ГУБАЗіК пракаментаваў затрыманне Уладзіслава Чаховіча


Пра затрыманне аўтара тэлеграм-каналу «Спадчына» і рэдактара «Вікіпедыі» Уладзіслава Чаховіча стала вядома 26 снежня. Паводле ГУБАЗіКу, мужчына пакінуў больш за тры тысячы «экстрэмісцкіх паведамленняў», піша «Вясна» са спасылкаю на канал, блізкі да сілавікоў.

Паводле інфармацыі, якую апублікаваў канал ГУБАЗіКу, Уладзіслава Чаховіча затрымалі праз удзел у акцыях пратэсту і рэпосты з «экстрэмісцкіх рэсурсаў», за бел-чырвона-белую-сімволіку, заклікі парушаць закон. Ён нібыта пакінуў больш за 3000 экстрэмісцкіх паведамленняў у публічных чатах.

Як заўважаюць праваабаронцы, затрыманне Чаховіча нагадвае кейс палітычнага вязня Мікіты Слепянка – адміністратара культурніцка-гістарычнага тэлеграм-каналу «Rezystans», які пазней, калі Слепянок быў ужо за кратамі, прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Тэлеграм-канал «Спадчына», які вёў Уладзіслаў Чаховіч, расказвае пра гістарычную і архітэктурную спадчыну Беларусі. На яго падпісаныя больш за 2800 карыстальнікаў. У Twitter мае больш за 1300 падпісчыкаў.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 27 снежня ў Беларусі палітычнымі вязнямі прызнаныя 1438 чалавек.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў