«Жэнеўскі пашпарт»: як яго атрымаць, што ён дае, ці замяняе пашпарт грамадзяніна


Пасля ўступлення ў сілу «консульскага ўказу» №278 сярод парадаў беларусам па легалізацыі за мяжой можна пачуць – атрымлівайце «жэнеўскі пашпарт». Што гэта за дакумент? Каму ён выдаецца? У якіх краінах? Чым ён можа быць карысным беларусам, у якіх скончыўся нацыянальны пашпарт? Задалі гэтыя пытанні юрысту, сябру Чэшскай палаты адвакатаў Алесю Міхалевічу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Праязны дакумент уцекача ў Нямеччыне.
Фота: Fabrizio Bensch / Reuters / Forum

Чаму «жэнеўскі пашпарт» – гэта не пашпарт

«Жэнеўскі пашпарт» – не юрыдычны тэрмін. Гэта неафіцыйная назва падарожнага дакументу ўцекача, які выдаецца адпаведна з Канвенцыяй ААН аб уцекачах 1951 года. Прататыпам для «жэнеўскага пашпарту» стаў «нансэнаўскі пашпарт», які выдаваўся Лігай нацый уцекачам без грамадзянства з 1922 па 1938 гады. У 1942 годзе гэты пашпарт прызналі ўрады 52 дзяржаваў, і такім чынам ён стаў першым праязным дакументам для ўцекачоў.

28 ліпеня 1951 года на канферэнцыі ў Жэневе, скліканай Генеральнай Асамблеяй ААН, была прынятая Канвенцыя аб статусе ўцекачоў. У сілу яна ўступіла ў красавіку 1954 года.

Канвенцыя дала вызначэнне панятку «уцякач», акрэсліла падставы, на якіх прадстаўляецца статус уцекача, увяла дакумент, з якім уцякач можа пераязджаць з краіну ў краіну – той самы «жэнеўскі пашпарт». Гэты падарожны дакумент прызнаюць краіны, якія ратыфікавалі Канвенцыю (такіх у свеце 145) ці Пратакол, датычны статусу ўцекачоў, падпісаны ў 1967 годзе (яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 146 краін).

Падарожны дакумент уцекача – нашмат меней значны дакумент, чым пашпарт грамадзяніна, зазначае адвакат Алесь Міхалевіч.

«Некарэктна называць гэты дакумент пашпартам, бо пашпарт – гэта дакумент, прывязаны да грамадзянства. Падарожны дакумент уцекача не сведчыць пра наяўнасць грамадзянства, а толькі пра тое, што чалавек мае статус уцекача», – кажа эксперт.

Разбор
Чакаць пераменаў ці падавацца на ўцякацтва? Што рабіць, калі сканчаецца пашпарт, распавядае юрыстка
2023.09.21 08:00

Каму і на які тэрмін выдаецца

Згодна з Канвенцыяй 1951 года, чалавек, які атрымаў статус уцекача ў адной з краінаў, якія ратыфікавалі Канвенцыю, мае права на атрыманне падарожнага дакументу. Аднак ён не выдаецца аўтаматычна пасля надання статусу ўцекача, па яго трэба асобна звяртацца ў міграцыйныя органы краіны, якая дала статус уцекача, зазначае спадар Алесь. Тэрмін чакання на «жэнеўскі пашпарт» можа быць розны – ад некалькі тыдняў да некалькіх месяцаў. І не ва ўсіх краінах, якія ратыфікавалі Канвенцыю, яго можна лёгка атрымаць.

«У некаторых краінах, напрыклад, у Мексіцы, дагэтуль такога дакументу няма, хоць Мексіка ратыфікавала Канвенцыю 1951 года. Доўгі час там выдавалі проста картку з відам на жыхарства з пазначэннем таго, што чалавек мае статус уцекача. Цяпер можна паспрабаваць атрымаць падарожны дакумент, аднак, магчыма, давядзецца звяртацца ў суд, і ўвогуле, прыкласці намаганні», – кажа Алесь Міхалевіч.

Падарожны дакумент уцекача выдаецца на пэўны тэрмін, які можа адрознівацца ў залежнасці ад краіны.

«У Польшчы гэты дакумент выдаецца на 2 гады, а ў Чэхіі, напрыклад, на 10 гадоў. Тэрмін залежыць выключна ад нацыянальнага заканадаўства», – зазначае адвакат.

Адначасова статус уцекача – бестэрміновы, таму пасля сканчэння тэрміну дзеяння падарожнага дакументу трэба проста падаць заяву на новы.

«Статус уцекача выдаецца бестэрмінова, але ён можа быць па асобным рашэнні нейкай краіны спынены, напрыклад, калі высвятляецца, што былі пададзеныя непраўдзівыя звесткі, альбо краіна лічыць, што ў краіне, з якой вы ўцяклі, вам больш нічога не пагражае. У практыцы гэта здараецца скрайне рэдка. Таму можна казаць, што пераважна статус уцекача выдаецца бестэрмінова, – тлумачыць эксперт. – Але ў падарожнага дакументу ёсць тэрмін дзеяння. Гэта можна параўнаць з тым, што мы, напрыклад, грамадзяне Беларусі назаўсёды, за выключэннем выпадкаў, калі атрымліваем іншае грамадзянства. Але пашпарт у нас таксама мае тэрмін дзеяння. І калі ён сканчаецца, гэта не значыць, што мы перастаем быць грамадзянамі Беларусі. Гэта значыць, што нам трэба рабіць новы пашпарт. Тое самае з падарожным дакументам – па сканчэнні тэрміну трэба падаваць заяву на новы».

Інтэрв’ю
Ці выдасць Украіна беларусам «пашпарты неграмадзянаў»?
2023.09.23 10:00

Куды можна ездзіць з «жэнеўскім пашпартам»

Падарожны дакумент уцекача патрэбны найперш для пераезду ў іншыя краіны. У краіне сталага пражывання ўцекача ён амаль нічога не дае і не замяняе патрэбы легалізацыі і атрымання ўнутраных дакументаў краіны. У Польшчы, напрыклад, асноўным дакументам уцекача будзе польская карта побыту, зазначае спадар Алесь.

«У Радзе Еўропы ёсць дамова па падарожным дакуменце ўцекача. Калі ён выдадзены ў адной з краінаў Еўразвязу, па ім можна без візы ездзіць па краінах Шэнгенскай дамовы, – распавядае Алесь Міхалевіч. – З такім падарожным дакументам пускае Косава, бо вельмі шмат касавараў самі атрымлівалі статус уцекача за мяжой і сярод іх шмат тых, хто не мае іншых дакументаў, акрамя статуса ўцекача».

Аднак людзі часта памылкова лічаць падарожны дакумент уцекача раўназначным пашпарту грамадзяніна, што насамрэч зусім не так, падкрэслівае эксперт:

«Не, ён не замяняе пашпарт грамадзяніна, і, напрыклад, у Турцыю, куды па беларускім пашпарце можна ўязджаць без візы, па падарожным дакуменце ўцекача нават краінаў Еўразвязу, патрэбная будзе віза. Калі вы атрымалі жэнеўскі пашпарт, напрыклад, ва Украіне, то нават для ўезду ў шэнгенскую зону вам спатрэбяцца візы».

У падарожным дакуменце ўцекача ёсць старонкі для візаў, аднак пераважна краіны неахвотна іх туды ставяць ці ўвогуле адмаўляюцца, зазначае адвакат:

«Я нядаўна чуў, што адзін беларус не змог паехаць у В’етнам, бо там адмовіліся ставіць візу ў жэнеўскі пашпарт. Таксама вядома, што калі вы атрымалі падарожны дакумент уцекача ў Польшчы, амбасады ЗША ці Вялікай Брытаніі будуць глядзець на вас з вялікім падазрэннем, ці не хочаце вы і ў іх цяпер атрымаць статус уцекача».

Гісторыі
«Гэта шызафрэнія!» Як указ Лукашэнкі аб пашпартах адаб’ецца на беларусах, якія зʼехалі з краіны да 2020 года
2023.09.13 09:00

Ці ўсе рэпрэсаваныя беларусы могуць атрымаць падарожны дакумент уцекача

Акрамя статусу ўцекача, Канвенцыяй 1951 года прадугледжаны статус дадатковай абароны, які не прадугледжвае выдачы падарожнага дакументу ўцекача. Пасля 2020 года большасці беларусаў, якія падаваліся на міжнародную абарону ў Польшчы, давалі статус дадатковай абароны, таму яны не маюць права на падарожны дакумент уцекача ў адпаведнасці з Канвенцыяй 1951 года.

«У той жа час пасля падзеяў 2020 года жэнеўскі пашпарт атрымліваюць шмат беларусаў, хоць і раней таксама атрымлівалі, бо палітычны пераслед – гэта не штосьці, што з’явілася ў Беларусі ў 2020 годзе, гэта было за шмат гадоў да таго», – кажа спадар Алесь.

«Жэнеўскі пашпарт» ці падарожны дакумент уцекача – не адзіны дакумент, які дае права падарожжаў па розных краінах.

«Такіх дакументаў у свеце шмат. Гэта можа быць нацыянальны падарожны дакумент, дакументы міжнародных арганізацыяў. Напрыклад, для супрацоўнікаў ААН і інстытуцыяў, звязаных з ААН, ёсць спецыяльны трэвэл-дакумент «laissez-passer». Таксама ёсць свой дакумент для службовых падарожжаў па лініі Інтэрполу. Ёсць дыпламатычныя пашпарты, службовыя», – распавядае адвакат.

Калаж мае ілюстрацыйны характар. Прыклады дакументаў з Аўстраліі, Ірландыі і Канады. Крыніцы: consilium.europa.eu / Department of Citizenship and Immigration Canada / wikimedia.org

Ёсць адна краіна, у якую па «жэнеўскім пашпарце» нельга ехаць ні ў якім выпадку – тая, дзе вас пераследавалі, адкуль вы ўцяклі, кажа эксперт:

«Калі вы скарысталіся абаронай краіны, якая вас пераследуе, то бок, уехалі ў яе з  падарожным дакументам уцекача, ёсць верагоднасць, што вас пазбавяць статусу ўцекача».

6 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў афіцыйна апублікаваны Указ Лукашэнкі № 278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў». 7 верасня дакумент уступіў у сілу. Ён змяняе парадак ажыццяўлення адміністрацыйных працэдураў, а таксама натарыяльныя дзеянні, што маюць права ўчыняць дыпламатычныя агенты і консульскія службовыя асобы. Указ забараняе амбасадам і консульствам выдаваць пашпарты беларусам. Паводле праваабаронцаў, цяпер нашмат больш беларусаў будуць спрабаваць атрымаць за мяжой статус уцекача ці дадатковую абарону.

Каментар
Што рабіць беларусам у Грузіі, калі пашпарты страчваюць тэрмін дзеяння? Распавядае праваабаронца
2023.09.14 08:11

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў