Беларуская Рада культуры заклікае падтрымаць падлеткавы клуб «Spadčyna» ва Уроцлаве


З мэтай падтрымкі падлеткавага клубу развіцця і культуры «Spadčyna» ва Уроцлаве Беларуская Рада культуры на 9 месяцаў запускае магістрат «Spadčyna-Уроцлаў».

Падлеткавы клуб развіцця і культуры «Spadčyna» ва Уроцлаве.
Фота: zrzutka.pl

«Дзеці сапраўды пераходзяць на беларускую мову зносінаў»

Клуб «Spadčyna» быў створаны тры месяцы таму, каб дзеці беларускіх эмігрантаў выхоўваліся на беларускай мове і ў беларускім кантэксце. За гэты час ён сабраў 55 удзельнікаў ва ўзросце 8–16 гадоў, чацвярых куратараў і ўвёў у працу 7 відаў дзейнасці.

Паводле арганізатараў, дзякуючы супольным заняткам у клубе «Spadčyna», дзеці сапраўды пераходзяць на беларускую мову зносінаў. Рада культуры ўслед за паспяховым гуртаваннем больш як 300 чалавек вакол справы аднаўлення выдавецтва Андрэя Янушкевіча «Кнігаўка», запускае новы магістрат з мэтай падтрымкі ўроцлаўскага беларускага клубу.

«Беларуская мова, гісторыя і традыцыі стаяць у «Spadčyna» на першым месцы, – кажа заснавальніца клубу Настасся Сасыкбаева. – Мы абавязаныя даць іх нашым дзецям, якія аказаліся ў вымушанай эміграцыі. Дзецям таксама баліць за Беларусь, не варта думаць, што яны нічога не разумеюць. Большасць з удзельнікаў нашага клубу разважае, што атрымае адукацыю і досвед за мяжой і вернецца ў Беларусь будаваць незалежную дэмакратычную краіну. А для гэтага трэба ведаць свае мову і гісторыю – ва Уроцлаве яны могуць атрымаць гэта толькі ў адным месцы».

Матэрыялы для заняткаў у клубе рыхтуюцца выключна на беларускай мове, куратары размаўляюць з дзецьмі таксама толькі па-беларуску. У клубе дзеці разам робяць хатнія заданні, наведваюць тэатральныя заняткі і майстар-класы побытавых танцаў, ходзяць на экскурсіі, вывучаюць гісторыю Беларусі, чытаюць беларускія літаратурныя творы, глядзяць фільмы і мультфільмы на беларускай мове, спрабуюць розныя віды гульняў, размоўныя і дыскусійныя клубы. На лета арганізатары плануюць імпрэзы на адкрытым паветры: пікнікі, турыстычныя злёты, спартакіяды, роварныя марафоны ды іншыя спартовыя забавы.

Клуб хоча павялічыць колькасць удзельнікаў да 70 і запрасіць яшчэ двух куратараў, але на гэта пакуль не стае рэсурсаў.

«Клуб «Spadčyna» зусім малады, але яго стваральнікі маюць досвед працы з дзецьмі, яны дакладна ведаюць, што трэба рабіць, і самае галоўнае – яны захопленыя сваёй справаю, – тлумачыць выбар ініцыятывы кіраўнік праекту «Беларускія магістраты» Цімафей Акудовіч. – Ужо цяпер дасягненні клубу ўражваюць: больш за 50 дзяцей, рознафарматныя імпрэзы, актыўная супраца з іншымі арганізацыямі. Падтрымка беларускай грамадскасці дасць гэтай ініцыятыве шанец вырасці ў вялікую дзейсную прастору для выхавання і творчага росту беларускіх дзяцей у Вроцлаве».

Як падтрымаць клуб?

Каб дапамагчы клубу «Spadčyna» дасягнуць жаданага маштабу, трэба сабраць не менш за 100 сябраў супольнасці, гатовых штомесяц ахвяроўваць невялікія сумы грошай. Працягласць – 9 месяцаў.

Сябра магістрату атрымае:

  • электронны сертыфікат удзельніка магістрату (пры ўмове ўдзелу цягам мінімум 8 месяцаў) з пазначэннем ахвяраванай сумы;
  • справаздачы пра дзейнасць клубу;
  • магчымасць браць удзел у штомесячных стрымах з заснавальнікамі клубу і абмяркоўваць навіны;
  • творчыя відэападарункі ад дзяцей, якія займаюцца ў клубе.

Заснавальнікі клубу, пасля таго як іхная ініцыятыва стане на ногі, гатовыя дзяліцца напрацоўкамі і досведам з калегамі з іншых гарадоў альбо самі адкрываць там аналагічныя прасторы.

Клуб «Spadčyna» – другі ў праекце «Беларускія магістраты» Беларускай Рады культуры.

Магістратам Рада культуры называе суполку ахвярадаўцаў, якія дамаўляюцца цягам канкрэтнага перыяду вызначанаю сумаю грошай падтрымліваць перспектыўны праект беларускай справы альбо дапамагаць развязанню пэўнай праблемы. Магістратамі, паводле кіраўніка ініцыятывы Цімафея Акудовіча, мы можам супольна адказваць на выклікі часу:

«Калі дзяржава забірае ў нас магчымасць чытаць новыя кнігі, мусім самі ствараць сабе такія магчымасці. Гэта нашае змаганне на культурніцкім фронце. Праблемы не развяжуць еўрапейскія гранты ці іншыя буйныя інтарасанты – перадусім зрабіць гэта могуць супольна самі беларусы. Магістраты – гэта магчымасць далучыцца да барацьбы за беларускую культуру. Прычым самым простым – грашыма».

Клуб «Spadčyna» у сацсетках: Facebook, Instagram, Telegram, TikTok

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў