news
Інтэрв'ю
Галіна Казіміроўская: Паляванне на Вольны хор працягваецца і сёння
У Ноч расстраляных паэтаў Вольны хор ладзіць вялікі канцэрт у Варшаве.
29.10.202312:00

У Ноч расстраляных паэтаў, 29 кастрычніка, Вольны хор дасць вялікі канцэрт «Я не вінаваты» ў Варшаве. За некалькі дзён да падзеі журналісты «Белсату» пабывалі на рэпетыцыі Вольнага хору ды паразмаўлялі з яго мастацкаю кіраўніцай і дырыжоркаю Галінаю Казіміроўскаю.

Рынкавая плошча ў старым горадзе ў Варшаве, Польшча. 24 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Вялікая кастрычніцкая ноч 29 кастрычніка цягнецца амаль 15 гадзінаў (ад захаду сонца да світанку). У цемры досыць часу, каб пабавіцца зоркамі, пазасланяць іх хмарамі і – паляскаць затворамі. Ноч тая, на жаль, пакуль не канчаецца… Вось пра што думаем, калі перасякаем брукаванкаю Рынкавую плошчу ў старым горадзе ў Варшаве і заходзім у старую камяніцу на рагу плошчы, каб трапіць на адну з рэпетыцыяў Вольнага хору.

«Чытаючы біяграфію Цішкі Гартнага, ты бачыш гісторыю палітзняволенай Паліны Шарэнды», – казала ў размове з намі за некалькі гадзінаў да рэпетыцыі мастацкая кіраўніца і дырыжорка Вольнага хору Галіна Казіміроўская.

Да размовы яшчэ вернемся. А пакуль адкрываем цяжкія дзверы і трапляем у святая святых. Бліскучы чорны раяль. Прыглушанае святло. Адлюстраванні твараў у вялікіх чорных вокнах. І рукі дырыжоркі, якія, здаецца, кіруюць не толькі цэласным гучаннем спеву, што захлынае нас цалкам, але і стрэлкамі на гадзінніку – час ці то спыніўся, ці то пайшоў назад…

«Не загаснуць зоркі ў небе, покі неба будзе…» – гучыць купалаўскае ў камернай зале Старамейскага дому культуры ў Варшаве. Гэта адна з апошніх рэпетыцыяў перад вялікім канцэртам у Ноч расстраляных паэтаў 29 кастрычніка, які Вольны хор дасць у касцёле Святога Аляксандра ў Варшаве.

«Мне толькі панюхаць далі гэтай жудасці»

«Цуды з лічбамі і супадзеннямі здараюцца ў маім жыцці ўвесь час. Проста нейкая касмічная сувязь. І для мяне 29 кастрычніка ўжо, відаць, назаўсёды застанецца і асабістым чорным днём. А паралель з 1937 годам – гэткім рэхам, бо мне толькі панюхаць далі гэтай жудасці і гэтага кашмару. Але і гэтага хапіла», – гаворыць дырыжорка Вольнага хору Галіна Казіміроўская.

Рэпетыцыя Вольнага хору. Варшава, Польшча. 24 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

29 кастрычніка 2020 года спадарыня Галіна разам з хорам мелася трапіць у Курапаты, каб спяваць на імпрэзе, прысвечанай Ночы расстраляных паэтаў. Замест гэтага трапіла спачатку ў смярдзючы малпоўнік Савецкага РУУС Менску, а потым – у камеру на Акрэсціна. Дзе яшчэ ледзь-ледзь – і пачнуць расстрэльваць. Такое вось супадзенне. Страшнае, прызнаецца Галіна.

«Я тады не разумела да канца, чым мы, музыкі, можам зацікавіць сур’ёзных дзядзькаў пры пагонах. Толькі калі туды трапіла, зразумела… Гэтыя турэмныя сутарэнні і тыя людзі ў чорным – усё было падобна да таго, што перажывалі мае суайчыннікі амаль 100 гадоў таму.

Нічога асабліва не змянілася. Гэта вельмі страшна», – кажа Галіна.

Дырыжорка апавядае, як разрыдалася, калі пасля трох допытаў у РУУС трапіла нарэшце сярод ночы ў камеру на Акрэсціна (у аддзяленні плакаць было сорамна). Як, ужо ўдзень, вадзілі маршы па камеры, ціхенька – амаль шэптам – спяваючы «Пагоню» і «Магутны Божа». Як ладзіла за кратамі праслухоўванні і пакідала дзяўчыне з цудоўным голасам, якую пераводзілі ў Жодзіна, свой нумар тэлефона – расплаўленым шакаладам на газеце. Каб, вызваліўшыся, прыйшла ў Вольны хор…

«Нас баяцца»

Праз Акрэсціна ў тыя дні прайшла ці не большасць складу Вольнага хору. Казіміроўская выйшла на волю праз 4 дні, аштрафаваная ў дзвюх адміністратыўных справах. Менш як праз год, у канцы чэрвеня 2021-га, яе папярэдзілі пра завядзенні на яе некалькі крымінальных справаў…

Як толькі пераехала праз мяжу з Польшчаю, спадарыня Галіна страціла голас:

«А для мяне ж гэта як без рук. Голас – такі інструмент… Яго не настроіш, як гітару ці скрыпку. Гучанне голасу вельмі залежыць ад псіхалагічнага стану. А тут – велізарны стрэс і абсалютная невядомасць. Зусім бездапаможны стан».

Мастацкая кіраўніца і дырыжорка Вольнага хору Галіна Казіміроўская. Варшава, Польшча. 24 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Голас вярнуўся праз месяц. Вольны хор, які эвакуяваўся з Беларусі следам за сваёй кіраўніцаю, быў ужо ў Варшаве («Першыя дні проста не расставаліся: елі, спалі, спявалі, гулялі – усё разам»). Спрабавалі спачатку ладзіць спеўныя флэш-мобы і ў польскай сталіцы. Не спрацавала. Здарылася нават такое, што, калі заспявалі «Муры» ў адным з гандлёвых цэнтраў, ахоўнікі выклікалі паліцыю.

Але палякі вельмі дапамаглі калектыву зноў стаць на ногі і загучаць на ўсю моц. Залы для рэпетыцыяў прапанавалі адразу некалькі варшаўскіх дамоў культуры – абсалютна бясплатна. У тым ліку Старамейскі на Рынкавай плошчы, дзе Вольны хор рэпетуе і цяпер. Аднак паляванне на Вольны хор не спынілася:

«І цяпер, калі мы, быццам, у бяспецы, увесь час узломваюць сістэмы гэтай установы, каб знайсці базу звестак, каб даведацца, хто тут рэпетуе. Нас баяцца. І я вельмі ўдзячная кіраўніцтву дому культуры, што яно не патрабуе ад нас нейкіх спісаў і дакументаў. Іх проста няма ў базе. Палякі ўсё разумеюць».

Вольны хор – гэта людзі, якія нясуць у сабе боль і надзею

Дацягнуцца да Вольнага хору гэтыя «дзядзькі пры пагонах» МУС, КДБ, ГУБАЗіКу хочуць толькі з адною мэтаю. З тою сама, якую дасягнулі ў 1937 годзе: пазбавіць голасу беларускі народ. Але Вольны хор працягвае спяваць.

«І гэтыя песні – гэта сувязь з гісторыяй. Гэта сувязь з тымі рэпрэсаванымі аўтарамі, якіх тады знішчылі. Гэта працяг іхнае справы. Гэта робіць нас мацнейшымі. Надае нам стрыжань», – кажа дырыжорка і кампазітарка Галіна Казіміроўская.

За час у эміграцыі Вольны хор спяваў у розных прасторах: і ў зале Еўрапейскага парламенту, і ў Бундэстагу, у мэрыях, святынях і на плошчах гарадоў. І ўсюды меў поспех, нават сярод тых слухачоў, хто не ведаў ні слоўца па-беларуску. Моц калектыву не толькі ў гэтым.

Рэпетыцыя Вольнага хору. Варшава, Польшча. 24 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Слухайце, тут самае галоўнае – энергія і пасыл. Так, Вольны хор – гэта хор. Але гэта і палітычна-музычны рух. Энергія тэкстаў усё адно даходзіць да людзей. Ты можаш паставіць хоць мільён прафесійных музыкаў – і нічога не будзе. А тут – невыпадковыя людзі. Вольны хор – гэта людзі, якія нясуць у сабе боль і надзею», – сцвярджае кіраўніца хору.

Гэтай энергіяй і моцаю будзе прасякнутая і зала касцёлу Святога Аляксандра ў Варшаве (плошча Трох крыжоў) 29 кастрычніка, дзе ў Ноч расстраляных паэтаў Вольны хор дасць вялікі канцэрт. І ён будзе незвычайны.

Што пачуем на канцэрце Вольнага хору

«З 15 твораў, якія мы заспяваем, 10 прагучаць упершыню. То бок гэта амаль новая праграма. Тэма расстраляных паэтаў нас турбуе не толькі напярэдадні 29 кастрычніка. Увесь наш рух быў звязаны з гэтаю датай. Але акцэнт у праграме – на паняцці рэпрэсіяў увогуле», – расказвае спадарыня Галіна.

У тым ліку Вольны хор выканае два прэмʼерныя творы, музыку да якіх напісала сама Галіна Казіміроўская – на верш Міхася Чарота «Заціхла бура» і Алеся Дудара «Завяжу я думкі ў вузел». Будзе яшчэ некалькі цікавых неспадзяванак:

«Адна з іх – мы заспяваем «Пагоню» на музыку Міколы Равенскага. Усе беларусы прывыклі да «Пагоні» на музыку Куліковіча. Але гэта штосьці іншае. І, дарэчы, Равенскі паклаў «Пагоню» на музыку першы, у 1947 годзе. Гэта першая версія, наколькі ведаю. У музычным плане яна больш маршоўка, і таму спяваць яе масава будзе прасцей».

Рэпетыцыя Вольнага хору. Варшава, Польшча. 24 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Прызнаецца, што ў архівах адшукала аж пяць музычных версіяў багдановіцкай «Пагоні» – можна рабіць конкурс.

Яшчэ сюрпрызы. На канцэрце 29 кастрычніка ўпершыню ў харавым выкананні прагучаць «Зорачкі» Сяргея Новіка-Пеюна (музычнае апрацаванне Міколы Куліковіча), якія калісьці гучалі ў выкананні Данчыка («Колькі год я на выгнанні, у чужыне, трэба мучыцца душой і сэрцам мне»).

І яшчэ: слухачы ўпершыню пачуюць некаторыя творы Міколы Куліковіча, партытуры якіх пасля смерці рэпрэсаванага кампазітара ў ЗША (1969) ягоная жонка перадала ў лонданскі Музей імя Францыска Скарына. Галіна Казіміроўская пабывала ў музеі сёлета:

«Я вярнулася адтуль з неймавернаю  колькасцю музыкі і твораў. І творы, якія прагучаць у Ноч расстраляных паэтаў, якраз з гэтай скарбніцы – архіву Куліковіча».

«Магутны Божа» падчас канцэрту прагучыць недзе ў сярэдзіне праграмы. Хор выканае і добра знаёмыя ўсім творы. У тым ліку купалаўскі «Не загаснуць зоркі ў небе…», з якога пачыналася рэпетыцыя.

Галіна Казіміроўская гаворыць, што прастора касцёлу Святога Аляксандра знаёмая хору. Тамтэйшая акустыка дазваляе спяваць без мікрафонаў, якія разбураюць цэласнасць гучання. Але ёсць і мінус: прастора размывае словы. Таму тэксты песень будуць транслявацца (беларускаю лацінкаю, каб прачыталі і палякі) на вялікім экране недалёка ад хору.

Рэпетыцыя Вольнага хору. Варшава, Польшча. 24 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«І прыадкрыю завесу, але гэта на будучыню. Адзін кампазітар з Беларусі, імя якога не маю права называць, стварыў сапраўдную харавую оперу, кантату з 17 частак – выключна на вершы расстраляных паэтаў. Вельмі моцны твор, разлічаны на прафесійны хор і на сурʼёзную сцэну. І я буду рабіць усё, каб тут, у эміграцыі, знайсці магчымасць падняць яго. Адным Вольным хорам тут не абыдземся», – апавядае Галіна Казіміроўская.

«Мы – голас народу»

Спадарыня Галіна кажа, што Вольны хор застаецца аматарскім і незалежным калектывам. Ён не зрабіўся чыімсьці прыдворным хорам. У 2020 годзе Вольны хор паўстаў не столькі як мастацкі калектыў, а як інструмент выказвання пазіцыі. Для ўдзельнікаў гэта вельмі важна і сёння:

«Мы спяваем тое, што хацеў бы спяваць наш беларускі народ. Гэта голас народу, калі я маю права так казаць, вядома. Мы сябе так адчуваем. І таму для нас вельмі важна, каб нашыя канцэрты чулі і ў Беларусі. Сродкі, якія нам удаецца сабраць, ідуць на запіс кружэлак, зборнікаў песень ды іншыя праекты. І я вельмі ўсцешаная, што наш канцэрт у Ноч расстраляных паэтаў будзе транслявацца «Белсатам». Гэта адна з найважнейшых нашых місіяў – трымаць сувязь з Беларуссю».

Дырыжорка Вольнага хору не мае ілюзіяў наконт таго, што музыкай, якой бы светлай і чыстай яна ні была, можна разагнаць цемру, перакрыць скрыгатанне турэмных дзвярэй і лясканне затвораў. Але яна верыць, што музыка можа паўплываць на тых людзей, якія маюць для гэтага інструменты.

Аб’ектыў
Незабітая паэзія, незабытыя імёны
2022.10.30 00:25

Каб гэта страшная ноч нарэшце скончылася і ніколі не паўтаралася, «трэба закрыць гештальт», мяркуе суразмоўца. «Назваць усіх катаў пайменна і сказаць ім: ты вінаваты. Нават пасмяротна. І вярнуць да жыцця ахвяраў, іхную справу. Гэта адзінае, што мы можам зрабіць у якасці выбачэння. І менавіта таму мы гэта робім, менавіта таму спяваем».

«Мы як нацыя павінны апраўдаць кожную ахвяру. Голасам і голасна», – дадае Казіміроўская.

На канцэрце ў касцёле Вольны хор агучыць апраўдальныя выракі. Антыпрысуды, як кажа кіраўніца калектыву. Будзе гучаць: «Я не вінаваты». Не вінаваты, не зламаны, не забыты…

«Калі ўсё будзе добра, тады і будзем соплі размазваць»

Падчас рэпетыцыі ў Старамейскім доме культуры Галіна Казіміроўская мяняецца. Робіцца сканцэнтраваная, сурʼёзная, уладная. Як увасабленне той стыхіі, якая кіруе нечым вельмі глыбокім усярэдзіне кожнага з нас.

Мастацкая кіраўніца і дырыжорка Вольнага хору Галіна Казіміроўская. Варшава, Польшча. 24 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Беларусь ты мая‚ Беларусь‚ няугасная зорка Венера‚ я агнём тваім вечным гару‚ у тваё уваскрошанне веру», – гучаць радкі Міхася Кавыля.

15 харыстаў. Упершыню бачым іх без масак (але фатаграфаваць твары строга забаронена). 15 чалавек, з’яднаныя адным болем і адною сілай. Адным агнём. Радкі з вершу Кавыля праспяваныя так, што хочацца зняць акуляры… Але Казіміроўская амаль незаўважным рухам рукі спыняе спеў на радку «Я агнём тваім вечным гару».

«Слухайце, ну што гэта? Калі ўсё будзе добра, тады і будзем соплі размазваць! А пакуль нельга. Тут трэба вось так…» – тлумачыць хору.

Ноч 29 кастрычніка будзе цягнуцца каля 15 гадзінаў. Чорная і даўгая. «Калі ўсё будзе добра, тады і будзем соплі размазваць…» – паўтараю словы дырыжоркі, выслізгваючы праз цяжкія дзверы ў калідор. Паспяваем азірнуцца на гадзіннік: час пайшоў…

Вялікі канцэрт Вольнага хору адбудзецца 29 кастрычніка ў касцёле Святога Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў (plac Trzech Krzyży) у Варшаве. Пачатак – а 20:00.

ВІДЭА
Вольны хор даў у Варшаве канцэрт памяці расстраляных паэтаў. «Белсат» вёў трансляцыю
2023.10.29 13:00

Зміцер Міраш belsat.eu