Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з Лукашэнкам на «працоўным чаяванні» ў Расейскім музеі ў Санкт-Пецярбурзе распавёў, што дамовіўся, каб 2023-і ў Беларусі абвесцілі годам расейскай мовы.
«Дамовіліся, што 2023 год будзем адзначаць як год расейскай мовы, таму сустрэцца на працоўны сняданак у Расейскім музеі мне падалося вельмі дарэчы», – сказаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.
Пуцін адзначыў з усмешкай, што Расейскі музей – гэта «добрыя абставіны, каб паразмаўляць у тым ліку і пра сур’ёзныя справы».
Аляксандр Лукашэнка, у сваю чаргу, дзякаваў Пуціну «за Маскву, касманаўтаў і Піцер». І музей:
«Дзякую за музей, Уладзімір Уладзіміравіч. Вы вельмі слушна заўважылі: год расейскай мовы, і гэта вельмі дарэчы, гэта падкрэслівае значнасць».
Папярэдзіў: калі хто думае, што яны «з Уладзімірам Уладзіміравічам» толькі гарбату пілі, то гэта няпраўда. Маўляў, здолелі за адзін учорашні вечар «шмат якія кропкі расставіць над і».
26 снежня ў Санкт-Пецярбурзе адбылася так званая нефармальная сустрэча лідараў краінаў СНД, у якой браў удзел Лукашэнка. Перамовы з Пуціным сам-насам адбыліся раніцаю 27 снежня ў Расейскім музеі.
Зміцер Міраш belsat.eu