынены.

Па дадзеных фінскай памежнай службы, у лістападзе ў Фінляндыю з Расеі ўехала каля 900 просьбітаў прытулку з Кеніі, Марока, Пакістана, Самалі, Сірыі і Йемена.

Паміж дзвюма краінамі будуць праходзіць толькі грузавыя цягнікі.

Урад Фінляндыі сцвярджае, што Масква перапраўляе людзей на мяжу ў адплату за рашэнне пашырыць абаронную супрацу са Злучанымі Штатамі. У Маскве гэта адмаўляюць. Скандынаўская краіна далучылася да NATO у красавіку 2023 года. А колькасць просьбітаў прытулку рэзка павялічылася восенню.

«Гэта аперацыя ўплыву Расеі, і мы яе не прымаем», – заявіў на прэс-канферэнцыі прэм’ер-міністр Фінляндыі Петэры Орпа.

Прытулак па-ранейшаму могуць прасіць вандроўцы, якія прыбываюць на лодках і самалётах.

Раней высокапастаўленыя асобы Фінляндыі папярэджвалі, што гатовыя рэагаваць на паток мігрантаў, якія ідуць з боку Расеі.

Агляд
«Згодна прыкладу Беларусі»: Фінляндыя абвінаваціла РФ у перавозцы мігрантаў і прыкрыла мяжу. Эстонія і Нарвегія гатовыя да гэтага ж
2023.11.17 18:12

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў