«Мусім разумець, што Беларусь – еўрапейская праблема». Новы канцлер Аўстрыі даў інтэрв’ю Белсату


Александэр Шаленбэрг рыхтаваў канферэнцыю аб беларускім пытанні ў Вене, калі яшчэ быў міністрам замежных справаў. Ад 11 кастрычніка ён Федэральны канцлер Аўстрыі. Журналістка «Белсату» Аліна Коўшык адразу пасля канферэнцыі пагутарыла з канцлерам.

Само тое, што канферэнцыя адбылася, Александэр Шаленбэрг ужо называе поспехам: праблема была ў абмежаваннях у сувязі з пандэміяй каронавірусу, праз якія частка спікераў не здолела прыехаць у Вену. Але канферэнцыю не скасавалі, правялі онлайн.

Абноўлена
«Лукашэнка разумее толькі мову сілы». У Вене прайшла канферэнцыя аб Беларусі
2021.11.22 13:08

Святлана Ціханоўская пытала, што для Беларусі могуць зрабіць у бліжэйшы тыдзень і ў бліжэйшы месяц. Шаленбэрг тлумачыць:

«Мы мусім разумець, што Беларусь – гэта еўрапейская праблема. І што няма адказаў у адным вымярэнні.

З аднаго боку, мы мусім праводзіць чырвоную лінію для Лукашэнкі, якую ён не можа перакрочыць, як ён зрабіў, напрыклад, з міграцыйным пытаннем і цынічным выкарыстаннем мігрантаў для шантажавання Еўравязу. Тут мы мусім уводзіць санкцыі супраць Беларусі, як мы рабілі раней. Гэта будзе пяты пакет санкцыяў.

Але санкцыі не могуць быць адзінай мовай стасункаў. Аўстрыя ад пачатку, з 2020 года, вядзе актыўны дыялог з грамадзянскай супольнасцю. Мы ўзмацняем грамадзянскую супольнасць. Мы арганізоўвалі тут круглыя сталы, практыкумы разам з Венецыянскай камісіяй Рады Еўропы. Мы вельмі ўцягнутыя ў гэты працэс і падтрымліваем намаганні Еўрапейскай камісіі па вылучэнні фінансавай падтрымкі грамадзянскай супольнасці.

І мы таксама пакідаем адкрытымі каналы для дыялогу, бо ў выніку мы хочам дабіцца змены паводзінаў наменклатуры ў Менску. І гэтага можна дабіцца не толькі санкцыямі, але і перакананнем, і тлумачэннем».

Hавiны
Кандыдатка на пасаду кіраўніка МЗС Нямеччыны: «Мы перажываем падвойны шантаж з боку Лукашэнкі»
2021.11.27 10:23

На думку Шаленбэрга, Аўстрыя – найлепшае месца для дыскусіі і дыялогу, была ў авангардзе краінаў, якія хацелі ўзаемадзейнічаць з Беларуссю ў 2015-16 гадах, з’яўляецца адным з найбольшых інвестараў у Беларусь. Галоўнай мэтай канферэнцыі ў Вене было не пакінуць беларускі народ самотным у яго барацьбе і вярнуць беларускае пытанне на міжнародны парадак дня.

На венскую канферэнцыю не прыехалі ні афіцыйныя беларускія прадстаўнікі, ні афіцыйныя расейскія, хоць хадзілі чуткі, што можа прыехаць нават міністр замежных справаў Расеі. Шаленбэрг кажа, запрашэнні ў афіцыйныя Маскву і Менск накіроўвалі – але ўсе яны вырашылі ўстрымацца ад удзелу.

ВІДЭА
Франак Вячорка: Макей парушыў абяцанне трымаць у сакрэце запрашэнне ў Вену
2021.11.26 18:26

«Але я лічу, што заўсёды трэба весці дыялог, размаўляць адно з адным, – тлумачыць Шаленбэрг. – У выніку што мы хочам бачыць у Беларусі, гэта сэнсоўны агульнанацыянальны дыялог.

Нічога не атрымаецца, калі людзі не будуць размаўляць адно з адным. Трэба, каб яны разумелі, што іх лёс знаходзіцца ў іхных руках, што яны зноў пачуюцца як удома ў сваёй краіне. І каб дасягнуць гэтага, мы мусім уцягвацца ў працэс. Мы стараемся.

Я сёння сказаў Святлане Ціханоўскай, што яна можа разлічваць на Аўстрыю, што мы застанемся ўцягнутымі ў пытанні Беларусі, як і Еўрапейскі звяз. Гэта сігнал сённяшняй канферэнцыі, і я думаю, гэта вельмі пазітыўны і натхняльны сігнал».

Канцлер Аўстрыі Александэр Шаленберг і журналістка «Белсату» Аліна Коўшык.
Фота: Белсат

Шаленбэрг не называе Лукашэнку прэзідэнтам, называе толькі імя. Ён тлумачыць, што ўпэўнены: Лукашэнка страціў легітымнасць, таму ягоны абавязак – пачаць размаўляць з людзьмі.

Канцлер Аўстрыі заклікае беларусаў не здавацца:

«Мы падтрымліваем вас. Вы вядзеце барацьбу, за якой назірае мноства людзей па ўсім свеце. І многія людзі ў свеце вядуць такую ж барацьбу. Гэта барацьба за тое, каб самім вызначаць свой лёс і будучыню. Вы маеце права змагацца за гэта. За вамі – нашыя каштоўнасці, еўрапейскія каштоўнасці».

Што далей? Глядзіце каментары Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі пасля венскай канферэнцыі:

belsat.eu

Стужка навінаў